Бешенковичские спортсмены стали призёрами первенства Витебской области по вольной борьбе

Актуально Спорт

Бешанковіцкія спартсмены вярнуліся дадому з першынства вобласці па вольнай барацьбе сярод юнакоў і дзяўчат  пераможцамі.

Пераможцы абласнога спаборніцтва па вольнай барацьбе.

Астровенскі школьнік Ягор Васільеў і Кірыл Гіранкоў з СШ №1 райцэнтра заваявалі серабро, а яшчэ адна навучэнка гэтай жа ўстановы адукацыі — Валерыя Ерафеева — золата.

     Мы завіталі да спартсменаў, каб  павіншаваць з заслужанай перамогай. У гэты час як раз пачыналася трэніроўка, а да яе ў юных барцоў стаўленне сур’ёзнае. Юнакі і дзяўчаты разміналіся, але іх трэнер — майстар спорту па вольнай барацьбе Л. Б. Леганькоў — дазволіў папрысутнічаць і паназіраць, як ідзе размінка. Практыкаванні барцы вольнага стылю выконвалі звыкла, адпрацаваныя да аўтаматызму рухі даваліся няцяжка. Бег, кідкі праз сцягно, млын — паступова перайшлі да любімых прыёмаў…

     Размова атрымалася ў нас нядоўгая. Юныя спартсмены яшчэ не прывыклі да ўсеагульнай увагі і сціпла ўсміхаліся. «Самі яны, канечне, не прызнаюцца, але сапраўды было цяжка, — адзначае Леанід Барысавіч. — Цяжка не столькі весці паядынак, колькі справіцца з хваляваннем. З цягам часу гэта пройдзе і на змену хваляванню прыйдзе ўпэўненасць у сваіх сілах».

     Вынікі ж паказваюць, што і перажыванні не перашкодзілі нашым землякам заваяваць перамогу. Што тут скажаш? Калі займаешся любімай справай, пераадолееш усё. І горы з месца зрушыш, і мора па калена будзе. Не праблема і адлегласць (Ягор Васільеў, напрыклад, прыязджае на трэніроўкі з Астроўна). Хтосьці з хлопцаў прыйшоў у спорт сам, кагосьці паклікалі сябры, а кагосьці, убачыўшы патэнцыял, прывёў асабіста трэнер. Наперадзе ў спартсменаў новыя вандроўкі, паядынкі і вяршыні. Жадаем вам поспехаў!

     …Трэба сказаць, што Ягор і Валерыя вырашылі праверыць свае сілы на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Гомелі. Чакаем ад іх звестак з нецярпеннем і надзеяй!

Марыя САНЬКО



Теги: