Придвинская долгожительница принимала поздравления

Они живут рядом

Кожнаму чалавеку лёсам наканаваны свае выпрабаванні. Вытрымаць іх, сумленна і годна пражыць адведзеныя Богам гады дадзена, напэўна, не кожнаму. І сустрэча з людзьмі, якім гэта ўдалося ў поўнай меры, становіцца падзеяй, што пакідае след у нашай душы. Такім стала і знаёмства з жыхаркай аграгарадка Астроўна Зінаідай Якаўлеўнай Бебік, якая 25 снежня адзначыла сваё 90-годдзе.


Павіншаваць юбілярку з гэтай выдатнай датай і аддаць даніну павагі
прыехала цэлая дэлегацыя: начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама У. Р. Кухто, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва А. С. Мацэвіч, старшыня райсавета ветэранаў А. В. Крачкоўскі, старшыня Астровенскай ветэранскай арганізацыі Л. Ф. Плісаў.


Імянінніца сустрэла гасцей з усмешкай, узгадала, як гады два таму прыязджаў карэспандэнт раёнкі, каб паслухаць аповед пра крутыя павароты яе лёсу. Як і тады, жанчына хацела пачаставаць смачнай яечняй і кавай, але госці адмовіліся. Яны спяшаліся ўручыць Зінаідзе Якаўлеўне прывітальны адрас і навагодні падарунак ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і райсавета ветэранаў. Акрамя таго, прэзідыум райсавета ветэранаў таксама ўзнагародзіў жанчыну граматай. Яна шчыра падзякавала за віншаванні і ўвагу.


Ужо з парога, з першага погляду і першых слоў было бачна – гэта чалавек залатой душы. Так сур’ёзна размаўляць і так радавацца гасцям – дай Бог кожнаму! І, нягледзячы на ўзрост і здароўе, – іскры ў вачах, як быццам і няма 90 гадоў за плячыма. Яна стаяла расчуленая, у белым фартушку, простая вясковая бабуля. У жыцці Зінаідзе Якаўлеўне, былой вязніцы фашысцкага лагера, давялося спазнаць шмат чаго: і радасці, і бед, і голаду, і нягод вайны. Пасля вызвалення з няволі куды толькі не заводзіў яе лёс: Масква, Карэлія, Новарасійск, пасёлак Афінскі, Краснадар і, нарэшце, Астроўна – малая радзіма, куды жанчына вярнулася пасля смерці мужа. Купіла хату, уладкавалася ў сельскую бальніцу, дзе 24 гады адпрацавала поварам.


У такі момант не хочацца гаварыць пра сумнае, а яго шмат было ў жыцці Зінаіды Якаўлеўны. Такі юбілей – вельмі важная і значная падзея, слаўная дата, бо далёка не кожнаму наканавана сустрэць гэты шаноўны ўзрост. У справах і клопатах праляцелі працоўныя гады. Нялёгкі і жаночы лёс Зінаіды Якаўлеўны. Маці чатырох дзяцей. Насуперак усім нягодам яна добра трымаецца, захоўвае волю да жыцця і асаблівы пазітыўны настрой, уласцівы па-сапраўднаму моцным натурам. Гонарам імянінніцы з’яўляюцца таксама 7 унукаў і 7 праўнукаў. Дзеці, унукі, праўнукі – гэта яе жыццё, яе апора, яе шчасце. Таму, магчыма, і дажыла жанчына да такіх гадоў. С 90-м, юбілейным днём нараджэння Вас, Зінаіда Якаўлеўна! Няхай кожны дзень прыносіць радасць. Моцнага здароўя, добрага настрою і доўгіх-доўгіх Вам гадоў! Чакайце на 100-гадовы юбілей!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *