В Бешенковичах отпраздновали День защитников Отечества и 100-летие Вооружённых Сил Республики Беларусь

Событие

У пятніцу, 23 лютага, у Бешанковічах ушаноўвалі ўсіх, хто па закліку сэрца абраў нялёгкую прафесію служыць Радзіме, абараняць яе суверэнітэт і бяспеку. Гэта свята, абвеянае мужнасцю і доблесцю, мы заўсёды адзначаем з асаблівым пачуццём гонару за нашых воінаў, якія ва ўсе часы надзейна забяспечвалі абароназдольнасць краіны і цяпер працягваюць годна ахоўваць межы нашай радзімы.


У 2018-м годзе Дзень абаронцаў Айчыны супаў са 100-годдзем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, таму ўрачыстасці пачаліся з ускладання вянка да Кургана Славы старшынёй райвыканкама А. А. Булаўкіным і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведавым. Памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі хвілінай маўчання і трохразовым ружэйным салютам. Вянкі ўскладзены таксама на Алеі герояў і да падножжа брацкай магілы каля СШ №2 г. п. Бешанковічы.


А затым у РЦК адбыўся ўрачысты сход з нагоды 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Дня абаронцаў Айчыны. Да прысутных у зале землякоў звярнуўся ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Савіч. Андрэй Міхайлавіч расказаў пра гісторыю развіцця Узброеных Сіл — ад станаўлення Чырвонай Арміі да сучаснасці — і павіншаваў абаронцаў Айчыны са святам.


Асаблівыя словы ўдзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія сваёй самаадданасцю і гераізмам прадэманстравалі цяперашняму пакаленню салдат і афіцэраў прыклад патрыятызму, мужным воінам-інтэрнацыяналістам, якія з доблесцю выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Рэспубліцы Афганістан, гучалі з вуснаў старшыні райвыканкама А. А. Булаўкіна.


— Гонар і хвала вам, доблесныя абаронцы Айчыны! Жадаю вам, вашым родным і блізкім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. І хай заўсёды будзе мірнае неба і бяспечныя межы нашай любімай Айчыны! — падкрэсліў у сваім выступленні Андрэй Анатольевіч.


Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама ваеннаму камісару Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэю Міхайлавічу Савічу і члену раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Аляксандру Сяргеевічу Падольскаму, Падзякай адзначаны член ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Сяргей Яўгенавіч Яцук. Загадам ваеннага камісара Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Граматай ушанаваны член раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Аляксандр Цімафеевіч Бутанаў.


Але галоўнымі героямі дня, безумоўна, сталі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь юбілейнымі медалямі «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь» узнагароджаны Міхаіл Ігнатавіч Бабаед, Канстанцін Карпавіч Вялічка, Сяргей Несцеравіч Карась, Іван Іосіфавіч Захарчанка, Павел Фёдаравіч Гнеўка, Дзмітрый Нічыпаравіч Агейчанка. Усяго па раёне юбілейныя медалі атрымалі 19 ветэранаў і ўдзельнікаў вайны. Такой жа ўзнагароды ўдастоены старшыня райсавета ветэранаў Анатоль Вячаслававіч Крачкоўскі, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Віктаравіч Сафонаў, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Яўген Іванавіч Вербалоз. Працягам урачыстасці стаў святочны канцэрт «Служым Айчыне».


…Змяняліся эпохі і пакаленні, але радасць вялікіх перамог заўсёды аб’ядноўвала людзей, усяляла павагу і гонар за нашых сыноў Айчыны. Абарона Радзімы была, ёсць і будзе справай гонару кожнага грамадзяніна. Мы свята шануем вялікія патрыятычныя традыцыі Узброеных Сіл краіны, з глыбокай павагай ставімся да мужных і моцных духам людзей, якія выконваюць свой пачэсны абавязак — абарону Радзімы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *