Святлана Баранок — педагог з гарачым сэрцам

Они занесены на районную Доску почёта

Колбы і прабіркі, рэактывы, цікавыя вопыты і эфектныя эксперыменты… Гэта настаўніца ўмее зацікавіць вучняў сваім прадметам. Ды і не дзіва, варта толькі хоць адзін раз пабачыць, напрыклад, прыгожы «хімічны вулкан», у выніку якога атрымліваецца аксід хрому, і навука назаўсёды западзе ў сэрца. Сёння мы пазнаёмім чытачоў з таленавітым педагогам, жанчынай, чыё імя красуецца на раённай Дошцы гонару.


Строгая, але справядлівая, патрабавальная да сябе і вучняў Святлана Якаўлеўна Баранок, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі-інтэрната г. п. Бешанковічы, з задавальненнем расказала пра свой шлях у прафесію.


– Кім быць? Такое пытанне нават не ўзнікала. З дзяцінства ведала, на каго пайду вучыцца. З маёй сям’і назаўсёды звязалі лёс з педагагічнай дзейнасцю толькі старэйшая сястра і я, абедзве абралі хімію, – пачала расказваць Святлана Якаўлеўна. – Вучылася я ў сярэдняй школе №2 райцэнтра, потым – у ВДУ імя П. М. Машэрава, працаваць прыехала сюды, на Бешанковіччыну. Увогуле шлях ў педагогі прайшла доўгі: піянерважатая, займалася з дзеткамі ў групе падоўжанага дня, сацыяльны педагог і, нарэшце, настаўнік хіміі ў СШ №1 (да 2011 года). Перайшла ў гімназію, стала намеснікам дырэктара. Перш чым зрабіць такі крок, доўга разважала: ці спраўлюся, адміністрацыйная работа цяжкая, мне ж па душы была дзейнасць настаўніка, урокі, канспекты, вопыты… Але ні аб чым не шкадую, бачу, што кіраваць атрымліваецца. Я і цяпер працую з вучнямі, дзеці высокаматываваныя, класы профільныя. Імкнуся паказаць прадмет такім, якім уяўляецца мне: цікавым і неабходным, загадкавым і прыцягальным. Гаварыць пра гэта магу бясконца, рашаць задачы, рыхтавацца да алімпіяды, шукаць нешта новае. Вынік, які потым бачыш, безумоўна, радуе. Не без гонару заўважу, што тры гады нашы дзеці былі пераможцамі абласнога ўзроўню алімпіяды па хіміі. Прыемна, што многія былыя выпускнікі зараз вучацца ў Мінску і Віцебску ў медыцынскіх універсітэтах, ёсць і тыя, што пайшлі на біялагічны факультэт ВДУ імя П. М. Машэрава. Трывалыя веды, атрыманыя на ўроках хіміі, ім, несумненна, спатрэбяцца.


Свой прадмет Святлана Якаўлеўна палюбіла праз школьную настаўніцу Маю Фёдараўну Ерашову, таму цвёрда ўпэўнена: стане ён для вучняў любімым ці не, залежыць ад педагога. Шмат чаго ўзяла на заўвагу, калі працавала ў СШ №1 райцэнтра, прыйшліся дарэчы парады калегі Валянціны Мікалаеўны Роскач. Гэта ў яе педагог навучылася патрабавальнасці да сябе.


– Любую справу, за якую ўзяўся, трэба рабіць добра, альбо не брацца за яе ўвогуле, – лічыць жанчына. – Прысвяціўшы жыццё педагагічнай дзейнасці, я заўсёды адчувала высокую адказнасць за свой выбар. З дзецьмі заўсёды складваліся цудоўныя адносіны, узаемаразуменне і прызнанне. Шчыра кажучы, я заўсёды любіла іх, а яны мяне.


Святлана Якаўлеўна – з той катэгорыі людзей, што без сваёй працы не ўяўляюць жыцця. Яе галоўныя ўзнагароды – павага і яркае святло, што засталіся ў сэрцах вучняў. Настаўнік вечна малады, паколькі побач з ім – дзеці, якім ён дорыць сваё сэрца і крыху нават бессмяротны, бо працягвае жыць у вучнях. Яго веды і метадычнае майстэрства, эрудыцыя высока ацэньваюцца, а гэта абавязвае трымацца на адпаведным узроўні. Шлях педагога – заўсёды наперад. Вось і Святлана Якаўлеўна – настаўнік і па прафесіі, і па прызванні – працуе з задавальненнем, ператвараючы кожны ўрок у сапраўднае свята. Колькі ж радасці ў вачах дзяцей, калі прадчуваюць чарговы хімічны вопыт!


Акрамя таго, што мая субяседніца – педагог з гарачым сэрцам, яна яшчэ і цудоўная маці, выхавала дваіх сыноў (старэйшы жыве і працуе ў Мінску, малодшы – будучы юрыст).


– Некалі захаплялася вязаннем, люблю хадзіць па грыбы, – дзеліцца жанчына. – Але ж… хімія ўзяла ў палон, на астатняе часу няма (смяецца). Нават дома хочацца ўзяцца за тую ці іншую задачу, адна, другая, трэцяя… і ніяк не можаш спыніцца, так цікава.


Яе хобі – архідэі і ружы. Ці стамляецца? Безумоўна, але пачынаецца новы дзень, і яна з задавальненнем спяшаецца ў гімназію, каб зноў ля дошкі акунацца ў хімічныя формулы, змешваць рэактывы і атрымліваць вынік.


– Для гэтага ў новым кабінеце хіміі – шмат усяго, – адзначае Святлана Якаўлеўна. – Штогод мы выпускаем сваіх вучняў у дарослае жыццё, на змену ім прыходзяць іншыя, якіх гэтак жа трэба весці, дапамагчы зразумець жыццё і знайсці ў ім свой шлях. Так было і так будзе заўсёды.


Што ж, чалавеку, які любіць сваю работу, чыё сэрца ўдзень і ўночы знаходзіцца ў яе палоне, усё па плячы!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *