В Бешенковичском районе ведётся уборка картофеля

Актуально Заботы сельские

Другі хлеб – бульбу – у раёне вырошчваюць у Ульскім ліцэі і СУП «Вядзерава». Сёлета гэтая культура размясцілася на плошчы 70 га. Першыя гектары ўжо ўбралі.

Вядзераўскія працаўнікі, па дадзеных на 17 верасня, накапалі 356 тон (17 га з 50). Пакуль убіраюць «Вектар» (яго больш за ўсё), потым возьмуцца за «Брыз», а ўборку элітнага «Маніфеста» пакінуць на дэсерт (гэтага гатунка ўсяго толькі тры гектары, вырошчваюць яго як насенне на будучы год). На бульбаўборачным камбайне тут шчыруе Аляксандр Аркадзьевіч Гайдукоў. Яшчэ адзін камбайн запусцяць крыху пазней. Адвозкай займаюцца Іван Іванавіч Семянькоў на «МАЗе» і Павел Аляксандравіч Цяцерыч на «МТЗ-82» з прычэпам. На сартавальным пункце шчыруюць 8 чалавек.

Бульбяное поле Ульскага ліцэя – 20 гектараў, з іх убралі 14 (накапалі 262 тоны). На «МТЗ-82» з ПБК-2 заняты слесар Андрэй Васільевіч Цімошчанка. Адвозка даручана майстру вытворчага навучання Сяргею Ягоравічу Жолудзеву, які працуе на «МАЗе-555142». На сартавальным пункце задзейнічаны навучэнцы ліцэя – групы майстроў вытворчага навучання Алены Уладзіміраўны Драгуновай і Віктара Пятровіча Сімашковіча.
Першыя выкапаныя клубні парадавалі: у вядзераўцаў ураджайнасць бульбы склала 209,4 ц/га, у вучэбнай гаспадарцы ліцэя – пакуль 187,1 ц/га. Хоць яшчэ і не час для падвядзення вынікаў, парадавацца вялікай працавітасці бешанковіцкіх бульбаводаў самая пара.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *