Торжественные линейки по случаю Дня знаний прошли в учреждениях образования Бешенковиччины

Образование

З гэтых слоў пачалася ўрачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў і пачатку новага навучальнага года ў Вярхоўскай базавай школе. Яна была сапраўдным святам, на якое сабраліся вучні, настаўнікі, бацькі, госці.


Сёлета сюды за ведамі прыйшлі 32 вучні, чатыры з іх (Міраслава Асташонак, Савелій Сасін, Максім Арцюх, Іван Глушнёў) упершыню пераступілі парог установы адукацыі. У Дзень ведаў яны былі, напэўна, самымі прыгожымі і ўсхваляванымі. Яно вядома: першы раз у першы клас.


Па традыцыі слова далі дырэктару школы Марыі Казіміраўне Любачка, якая з 1 верасня ўзначаліла ўстанову адукацыі. Новы кіраўнік крышачку расказала пра сябе, павіншавала ўсіх з пачаткам новага навучальнага года, пажадала вучням расці здаровымі, разумнымі, прыгожымі і авалодваць ведамі, настаўнікам – творчых поспехаў, а бацькам – цярпення і сілы. Марыя Казіміраўна таксама ўручыла сумкі для канцылярскіх прылад тром вучням пачатковай школы і прывітальныя лісты з пажаданнямі ад РГА «Белая Русь» – першакласнікам.


Шлях чалавека ў вялікае жыццё пачынаецца са школьнай парты, дзе фарміруецца яго характар і светапогляд, адбываецца станаўленне асобы. Павіншаваць вучняў, настаўнікаў і бацькоў з Днём ведаў у школу завіталі шматлікія госці.


Ад імя раённай улады ўсіх віноўнікаў урачыстасці павіншавала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх А. А. Буйлова. Анжэла Анатольеўна выказала спадзяванне, што яны хутка стануць упэўненымі і смелымі, і пажадала, каб гэты навучальны год прынёс ім радасць ад новых ведаў. Вітала прысутных і старшыня Вярхоўскага сельвыканкама З. І. Сляская. Прамоўца падкрэсліла вялікую ролю бацькоў у выхаванні дзяцей. «Калі школа накіроўвае і вучыць, то бацькі фарміруюць асобу, а пачуццё патрыятызму з’яўляецца асноўным накірункам у выхаванні», – зазначыла яна. Зінаідзе Іванаўне выпаў гонар уручыць вучням 1-га класа кнігу «Беларусь – наша Радзіма» – падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.


Дырэктар філіяла «Свіціна-ВМК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» Л. П. Мамойка пажадала вучням, каб Дзень ведаў запомніўся надоўга, каб яны бераглі школьную дружбу і атрымалі добрую пуцёўку ў жыццё. Людміла Пятроўна асабіста павіншавала двух вучняў – Мікалая і Кацярыну Дарожкаў, якія летам добра папрацавалі ў гаспадарцы, а таксама ўручыла наборы канцылярскіх прылад першакласнікам.


Наказ прытрымлівацца правілаў пажарнай бяспекі даў дзецям першы намеснік начальніка РАНС І. В. Скрыпкін. Ігар Віктаравіч таксама ўручыў малодшым вучням тэматычныя маляванкі. Аб правілах паводзін на дарозе школьнікам нагадаў інспектар АГАІ РАУС А. М. Казак.


З падарункамі на ўрачыстую лінейку прыехала і выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара газеты «Зара», дэпутат раённага Савета дэпутатаў у адной асобе А. Р. Людына. Дыпломы і сувенірныя кубкі ад раёнкі атрымалі Марыя Шчука, Кацярына Арлоўская, Марыя Буйко і Кацярына Сасіна, якія ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў «Я і мая газета», прымеркаваным да 85-годдзя «Зары».


Слова было дадзена і першакласнікам, і выпускнікам школы. З замілаваннем слухалі іх выступленні прысутныя. Трэба было бачыць, як радаваліся і хваляваліся іх бацькі! Ад іх імя быць сумленнымі і стараннымі пажадала вучням у сваім наказе Я. А. Асташонак.


Афіцыйную частку лінейкі змяніла тэатралізаванае прадстаўленне. У госці да вучняў завітала Каралева навук з залатым ключыкам ад Краіны ведаў. Але тут з’явіўся Бармалей, які хацеў сапсаваць дзецям свята і адабраў залаты сімвал ведаў. На дапамогу школьнікам прыйшла доктар Пілюлькіна, якая сілай гіпнозу прымусіла кепскага казачнага героя вярнуць ключык і перагледзець свае паводзіны. Як заўжды, дабро перамагло! А гэта значыць, што самае каштоўнае багацце – веды. Яны не толькі дапамагаюць набыць матэрыяльныя каштоўнасці, але і дазваляюць развівацца духоўна, гарманічна суіснаваць з навакольным светам.


Права даць першы званок і адкрыць новы навучальны год было прадастаўлена першакласніцы Міраславе Асташонак і вучню 9-га класа Мікалаю Дарожку. Чароўныя гукі званочка паклікалі вучняў на першы ўрок у Дзень ведаў – «Беларусь – мая Айчына».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *