На 53 красавицы больше

Новости района

Колькі ўспамінаў захоўвае памяць пра сустрэчы з руплівымі, шчырымі гаспадарамі Бешанковіччыны! Пазнаёміцца з імі можна і ў маленькіх вёсачках, і ў буйных аграгарадках, і на святах раённага маштабу. Адны рупліўцы займаюцца земляробствам і вырошчваюць хлеб, іншыя – знайшлі сябе ў жывёлагадоўлі і забяспечваюць нас карыснай малочнай прадукцыяй.


Хай сабе пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў ДП «ПлісыАгра» сёння невялікае і складае ўсяго дзве тысячы галоў, з іх 370 прыходзіцца на дойны статак. Вядома ж, гаспадарка наўрад ці можа пахваліцца лідарствам па надоях малака на ўзроўні раёна, але і ў гэтым сельгаспрадпрыемстве па выніках сямі месяцаў бягучага года ўдалося прыбавіць у вытворчасці малака і атрымаць валавы надой 943,1 тоны супраць леташніх 906,1 тоны. Да таго ж у «ПлісахАгра» селёта 77% малочнай прадукцыі атрымалі вышэйшым гатункам, а 16%, ці 124,1 тоны, – гатункам «экстра», у той час, як летась малака самай высокай пробы не атрымлівалі наогул.


Цяжкасці для ўсіх сёння аднолькавыя. Але ёсць на вёсцы людзі, у якіх працавітасць у крыві, што дапамагае пераадольваць усе складанасці. У ліку такіх у ДП «ПлісыАгра» Наталля Мікалаеўна Аўчыннікава, аператар машыннага даення кароў фермы «Застарынне», якая сёлета абараняла гонар гаспадаркі на раённым конкурсе прафесійнага майстэрства.
Жанчына 19 гадоў адпрацавала ў аграпрамысловым комплексе, 11 з іх – даяркай, добра ведае ўвесь тэхналагічны працэс і вельмі стараецца. Душой перажывае за кожную карову і цяля, за надоі на ферме. Дарэчы, за сем месяцаў бягучага года Н. М. Аўчыннікава атрымала валавы надой 79,5 тоны малака, на карову – 1950 кілаграмаў (плюс 38 літраў да мінулагодняга ўзроўню).


– Я па сутнасці сваёй звычайная вясковая жанчына, працую на роднай зямлі і выхоўваю дзвюх дачушак, – адзначае Наталля Мікалаеўна. – Мая мама ўсё жыццё працавала даяркай на нашай ферме, а я, натуральна, прыйшоўшы пасля школы і зрабіўшы ўрокі, ёй дапамагала. Так што з абавязкамі даяркі я была добра знаёмая, таму і прыйшла на змену матулі, калі тая пайшла на заслужаны адпачынак. Зараз вось даглядаю гурт, дзе налічваецца 36 «пяструшак».


Нягледзячы на ранні пад’ём, каб своечасова паспець на ранішнюю дойку, даярка фермы «Застарынне» штодня напоўнена настроем і аптымізмам. Жнівень у разгары, малако ёсць, і над усімі цяжкасцямі і складанасцямі верх бярэ ўжо азарт…


– Стараюся рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб быў вынік, была прадукцыя, – працягвае Н. М. Аўчыннікава. – Я люблю сваю работу і працую з задавальненнем. Кожную рагулю трэба падмыць, здаіць першыя струмені ў конаўкі. Калі трэба, кармы да каровак падгарну, каб лягчэй ім было даставаць, каб усё да грама было з’едзена, сачу, каб былі напоеныя. Каровы – жывёлы разумныя. Яны адчуваюць мой настрой і рэагуюць на яго, таму стараюся кожнай «пяструшцы» сказаць ласкавае слова…


Зачароўваешся, калі пра жывёлін даярка гаворыць з такім замілаваннем. У кожным слове пачуццё, спагада, адказнасць за працу. А яна стала ўжо для гэтай шчырай жанчыны асновай і сэнсам жыцця.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *