Безопасность детей превыше всего

Новости района

15 верасня ўсе бібліятэкары Беларусі – а з імі і многія чытачы – адзначаюць прафесійнае свята. Дзень бібліятэк з’явіўся ў краіне па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2001 года, а дата свята – 15 верасня – абрана ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, галоўнага кнігасховішча краіны.


Безумоўна, кніга займае ў жыцці кожнага з нас адметнае месца. Яна прыходзіць з першай маляванкай ці букваром, пасля для адных становіцца жыццёвай патрэбай, для кагосьці адыходзіць на другі план. І тут трэба не даць чалавеку страціць гэтую іскарку духоўнасці і павагі да друкаванага слова. Усе намаганні прыкладае да стварэння творчай атмасферы ў сваім храме кнігі загадчыца аддзелам абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Надзея Іванаўна Куц.


Яна прысвяціла любімай справе 34 гады свайго жыцця. Чытанне для Надзеі Іванаўны заўжды было цікавым, карысным і прыярытэтным баўленнем часу, таму і выбар прафесіі быў зроблены на карысць бібліятэчнай справы. На жаль, паступіць на дзённае аддзяленне Мінскага інстытута культуры адразу не атрымалася, не хапіла ўсяго 0,5 бала. Але ж адмаўляцца ад сваёй мары 17-гадовая дзяўчыны не думала, пайшла працаваць і вучыцца ў вну завочна.


Першыя крокі ў прафесію Надзея Іванаўна зрабіла ў Верхнякрывінскай бібліятэцы, у хуткім часе мэтанакіраваную і адказную дзяўчыну заўважылі і прапанавалі перайсці ў раённую бібліятэку. Была бібліятэкарам пазастацыянарнага абслугоўвання, доўгі час працавала ў чытальнай зале і нарэшце ўзначаліла аддзел абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ.


Бібліятэкар – адна з самых старажытных прафесій: ёй больш за пяць тысяч гадоў! Першымі бібліятэкарамі былі пісцы і жрацы, якія складалі зборнікі гліняных таблічак. Але імклівая плынь жыцця праз стагоддзі сёння карэнным чынам мяняе ўяўленне аб гэтай прафесіі.


Сучасны бібліятэкар – гэта ўжо не толькі захавальнік кніг. Ён яшчэ і педагог, і артыст, і псіхолаг, і маркетолаг, і спецыяліст у галіне інфармацыйных тэхналогій. У шырокім сэнсе – захавальнік крыніц інфармацыі, а гераіню майго аповеду ўвогуле можна назваць берагіняй духоўнага багацця і кніжнай феяй. Напэўна, звыш ёй наканавана пачэсная місія – дарыць каштоўнае зерне ведаў і дабрыні землякам, духоўна ўзбагачаючы кожнага, – ад малога да вялікага. І каб рабіць гэта дастойна, патрэбна ўвесь час удасканальвацца.


– Работа бібліятэкара зусім не руцінная, а наадварот – цікавая, пазнавальная. Гэта прафесія дапамагла мне раскрыць сябе! – сцвярджае Надзея Іванаўна. – Сярод плюсаў маёй работы я б адзначыла магчымасць сябраваць з друкаваным словам, быць у курсе навінак літаратуры і нястомна працаваць над сабой. Асабіста я ахвотна чытаю рознажанравую літаратуру, у тым ліку псіхалагічныя дэтэктывы, фантастыку. Любімых аўтараў у мяне няма, але з задавальненнем сачу за творчасцю Ганны Малышавай і Вікторыі Платавай. Цікаўлюся гісторыяй роднага краю, збіраю матэрыялы па краязнаўстве, бо без памяці ні чалавек, ні народ існаваць не могуць.


На мой погляд, цікавасць да кнігі сёння не згасла, а наадварот, яна расце. І да мастацкай літаратуры, і да даведачнай. Асаблівы ўсплёск атрымала перыёдыка. Увогуле мы, бібліятэкары, павінны кіраваць інтарэсамі чытача. Але быць не надакучлівымі, быць добрымі псіхолагамі. Заўважыла: прыходзяць да нас і для таго, каб адвесці душу ў гаворцы, разгрузіць сэрца, адысці ад адзіноты.


Надзея Іванаўна ўпэўнена, што як бы не вітаў чалавек сучасныя тэхналогіі і не выступаў за электронныя выданні, звычайная друкаваная кніга ніколі не страціць свайго значэння ў яго жыцці. Менавіта таму і жывуць бібліятэкі, а іх работнікі робяць усё, каб з пакалення ў пакаленне перадаваўся інтарэс чытачоў да кнігі.


– За любую даручаную справу бярэцца Надзея Іванаўна Куц з жаданнем, – адзначае Таццяна Міхайлаўна Курмель, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, у склад якой сёння ўваходзяць 16 бібліятэк. – Яна эрудзіраваная, з вялікім багажом прафесійных ведаў, не стамляецца прымяняць іх на практыцы. У аддзеле, які ўзначальвае Надзея Іванаўна, заўжды вынікова пастаўлена работа, паспяхова выконваюцца платныя паслугі, адчуваецца дысцыпліна і парадак ва ўсім. Гэта ж трэба вельмі любіць сваю прафесію і мець у душы творчы пачатак, каб карыстацца такім аўтарытэтам у чытачоў бібліятэкі, як Надзея Іванаўна Куц. А сваю ўдзячнасць ёй людзі выказваюць у кнізе водгукаў, якая знаходзіцца ў чытальнай зале. Напрыклад, пасля аднаго з апошніх мерапрыемстваў – конкурса «Парад таматаў», што падрыхтавала бібліятэкар, якая і сама займаецца вырошчваннем памідораў за 150 гатункаў, у яе адрас паступіла каля трох дзясяткаў падзяк. Пагадзіцеся, такая ўдзячнасць землякоў – лепшая адзнака за працу…


Сапраўды, калі ў чалавека ёсць унутраная патрабавальнасць да сябе, тады будзе і карысць ад таго, што ён робіць, тады і іншыя стануць яго паважаць і цаніць.


Рэдакцыя газеты «Зара» і наша чытацкая аўдыторыя віншуюць бібліятэкараў раёна са святам. Зычым вам дапытлівага і цікавага чытача, няхай і ў далейшым прыходзіць ён да вас і душу адвесці ў гаворцы, і ўзяць цікавую кнігу, якая стане яму самым шчырым сябрам і суразмоўцам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *