Единый день безопасности дорожного движения пройдёт на Бешенковиччине

Новости района

Працаваць на станоўчы вынік. Такую задачу перад аграрыямі раёна падчас выязнога семінара-нарады паставіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч. На пасяджэнне былі запрошаны кіраўнікі гаспадарак, галоўныя заатэхнікі, агранамічная і інжынерная службы. Разгледжана шырокае кола пытанняў.


Нарада пачалася на комплексе ў Камосках ДП «ПалітаддзелецАгра», дзе размова ішла пра ход пастаноўкі буйной рагатай жывёлы на зімова-стойлавае ўтрыманне і вытворчасць малака. У гэты пераходны перыяд нельга дапусціць зніжэння вытворчасці сельгаспрадукцыі, бо, як вядома, малако і мяса – асноўныя крыніцы даходаў сельгасвытворцаў. «Няма аб’ёмаў – не будзе выручкі, а значыць, і сродкаў для выплаты заработнай платы. Трэба прааналізаваць працаёмкасць усіх аперацый, распрацаваць абавязкі для кожнага жывёлавода такім чынам, каб павысіць вытворчасць малака на фермах за кошт аптымізацыі вытворчага працэсу і зніжэння выдаткаў», – акцэнтаваў увагу прысутных Сяргей Генадзьевіч.


У прыклад іншым паставілі УП «Свіціна-ВМК», дзе пры пераводзе жывёлы з пашы на фермы практычна не дапусцілі спаду вытворчасці малака. Крытыцы падвергліся ДП «ПлісыАгра», дзе значна недаатрымліваюць да леташняга малочнай прадукцыі, і шэраг іншых сельгаспрадпрыемстваў.


Заслухалі галоўнага заатэхніка і дырэктара ДП «ПалітаддзелецАгра» Т. Л. Кавалёнак і А. І. Камовіча, якія расказалі пра асаблівасці пастаноўкі жывёлы на зімовае ўтрыманне ў іх гаспадарцы, што робіцца для таго, каб мінус па вытворчасці малака стаў плюсам. Яны таксама падзяліліся вопытам работы па вырошчванні быкоў.


Намеснік начальніка аддзела вытворчасці, збыту прадукцыі і інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу А. В. Баранок нацэліў жывёлаводаў на эфектыўную і прадукцыйную працу. Аляксандр Віктаравіч яшчэ раз нагадаў усім прысутным аб збалансаванасці рацыёну кармлення жывёлы, прымяненні канцэнтратаў, трохкампанентных кормасумесяў (сілас, сянаж і зялёная маса) і шротаў, што дае высокую пажыўную каштоўнасць і нізкі кошт атрымання бялку.


Размова ішла таксама пра сартыроўку жывёлы па групах з улікам яе фізіялагічнага стану пры пастаноўцы на зімовае ўтрыманне, арганізацыю прагулак, прыняцце ацёлаў, выпайку маладняку малозівам, захаванасць пагалоўя, асемяненне цялушак, тэхналагічныя схемы руху жывёлы, ачыстку памяшканняў і выкананне ветэрынарна-санітарных правілаў у цэлым. Галоўны ветэрынарны ўрач раёна С. А. Косцюшаў і дырэктар райплемстанцыі У. П. Белязека далі рэкамендацыі па ўзнятых пытаннях.


Потым удзельнікі нарады завіталі на пляцоўку, дзе размешчаны сушыльны комплекс ДП «ПалітаддзелецАгра», і на машынны двор гаспадаркі. Тут размова ішла пра ачыстку і кансервацыю сушыльных комплексаў, пастаноўку машынна-трактарнага парку на зімовае захоўванне, уцяпленне майстэрняў, дзе зімой будзе ажыццяўляцца рамонт тэхнікі, навядзенне парадку на сельгасаб’ектах і правядзенне суботнікаў.


Пастаўлена задача завяршыць гэту работу да 1 лістапада. А да 1 снежня аграрыям трэба ачысціць насенне і праверыць яго кандыцыйнасць. Да канца сельскагаспадарчага года трэба яшчэ справіцца з падрыхтоўкай зябліва. Па раёне плануецца ўзараць 13180 гектараў. Па стане на 21 кастрычніка, зябліва паднята на 13% плошчаў. Тэмпы работы трэба павысіць.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *