К уборке царицы полей первыми в Бешенковичском районе приступили труженики ГП ПолитотделецАгро

Заботы сельские

Зачакалася руплівых гаспадароў мясцовая царыца палёў – кукуруза. Даўно прыйшоў яе час, але капрызы надвор’я не дазвалялі ўзяцца за ўборку. Ды і зараз на полі месцамі яшчэ гразка. На сённяшні дзень у працэс уборкі ўключыліся ўсе гаспадаркі, але першымі сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна ўбіраць царыцу палёў пачалі працаўнікі ДП «ПалітаддзелецАгра». Таму менавіта на базе гэтай гаспадаркі прайшла выязная нарада, дзе кіраўнікі і спецыялісты раіліся, як лепш пачаць і праводзіць уборку, як закладваць траншэі. Па дадзеных на 25 верасня, працаўнікі ДП «ПалітаддзелецАгра» ўбралі 78 гектараў, ці 24,4 %, нарыхтавалі 1913 тон, сярэдняя ўраджайнасць культуры – 245,3 ц/га. Рупліўцы заклалі бурт (каля 800 тон), на момант нашай размовы праца ўжо кіпела на закладцы траншэі.


На кукурузным полі нас сустрэў аграном Арцём Міхайлавіч Сільчанка, праводзіў да механізатараў, патлумачыў, што і як. На «КВК-800» шчыруюць Віктар Сямёнавіч Ляховіч і Андрэй Міхайлавіч Аўчыннікаў. На адвозцы зялёнай масы задзейнічаны Дзяніс Аляксандравіч Бадзяка на «МТЗ-2822» і Руслан Яўгенавіч Чачанец на «МТЗ-1221», абодва – з «ПС-45», Яўген Віктаравіч Апатаў і Сяргей Пятровіч Марозаў – на «МТЗ-82». Трамбоўкай зялёнай масы займаецца Дзмітрый Уладзіміравіч Камоска на «Амкадоры-352». Падвозам саломы, якая ў асноўным неабходна для таго, каб закрыць траншэю, займаецца Сяргей Мікалаевіч Сувалаў і Дзмітрый Іванавіч Міклуш на «МТЗ-82». Ля траншэі шчыруе і палявая брыгада – Андрэй Аляксеевіч Петухоў разам з Людмілай Мікалаеўнай Краўчанка.


Глядзець, як добра і зладжана кіпіць праца – адна любата! Мерна едзе «КВК», на загрузку пад’ехаў адзін трактар, потым за ім заспяшаўся другі. Бывае, не абыходзіцца і без нечаканасцей. Невялікі, але ўжо загружаны прычэп, здавалася, надзейна заграз у зямлі, але вопытныя механітары выцягнулі яго літаральна праз некалькі хвілін. Што ж, працаўнікі сваю справу ведаюць і ў тым, што яна пойдзе паспяхова, можна не сумнявацца.


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *