Бешенковичские мастера Дома ремёсел создают настоящие шедевры

Актуально Год малой родины Культура Общество

У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці на працягу мінулага месяца працавала выстава «Вянок нявесты», дзе экспанаваліся вясельныя строі і галаўныя ўборы розных часоў і розных канфесій.

Куфар з пасагам, маляваны дыван, «лялькі-неразлучнікі», якія дарылі маладым як абярэг на доўгае сямейнае жыццё – усё гэта можна было ўбачыць у выставачнай зале цэнтра. А яшчэ – шмат старых фотаздымкаў з сямейных альбомаў, якія дапамагаюць аднаўляць шлюбныя ўборы і вясельныя традыцыі.

Удзел у экспазіцыі прынялі таксама і работы нашых землякоў – майстроў раённага Дома рамёстваў. І як цудоўна, што дадому ўмельцы вярнуліся з узнагародамі! Установа культуры адзначана дыпломам I ступені ў намінацыі «За лепшы традыцыйны вясельны ўбор нявесты». Майстар Галіна Ханяк у намінацыі «За лепшую інсталяцыю прыватных вясельных калекцый; за лепшую лялечную кампазіцыю» атрымала дыплом III ступені.
Зараз экспазіцыя бешанковіцкіх умельцаў вярнулася дадому і кожны жадаючы можа азнаёміцца з усёй гэтай прыгажосцю. А паглядзець тут сапраўды ёсць на што! Ёсць уборы 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя і шмат што яшчэ.

Спецыяльна для нас майстры прадэманстравалі свае работы, каб мы змаглі пераканацца ў тым, якія прыгожыя вясельныя ўборы былі ў мінулыя часы. Таксама дырэктар Дома рамёстваў Алеся Іванаўна Аўчыннікава расказала пра тое, як па старадаўніх фотаздымках, кнігах ствараліся вянкі, якую ролю яны адыгрывалі ў жыцці жанчыны.
Дарэчы, калі хто жадае зрабіць сваё вяселле ў традыцыйным беларускім стылі, можа звярнуцца ў Дом рамёстваў, дзе вам з радасцю дапамогуць стварыць вянок, як у вашай маці, бабулі, прабабулі…

Алена МАРОЗАВА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *