Бешенковичиина спортивная

Спорт

Вялікае спартыўнае свята ў гонар Новага года адбылося ў ФСК «Дзвіна». У трэнажорнай зале было мнагалюдна. Адны прыйшлі паспаборнічаць, другіх жа прывяла цікавасць.


Вядома, у спаборніцтве да перамогі аднолькава імкнуцца ўсе. Аднак, перш чым прыступіць да барацьбы, мужчыны павялі сябе, як сапраўдныя джэнтльмены. Яны прапусцілі жанчын наперад, даўшы ім магчымасць першымі паказаць свае здольнасці ў такім сілавым відзе спорту, як рускі жым. Перад удзельнікамі стаяла нялёгкая задача: узняць фіксаваную вагу штангі максімальную колькасць разоў. Для жанчын усталявалі вагу 25 кг, мужчынам – 75 кг.


Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва справіліся годна і з асаблівай доляй элегантнасці. Першынство заваявала Ірына Машкоўская, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Дар’я Лаўрут і Ганна Пушнёва.


Сярод мужчын пераможцам стаў Анатоль Раманаў, другое месца – у Аляксандра Лапіна, трэцяе – у Аляксандра Ерашова.


Для хлопцаў аднаго спаборніцтва, каб памерацца сілай, было мала, таму наступным выпрабаваннем для іх стаў гіравы спорт. Узняць як мага большую колькасць разоў трэба было дзве гіры, вага кожнай – 24 кг. На гэты раз фартуна ўсміхнулася Аляксандру Ерашову, другое і трэцяе месцы падзялілі Андрэй Кузьмініч і Анатоль Раманаў.


Невялікі адпачынак, каб зарадзіцца пазітывам, і вось удзельнікі зноў на «полі бітвы». Цяпер яны выпрабоўвалі сябе ў армрэстлінгу. Прычым рукаборцы сышліся не на жарты. Змагаліся сур’ёзна і засяроджана, моцна счапіўшыся далонямі і абапіраючыся на локці рук. Аднак інтрыга тут захоўвалася нядоўга. Прызёрамі сталі Аляксандр Ерашоў, Аляксандр Лапін і Аляксей Ткачонак.


Заключнымі спаборніцтвамі спартыўнага свята сталі валейбол і міні-футбол (адбыўся ў ДЮСШ). У валейбалістаў у фінале сустрэліся зборная райцэнтра і зборная аграгарадка Бачэйкава. З лікам 3:2 перамаглі гульцы з Бешанковіч.


Футбалісты таксама выступілі годна. Акрамя мясцовых, паспаборнічаць прыехалі майстры скуранога мяча з Віцебска, Чашнік, Сянно. Прыемна, што з дзевяці каманд-удзельніц у ліку прызёраў – дзве нашы. «Золата» заваявала каманда «Бешанковіцкі РАНС», «серабро» – «Бешанковіцкі РГЗ», а «бронзу» ўзялі віцебскія спартсмены – каманда «Фларыда».


Ушаноўвалі пераможцаў і прызёраў урачыста. Акрамя дыпломаў ФСК «Дзвіна» яны атрымалі таксама і грашовыя прызы. Футбалісты ж былі адзначаны ўзнагародамі раённага аб’яднання прафсаюзаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *