На Бешенковиччине стартовал месячник по безопасности при подготовке и проведении уборочной кампании

Важное Заботы сельские Новости района

Працаўнікоў вёскі чакае сур’ёзны экзамен — уборка збожжавых культур. Каб правесці важную сельскагаспадарчую кампанію без надзвычайных здарэнняў (на жаль, з года ў год па рэспубліцы фіксуюцца выпадкі траўміравання ўдзельнікаў жніва, звязана гэта з прыцягненнем у гарачую пару вялікай колькасці тэхнікі і людскіх рэсурсаў), у Беларусі штогод аб’яўляецца месячнік бяспекі ў сельскагаспадарчых арганізацыях пры падрыхтоўцы і правядзенні работ па ўборцы ўраджаю. У нашым раёне прафілактычныя мерапрыемствы ўжо пачаліся, старт ім дадзены 15 ліпеня.

У рамках месячніка спецыяльна створаная аператыўная група, у склад якой увайшлі спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама, упраўлення райсельгасхарчу, іншых зацікаўленых службаў, будзе аказваць гаспадаркам практычную і метадычную дапамогу ў пытаннях аховы працы.

— Усім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў даведзена інфармацыя па захаванні правіл па ахове працы і пажарнай бяспекі, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама П. П. Ціханенка. — Такая ж дакументацыя маецца ў кабінетах або кутках па ахове працы. Будзе ўзмоцнены кантроль за выкананнем работнікамі правілаў унутранага працоўнага распарадку, інструкцый па ахове працы, бяспечных прыёмаў і метадаў работ.

Аддзелам ДАІ РАУС сумесна з кіраўніцтвам арганізацый будуць арганізаваны рэйдавыя мерапрыемствы па кантролі фізічнага стану вадзіцеляў і механізатараў, якія будуць задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі. На палях арганізуюць дзяжурствы спецыялістаў РАНС.
Аб правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на безумоўнае захаванне жыцця і здароўя ўдзельнікаў жніва, «Зара» будзе шырока інфармаваць чытачоў.

Святлана ВАРОШКА.



Теги: