На Бешенковичском районе отметили День освобождения района от немецко-фашистских захватчиков

Событие

     74 гады прайшло з таго чэрвеня, як фашысцкія войскі былі выбіты з нашага раёна. За гэтыя гады выраслі новыя пакаленні, у грамадстве не раз мяняліся ідэі і прыярытэты, але нязменным засталося галоўнае – памяць аб вялікім подзвігу савецкіх салдат.
   26 чэрвеня, у Дзень вызвалення Бешанковіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, жыхары і госці прыдзвінскага краю па традыцыі сабраліся каля ўнікальнага мемарыяльнага комплексу «Узрэчча». Тут у чэрвені 1944 года ішла знакамітая аперацыя па вызваленні нашага раёна і краіны ў цэлым «Баграціён». У гэтым няроўным баі загінулі шмат воінаў Чырвонай Арміі, 213 з іх знайшлі свой спакой у брацкай магіле на «Узрэччы». За фарсіраванне Заходняй Дзвіны і трывалае замацаванне плацдарма на яе беразе, за праяўлены гераізм у барацьбе з ворагам 24 воіны былі прадстаўлены да высокага звання Героя Савецкага Саюза. Астанкі 8 з іх – Джумаша Асаналіева, Івана Бірукова, Мікалая Дароўскага, Анатоля Зверава, Івана Мартынава, Івана Плякіна, Уладзіміра Саланчэнкава і Міхаіла Хваткова – спачываюць у святой узрэчанскай зямлі.
   Ушанаваць памяць загінуўшых у гады ваеннага ліхалецця, выказаць падзяку тым, хто змагаўся з ненавісным ворагам і абараніў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, на «Узрэчча» прыехалі прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, дзеці. З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама А. А. Булаўкін. У сваёй прамове Андрэй Анатольевіч нагадаў пра тыя выпрабаванні, якія выпалі на долю нашага народа ў цяжкія дні вайны, пра гераічных абаронцаў, якія грамілі нямецкіх захопнікаў, набліжаючы Перамогу. Больш за 12 тысяч ураджэнцаў нашага раёна загінулі на франтах, у партызанах і падполлі, прапалі бяз вестак, памяць пра іх пад гукі зброевага залпа ўшанавалі хвілінай маўчання, а затым спусцілі на ваду вянок.
    Вось ужо другі раз падчас святкавання Дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў брацкую магілу на «Узрэччы» наведалі ўдзельнікі Грамадскага дабрачыннага фонду «Агітбрыгада» Кыргызстана. Па словах яго кіраўніка Керыма Шатманава, ён адчувае асаблівы гонар, адзначаючы з бешанкавічанамі гэта свята, якое, па сутнасці, з’яўляецца нашым агульным. Ён выказаў падзяку раённай уладзе за тое, што воінскія пахаванні, у тым ліку і мемарыяльны комплекс «Узрэчча», дзе спачывае сын кіргізскага народа, кулямётчык 199-га гвардзейскага стралковага палка Джумаш Асаналіеў, знаходзяцца ў дагледжаным стане.
  – Страшнай старонкай увайшла ў гісторыю нашых краін Вялікая Айчынная вайна, – не хаваў хвалявання Керым Шатманаў. – Колькі скалечаных, паламаных жыццяў пакінула яна пасля сябе? А колькі савецкіх салдат загінулі на палях бітваў дзеля таго, каб іх нашчадкі жылі ў міры і згодзе… Па дарозе да вас болем пранізвалі нашы сэрцы шматлікія абеліскі ў вёсках, уздоўж дарог і бясконцыя спісы тых, хто загінуў. Мы нізка схіляем галовы перад подзвігам нашых дзядоў, вечная ім памяць …
      Святочныя мерапрыемствы працягнуліся ў аграгарадку Ула. Тут каля брацкай магілы савецкіх салдат адбыўся мітынг-рэквіем, на якім яшчэ раз успомнілі герояў вайны,  у прыватнасці Героя Савецкага Саюза М. І. Мітрафанава, на магілу якога ўпершыню прыехала яго дачка Святлана Мікалаеўна разам са сваёй сям’ёй.
     – На жаль, я зусім не памятаю бацькі, ён пайшоў на вайну, калі мне быў усяго год, – распавядае са слязамі на вачах дачка героя. – Дадому тата так і не вярнуўся… Пра яго ведаю толькі па расказах маці і па тых нямногіх фотакартках, якія захаваліся ў сямейным архіве. Я вельмі рада, што тут пабывала, пра гэта марыла на працягу ўсяго свайго жыцця. Мама не раз прыязджала на магілу бацькі і заўсёды казала пра тое, што ў Беларусі свята шануюць памяць аб загінуўшых абаронцах Радзімы, у гэтым пераканалася і я сама.
     Крыху пазней удзельнікі «Агітбрыгады» далі канцэрт у Ульскім СДК. Кожны нумар гасцей суправаджаўся бурнымі апладысментамі, а як жа інакш, бо перад гледачамі выступалі заслужаныя дзеячы культуры Кыргызстана.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *