Сказочный мир музыки открывает придвинским ребятам Р. В. Бурнейко

Человек и его дело

Яшчэ ў старажытнасці людзі верылі ў дзіўную сілу мелодыі, нібыта яе гукі аказваюць уздзеянне практычна на ўсе разумовыя і фізічныя працэсы. У залежнасці ад жанру і характару яна ўзвышае, натхняе, прымушае хвалявацца або супакойвае. Вось і зараз чуецца ў зале музыка, хор дзіцячых галасоў. Зазіраю ў пакой, а там за фартэпіяна сядзіць прывабная жанчына ў акружэнні маленькіх гарэз. Гэта Рыма Уладзіміраўна Бурнэйка – кіраўнік музычнага выхавання ў дзіцячым садзе №6 г. п. Бешанковічы. Мы дамовіліся сустрэцца, бо хацелася паслухаць яе мудрыя разважанні пра жыццё і працу.


– Гэтую прафесію выбрала, таму што музыка была захапленнем дзяцінства, – паведамляе Рыма Уладзіміраўна. – Я родам з вялікай вёскі Межава Аршанскага раёна. Хадзіла ў музычную школу, вучылася іграць на баяне. Потым паступіла ў Полацкі педагагічны каледж імя Ф. Скарыны. Пасля размеркавання трапіла на Бешанковіччыну. Вось ужо 33 гады працую з маленькімі прыдзвінцамі. Бывае, гляджу на іх, згадваю свае школьныя часы. Давялося ўдзельнічаць у вакальна-інструментальным ансамблі. Шмат выступала ў школе і Доме культуры. Мне падабаліся тыя музычныя вечары. Іх святочны настрой надоўга заставаўся ў сэрцы.


Музыка прыносіць у жыццё шчасце, робіць нас лепшымі. На занятках я вучу дзяцей адчуваць мелодыю. Прыдумваю што-небудзь цікавае, каб ім падабалася. Раніца ў нас заўсёды пачынаецца з музычнай зарадкі, а потым ужо ідуць заняткі. Займаемся музыкай і на працягу дня. Дзеці ведаюць, раз мы з чым-небудзь працуем, то потым усё гэта будзем паказваць на свяце. Яго заўсёды чакаюць нецярпліва. Бывае, калі нешта не атрымліваецца, пачынаюць дурэць. Вучу іх быць працалюбівымі, любую справу даводзіць да канца.


Час ляціць неверагодна хутка. Здаецца, вось толькі што на заняткі прыходзілі маленькія хлопчыкі і дзяўчаткі, а яны ўжо – выпускнікі. І так кожны год бывае: нехта заканчвае вучобу, нехта пачынае.


– Мяне радуе, што многія былыя вучні пайшлі займацца ў школу мастацтваў, – кажа жанчына. – Прыходзім з дзецьмі на які-небудзь канцэрт, аб’яўляюць нумар, а я са здзіўленнем пазнаю сваіх выхаванцаў. Вельмі прыемна, што яны не рассталіся з музыкай, а настаўнікі характарызуюць іх як працавітых і сумленных вучняў.


Рыма Уладзіміраўна любіць сваю працу. Яна і малых вучыць, і сцэнарыі мерапрыемстваў піша. А яшчэ выхавала траіх уласных дзяцей: сыноў Івана і Паўла, дачку Ганну. Любоў да музыкі перанялі не толькі вучні, але і родныя дзеці. Старэйшы сын Іван сам навучыўся іграць на гітары, а Ганна працуе ў дзіцячай школе мастацтваў. Калісьці маці прывяла яе туды вучыцца, а дзяўчына звязала з музыкай жыццё.


– Гэтая праца – па мне, – заўважае ў канцы размовы Рыма Уладзіміраўна. – Яна займае шмат сіл і часу. Але дае і асалоду. Музыка – казачны свет радасных перажыванняў. Дзецям карысна займацца, спяваць самім і проста нешта слухаць. Музыка дапамагае жыць у гармоніі з асяроддзем, выхоўвае, лечыць, узнімае настрой, павышае інтэлект, паляпшае памяць, а некаму – дае надзею. Паглядзелі вы дзіцячы спектакль, пачыталі з сынам ці дачкою вершы, розныя цікавыя гісторыі пад ціхае меладычнае суправаджэнне – і яны надоўга застануцца ў памяці. Музыка – вялікая каштоўнасць. Яе магчымасці невычэрпныя. Таму і важна, каб чалавек з дзяцінства пачынаў з ёю сябраваць. Музычнае выхаванне дапамагае спасцігнуць мову пачуццяў. Без яго немагчыма паўнавартаснае развіццё дзіцяці. Галоўнае, што музыка выхоўвае не музыканта, а перш за ўсё Чалавека.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *