У Бешанковічах вызначылі пераможцу конкурсу дзіцячых фальклорных калектываў «Святочная Скарбонка»

Мы -- молодые

Адраджэнне нацыянальных традыцый, народнай спадчыны становіцца прадметам пільнай увагі ў сістэме работы дзяржаўных устаноў адукацыі нашага раёна. Народная культура – найважнейшая частка гістарычнай спадчыны, якая спрыяе фарміраванню нацыянальнай свядомасці будучых пакаленняў.

Менавіта таму ўжо не першы год праводзіцца агляд-конкурс дзіцячых фальклорных калектываў «Святочная Скарбонка», мэтай якога з’яуляецца захаванне, стварэнне і засваенне культурных каштоўнасцей, нацыянальных традыцый і звычаяў, фальклору, народных промыслаў і рамёстваў, твораў культуры і мастацтва, а таксама прапаганда лепшых узораў дзіцячай самадзейнай фальклорнай творчасці.

У конкурсе прынялі ўдзел 5 устаноў адукацыі раёна: СШ №1 г. п. Бешанковічы, Астровенская д/с-СШ, Бачэйкаўская СШ, Ржаўская д/с-СШ, Бешанковіцкі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі.
Высокае майстэрства выканання, артыстызм і сцэнічную культуру паказалі гурты «Чабарок» з СШ №1 г. п. Бешанковічы (абрад «Юр’я на двары – кароўку ў поле гані») і «Спадчына» з Бачэйкаўскай СШ (абрад «Саўём вянкі на ўсе вякі»).

Асаблівасці беларускай нацыянальнай культуры на высокім узроўні прадэманстраваў ансамбль беларускай песні «Звоны» ДУДА «Бешанковіцкі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі» з абрадам «Провады русалкі» і гурт «Нашчадкі», Ржаўская д/с-СШ з абрадам «Калядкі».
Мы жывём у свеце, дзе ўсё становіцца аднолькавым, стандартным. На нашых вачах знікае традыцыйная культура народаў – звычаі, абрады, пабудовы, касцюмы, песні – тое, што робіць нас адметнымі ў гэтым свеце. Праводзячы такія конкурсы, мы можам дапамагчы захаваць, выратаваць, вярнуць з нябыту тое, што можа знікнуць назаўсёды.

Наталля БУЛЫНЯ,
педагог-арганізатар
ДУДА «Бешанковіцкі раённы Цэнтр дзяцей
і моладзі».



Теги: