Медики Бешенковичской райбольницы 16 июня отмечают профессиональный праздник

В трудовых коллективах Главное

Паўсядзённы клопат пра здароўе насельніцтва, папярэджанне захворванняў, вяртанне хворых да паўнацэннага жыцця — усё гэта надае асаблівы статус тым, хто звязаў жыццё з медыцынай. У нядзелю, 16 чэрвеня, людзі ў белых халатах адзначаць сваё прафесійнае свята — Дзень медыцынскіх работнікаў. Напярэдадні гэтай даты мы пабывалі ў Бешанковіцкай ЦРБ і даведаліся, чым жыве калектыў установы аховы здароўя.

Калектыў аддзялення анэстэзіалогіі і рэанімацыі.

Сёння ў сістэме аховы здароўя  нашага раёна працуюць 377 чалавек, з іх урачоў — 46, сярэдніх медработнікаў — 162. Не сакрэт, што раённая бальніца, якая мае ў сваім складзе розныя падраздзяленні, перажывала перыяды вострага дэфіцыту ўрачэбных кадраў. Менавіта таму тут стараюцца не толькі захаваць свае кадры, але і робяць усё магчымае, каб іх было дастаткова, — стымулююць маладых спецыялістаў матэрыяльна, выдзяляюць ім жыллё (у гэтым пытанні вялікую падтрымку аказвае раённы выканаўчы камітэт). Паступова сітуацыя выправілася, у цяперашні час ЦРБ цалкам укамплектавана ўрачамі і сярэднім персаналам. У гэтым годзе тут чакаюць яшчэ 5 маладых дактароў.

Галоўны урач ЦРБ С. А. Рошчына.

Важнае значэнне ў Бешанковіцкай ЦРБ заўсёды надавалася матэрыяльна-тэхнічнай базе, ад якой залежыць і якасць, і даступнасць медыцынскай дапамогі ў раёне. Практычна штогод выдзяляюцца значныя сродкі на медабсталяванне. У бліжэйшы час, напрыклад, быў набыты сучасны лічбавы рэнтген-апарат, у машынным парку з’явіўся новы аўтамабіль «хуткай дапамогі». У бліжэйшы час плануецца закупіць УГД-апарат высокага класа. «Таксама мы штогод выдзяляем сродкі на правядзенне рамонтаў, — адзначыла галоўны ўрач ЦРБ С. А. Рошчына, — тым самым імкнемся стварыць камфортныя ўмовы і для пацыентаў, і для медыкаў».

Калектыў паліклінікі.

Актыўна развіваецца ў Бешанковіцкай бальніцы працэс інфарматызацыі — закупляецца камп’ютарнае абсталяванне, ствараюцца лакальныя сеткі, укараняюцца спецыялізаваныя медыцынскія праграмы. Адно з апошніх новаўвядзенняў, напрыклад, так званы «электронны рэцэпт». Цяпер пацыент можа атрымліваць лекі ў аптэцы па электроннай картцы. Укараненне камп’ютарных тэхналогій таксама палепшыла працу рэгістратуры (сёння, зайшоўшы на сайт установы, талон на прыём да ўрача можна атрымаць усяго за некалькі клікаў мышкай). З мая гэтага года для пацыентаў даступна паслуга смс-абвесткі.

Калектыў стаматалагічнага аддзялення.

З нядаўняга часу на большую ўвагу з боку медыкаў, дакладней, урачоў вузкіх спецыяльнасцяў, могуць разлічваць жыхары сельскай мясцовасці. На Бешанковіччыне практыкуецца работа выязной медыцынскай брыгады. Кожны тыдзень у прызначаны дзень урачы ЦРБ прымаюць пацыентаў у адной з амбулаторый ці ФАПаў раёна. Дадзеная практыка максімальна забяспечвае даступнасць аказання медыцынскай дапамогі і ранняга выяўлення захворванняў у вяскоўцаў, а гэта, у сваю чаргу, павінна знізіць як агульную смяротнасць у раёне, так і смяротнасць у працаздольным узросце.

Калектыў хірургічнага аддзялення.

Менавіта павелічэнне працягласці жыцця грамадзян — адна з асноўных задач аховы здароўя. І тут, на думку С. А. Рошчынай, важна, каб людзі разумелі, што адказнасць за іх здароўе ляжыць, перш за ўсё, на іх саміх. Калі пацыент своечасова звяртаецца за дапамогай на пачатковай стадыі захворвання, выконвае прадпісанні ўрача, стабільна назіраецца, то шанцы на выздараўленне высокія. На жаль, многія звяртаюцца да медыкаў, калі хвароба ўжо запушчана і справіцца з ёй значна цяжэй. «Кожны чалавек павінен прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, наведваць прафілактычныя агляды і надаваць належную ўвагу свайму самаадчуванню», — упэўнена Святлана Аляксандраўна.

Калектыў клініка-дыягнастычнай лабараторыі.

Медработнік — гэта не проста прафесія, а штодзённая і складаная праца. Часам пацыенты прыходзяць не толькі з фізічным болем, але і з душэўным. І тады ўрачы, медсёстры выступаюць яшчэ і ў ролі псіхолагаў, дапамагаючы чалавеку атрымаць надзею на выздараўленне. Галоўнай справай свайго жыцця медыцынскія работнікі нашага раёна абралі цяжкую, але ў той жа час патрэбную і высакародную місію. Гэта шлях не для выпадковых людзей! Ён для моцных духам, моцных сэрцам і добрых душой.

— Напярэдадні прафесійнага свята не хацелася б нікога вылучаць паасобку. Калектывы ўсіх падраздзяленняў — і стацыянара, і паліклінікі, і амбулаторый, і ФАПаў — працавалі добрасумленна, змаглі дамагчыся пэўных стабільных паказчыкаў, — адзначыла
С. А. Рошчына. — Наш калектыў досыць прафесійны, здольны вырашаць важныя задачы ў адпаведнасці са сваімі функцыямі і рабіць гэта адказна ў інтарэсах нашых пацыентаў. Зразумела, у нас ёсць цяжкасці, існуюць некаторыя праблемы, але мы іх вырашаем і будзем старацца працаваць як мага больш эфектыўна. З нагоды ж Дня медыцынскіх работнікаў хачу пажадаць усім, хто клапоціцца пра здароўе людзей, цярпення і сіл, мэтанакіраванасці і настойлівасці. Дарагія калегі! Прыміце мае шчырыя пажаданні моцнага здароўя, сямейнага шчасця, удачы, дабрабыту і новых прафесійных поспехаў!

Святлана ВАРОШКА.



Теги: