Как отпраздновали День Независимости в Бешенковичах

Актуально Главное

Калі Дзень Перамогі — свята са слязамі на вачах, то Дзень Незалежнасці — урачыстасць, якая надае неймаверны прыліў сіл і гонару за сваю краіну. У Бешанковічах 3 ліпеня, у гэты значны для ўсіх беларусаў дзень, урачыстая атмасфера адчувалася паўсюль з самай раніцы.

Пачаліся святочныя мерапрыемствы з ускладання вянкоў і кветак да памятных месцаў. Менавіта помнікі і брацкія магілы, мемарыяльныя комплексы і Вечны агонь па праве лічацца народнымі святынямі, якія сведчаць пра веліч подзвігу, нагадваюць пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Словы ўдзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ад імя ўсіх жыхароў раёна на Кургане Славы выказаў старшыня райсавета дэпутатаў Г. М. Шведаў.

Франтавікі, партызаны, падпольшчыкі, працаўнікі тылу прынеслі мір і свабоду, заклалі той падмурак, на якім вырасла і заквітнела незалежная беларуская дзяржава. Наш святы абавязак — цвёрда стаяць на варце гэтых заваёў, праяўляць згуртаванасць і адзінства, ні пры якіх умовах не дапусціць страты незалежнасці Айчыны. На кожным з нас адказнасць за мір і парадак.

Памяць загінуўшых герояў, хто цаной свайго жыцця заваяваў свабоду, мір і незалежнасць, ушанавалі хвілінай маўчання. Кветкі да падножжа Кургана Славы ляглі ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, маладога пакалення.

Наша бешанковіцкая зямля заўсёды была багатая працавітымі і таленавітымі людзьмі. Сімвалічна, што менавіта ў Дзень Незалежнасці – галоўнае свята краіны – у Бешанковічах прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця новай раённай Дошкі гонару. Убачыць самых годных людзей і перадавыя арганізацыі раёна цяпер можна каля парку камсамольцаў – сюды «пераехаў» гэты ганаровы аб’ект, які, варта адзначыць, выглядае намнога самавіцей свайго папярэдніка. Ушаноўваць тых, хто прыклаў максімум намаганняў у сваёй працы, – добрая традыцыя. Так і павінна быць, каб лепшых бачылі і ведалі ўсе, каб на іх раўняліся, бралі прыклад, каб дзеці ганарыліся сваімі бацькамі, імкнуліся быць дастойнымі іх.

Вітаючы працоўныя калектывы, старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч адзначыла: «Дошка гонару – свайго роду вышэйшы п’едэстал у раёне, куды за самаадданую працу заносяцца людзі, якія ўмацоўваюць наш край сваім адказным стаўленнем да даручанай справы».

Галіне Уладзіміраўне, а таксама старшыні райсавета дэпутатаў Г. М. Шведаву і ганароваму ветэрану працы, заслужанаму лесаводу БССР М. А. Лабкову было дадзена права перарэзаць сімвалічную стужку. Пасля чаго пачалося ўрачыстае ўшанаванне лепшых калектываў і працаўнікоў раёна.
Рашэннем райвыканкама па выніках працы за 2019 год на раённую Дошку гонару занесены СУП «Вядзерава», КСВУП «ПалітаддзелецАгра», НВП «Белкатламаш» ТАА, СТАА «НАЦІВІТА», КБУП «Бешанковіцкая ПМК-41» і цэнтральная раённая бібліятэка.

Тут таксама размешчаны 20 партрэтаў жыхароў прыдзвінскага краю, якія вызначыліся ў працы, вучобе і службе. Гэта сапраўдныя прафесіяналы. Па ўласных словах узнагароджаных, аказаны гонар і прызнанне дасягненняў абавязкова стануць для іх дадатковым стымулам на шляху да новых вяршыняў.
Святочны настрой удзельнікам цырымоніі падарыў калектыў народнага ансамбля народнай песні «Весялуха». Павіншаваць віноўнікаў урачыстасці прыйшлі і выхаванцы яслі-сада №1 г. п. Бешанковічы.

Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прадоўжыліся ўвечары ў цэнтральным парку. Выставы, дзіцячая забаўляльная праграма, гандлёвыя рады, святочны канцэрт, вогненнае шоу і феерверк… Такога свята жыхары райцэнтра не бачылі даўно!


Сваю хвіліну славы ў гэты вечар атрымалі і работнікі філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, якія ў мінулую нядзелю адзначалі прафесійнае свята. Прадстаўнікоў спажывецкай кааперацыі са сцэны павіншавалі Г. У. Унуковіч і Г. М. Шведаў. Лепшыя з лепшых атрымалі граматы і падзякі. А Генадзь Міхайлавіч выканаў яшчэ адну ганаровую місію – адзначыў пераможцаў раённага фотаконкурсу «Мая малая радзіма».

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *