Придвинские молодые хлеборобы демонстрируют мастерство

Заботы сельские

Якая праца самая цяжкая, самая важная? Уся, але асабліва ў земляробаў. Яны аруць і сеюць, яны ўбіраюць хлеб. Спраўляюцца з гэтым добра, нягледзячы на малады ўзрост, а галоўнае – з душой, шчыра і старанна.


Побач з прафесіяналамі шчыруе на залатой ніве і маладое пакаленне раёна. Сярод маладзёжных экіпажаў, задзейнічаных на ўборцы збожжавых, у ліку лепшых – хлебаробы УП «Свіціна-ВМК» Аляксей Уладзіміравіч Гурко і Іван Пятровіч Шатава, Анатоль Аляксандравіч Мачыха і Віктар Сцяпанавіч Казак. Маладыя свіцінскія рупліўцы намалацілі адпаведна больш за 416 і 275 тон збожжа.


– З гэтай нялёгкай працай я ўжо даўно пазнаёміўся, – кажа Аляксей Уладзіміравіч. – Яшчэ са школьных часоў паважаў працу на жніве, быў памочнікам камбайнера. Таму і пазней вырашыў звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. Чацвёрты год працую галоўным інжынерам і вось ужо другі год – за штурвалам агракарабля.


– А я працую на жніве першы год, – далучаецца да размовы яго памочнік Іван Пятровіч. – Гэта справа цяжкая, але важная і цікавая. Захацелася паспрабаваць самому. Падумаў, што калі іншыя могуць, змагу і я.


Анатоль Аляксандравіч і Віктар Сцяпанавіч з гэтым пагадзіліся.


– Ставіць мэту і ісці да яе – вось што галоўнае, – пацвердзілі працаўнікі. – Перад намі – цяжкая задача. Да яе вырашэння трэба падысці рацыянальна, з вялікім жаданнем і па-баявому. Што мы і робім.


Экіпажы няспешна, упэўненыя ў сваіх сілах, без лішняй мітусні завіхаюцца кожны ля сваёй тэхнікі. Яны заўсёды гатовыя, і сакрэт у іх вельмі просты: сумленнае і адказнае стаўленне да сваёй справы. Галоўнае, каб нябесная канцылярыя пашкадавала хлебныя нівы і часцей цешыла іх сонцам. Калі наладзіцца надвор’е, ды тэхніка на полі не падвядзе, то працаваць – адно задавальненне.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *