Марафон добрых дел в Бешенковичском районе продолжается

Актуально В райисполкоме Главное

Апошнія працоўныя дні ўжо мінулага 2018 года сталі асабліва насычанымі на мерапрыемствы, якія праходзілі ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Адно свята змяняла другое. У раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры, напрыклад, 28 снежня ганаровых гасцей прымалі на працягу ўсяго дня. І першым павіншаваць дзяцей, якія часова пражываюць тут, а таксама дзяцей з прыёмных і апякунскіх сем’яў прыйшоў старшыня раённага выканаўчага камітэта А. А. Булаўкін.

А. А. Булаўкін уручыў СПЦ сертыфікат
на 120 рублёў.

Андрэй Анатольевіч узяў на сябе абавязкі Дзеда Мароза і кожнаму дзіцяці ўручыў салодкі падарунак, а дырэктару цэнтра Н. І. Булыні – сертыфікат для ўстановы адукацыі на 120 рублёў.

Звяртаючыся да прысутных, кіраўнік раёна адзначыў, што ўсё роўна, колькі гадоў чалавеку, у душы кожны з нас па-ранейшаму верыць у цуды. Але, вядома, з асаблівым нецярпеннем чакаюць Новы год дзеці. І абавязак кожнага дарослага – зрабіць так, каб гэтае свята падарыла ім казку. Андрэй Анатольевіч пажадаў усім здзяйснення жаданняў, загаданых у навагоднюю ноч, дзецям – выдатнай вучобы і моцнага здароўя, бацькам – міру і дабрабыту ў сем’ях.

Да віншаванняў А. А. Булаўкіна далучыліся яго намеснік М. А. Заблоцкі, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» А. У. Буйлоў, намеснік старшыні КСН А. А. Буйлова, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама А. Л. Сафонава.
* * *

Сапраўдным чараўніцтвам стаў візіт гасцей з райцэнтра для дзяцей з дома сямейнага тыпу, што знаходзіцца ў аграгарадку Ула. А як жа інакш: бо тое, пра што яны марылі, ажыццявілася. Дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў А. І. Ерашоў, намеснік старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкі і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама С. Л. Салоха падарылі дзецям вялікі надзіманы батут і салодкія пачастункі.

Падарункі для дзяцей з дома сямейнага тыпу.

«Бачыць радасныя твары дзяцей – для мяне самае вялікае шчасце», – не хавала эмоцый І. В. Адамовіч, якая не першы год матчыным цяплом і клопатам адорвае хлопчыкаў і дзяўчынак з нядобранадзейных сем’яў. Ірына Валянцінаўна падрыхтавала для гасцей вялікі салодкі стол. За чаяваннем усе разам пагаварылі пра хвалюючыя сям’ю жыццёвыя пытанні. Дзеці з задавальненнем дэманстравалі свае навагоднія падарункі, расказвалі вершы, спявалі песні.

Дзякуючы клопату дзяржавы, падтрымцы і неабыякавасці дарослых, дзеці, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе, не перастаюць верыць у цуды. А значыць, марафон добрых спраў будзе абавязкова працягвацца…

Святлана ВАРОШКА.



Теги: