На связи — руководство лесхоза

Новости района

У аўторак, 13 верасня, у канцэртнай зале «Віцебск» адбыліся выбары членаў Савета Рэспублікі ад Віцебскай вобласці. Сенатараў выбіралі шляхам тайнага галасавання на пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню. Удзел у ім прынялі 659 дэпутатаў мясцовых Саветаў з 770 абраных, ці 85,6% ад усяго дэпутацкага корпуса Віцебшчыны. Спачатку яны заслухалі праграмы кожнага кандыдата, а потым зрабілі свой выбар.


На пасяджэнне таксама былі запрошаны члены прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, абласнога выканаўчага камітэта, упраўленняў і аддзелаў аблвыканкама, абласных службаў і ведамстваў, кіраўнікі гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў г. Віцебска, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Удзел у нарадзе прымалі старшыня Віцебскага аблвыканкама М. М. Шарснёў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці А. Р. Пазняк. Делегацыя Бешанковіцкага раёна складалася з 30 дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй райсавета Г. М. Шведавым і кіраўніком рэгіёна Л. К. Пянькоўскім.


Членамі Савета Рэспублікі абраны восем чалавек. Гэта дырэктар Талачынскага кансервавага завода Анатоль Васільевіч Анюхоўскі, за яго аддаў голас 621 дэпутат, начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Мікалаевіч Дзеркач (617 галасоў), дырэктар ААТ «Полацктранснафта Дружба» Васіль Іванавіч Дробатаў (609 галасоў), генеральны дырэктар ТАА «Кіруючая кампанія холдынга «Беларуская скурана-абутковая кампанія «Марка» Мікалай Васільевіч Мартынаў (611 галасоў), дырэктар РУП радыётэлецэнтр «Тэлерадыёкампанія «Віцебск» Алена Валяр’янаўна Панцюхова (616 галасоў), старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шаўчук (612 галасоў), генеральны дырэктар вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблгаз» Пётр Пятровіч Шэршань (603 галасы) і рэктар Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Тадэвушавіч Шчасны (619 галасоў).


Нагадаем, што А. Т. Шчасны быў вылучаны прэзідыумамі Бешанковіцкага, Лепельскага, Віцебскага, Гарадоцкага раённых Саветаў дэпутатаў і адпаведнымі выканаўчымі камітэтамі. Калі Анатоль Тадэвушавіч знаёміў дэпутатаў са сваёй праграмай, ён адзначыў, што выступае за інфарматызацыю ўсіх сфер, практыкаарыентаванасць навукі, укараненне прынцыпу «адукацыя праз усё жыццё», мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў для рэгіёнаў, стварэнне навукова-клінічных комплексаў, прыцягненне інвестыцый у развіццё фармацыі, нездарма ж менавіта ў Віцебскай вобласці з’явіўся першы ў рэспубліцы медыка-фармацэўтычны кластэр.


Безумоўна, галоўная задача заканадаўцаў – дапамагаць выканаўчай уладзе праз законы рабіць так, каб дастатак і бяспека былі ў доме кожнага беларуса, а сама краіна была паважанай ва ўсім свеце. Дарэчы, трое з абраных сенатараў ужо маюць вопыт работы ў верхняй палаце парламента – гэта А. В. Анюхоўскі, М. В. Мартынаў, П. П. Шэршань.


Новаабраныя члены Савета Рэспублікі ад Віцебскай вобласці – аўтарытэтныя людзі, кіраўнікі, якія добра вядомы не толькі ў межах вобласці. ЦВК абагуліць вынікі выбараў і зарэгіструе абраных сенатараў не пазней за 30 верасня. Парадак фарміравання верхняй палаты беларускага парламента спалучае элементы выбарнасці і прызначальнасці. У Савет Рэспублікі ўвойдуць 64 чалавекі: па восем прадстаўнікоў ад кожнай вобласці і Мінска, яшчэ восем сенатараў назначыць Прэзідэнт.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *