Первые матчи Открытого чемпионата Бешенковичского района по мини-футболу прошли в воскресенье

Актуально Спорт

Турнір, месцам правядзення якога абрана спартыўная зала ДЮСШ, заінтрыгаваў футбольных заўзятараў ужо на старце. Удзел у ім прымаюць сем каманд, у тым ліку і мінулагоднія ўладальнікі кубка «Сябры», якія сёлета, дарэчы, паспрачаюцца за галоўны трафей спаборніцтваў у складзе зборнай УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік». Аматары футбола адразу аддалі дзеючым чэмпіёнам статус фаварытаў.

Бешанковіцкі РГЗ супраць ФСК «Дзвіна».

Пачатак чэмпіянату атрымаўся не зусім упэўнены. Склалася адчуванне, што каманды проста разміналіся, бо гулялі насцярожана, нібы выпрабоўвалі сапернікаў. Найбольш бадзёра прайшла сустрэча футбалістаў Бешанковіцкага РГЗ і ФСК «Дзвіна», у якой з лікам 2:1 перамаглі газавікі.

Лепшымі бамбардзірамі ў першы дзень спаборніцтваў сталі Аляксандр Красноўскі з Бешанковіцкага РГЗ, Сяргей Валодзін з каманды віцебскіх гасцей «Віртус», прадстаўнікі сенненскага «Алімпу» Павел Васілеўскі і Артур Шацько. На ліку кожнага з іх — па два галы, а Ігар Маліноўскі з УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» забіў у вароты віцяблян тры галы.

Пакуль рана меркаваць і прагназаваць нешта, бо футбол, па сутнасці, рэч непрадказальная. Аднак ніводны з сапернікаў сваіх прэтэнзій на адну з прыступак п’едэстала не пакідае. Інтрыга закручваецца. Самыя цікавыя матчы, што паказычуць нервы і гледачам, і самім гульцам, яшчэ наперадзе. Каманды будуць выходзіць на футбольнае поле «бітвы» за чэмпіёнскі тытул кожную нядзелю. Апошні тур плануецца 17 сакавіка.

 

 



Теги: