Глава Бешенковичского района Г. Унукович поздравила передовиков жатвы

В трудовых коллективах Важное Дажынкі -- 2020 Заботы сельские

Тысяча тон залатога збожжа – запаветны рубеж кожнага хлебароба. На мінулым тыдні некаторыя рупліўцы сваёй мары дасягнулі і нават пераўзышлі. У сераду з працоўнай перамогай экіпажы камбайнераў, а таксама лепшых вадзіцеляў павіншавалі старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч і яе першы намеснік – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама С. Г. Акуневіч.

Падзякі і грашовыя прэміі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі самыя-самыя. Сяргея Аляксандравіча Радкевіча разам з памочнікам Кірылам Аляксандравічам Мацуганавым – першых тысячнікаў ДП «ПалітаддзелецАгра» – ушаноўвалі на мехдвары сельгаспрадпрыемства. На іх рахунку на той момант было 1010 т збожжа новага ўраджаю.
Галіна Уладзіміраўна шчыра падзякавала героям жніва за самаадданую працу, пажадала далейшых поспехаў на хлебнай ніве. Акрамя таго, старшыня райвыканкама паведаміла пра стан спраў на палетках раёна і пацікавілася, што хвалюе механізатараў. С. А. Радкевіч за штурвалам магутнага агракарабля не ўпершыню, сёлетняя ўборачная кампанія для яго дзясятая, для памочніка – другая. Пытанняў і скарг у іх не было, толькі жаданне хутчэй завяршыць жніво. «Каб дасягнуць мэты, трэба працаваць, старанна і шчыра, бо ад гэтага залежыць якасць і колькасць ураджаю. Трэба максімальна эфектыўна выкарыстоўваць кожную хвіліну», – кажуць хлебаробы. Праца ў сезон уборкі нясе ім радасць і сапраўднае задавальненне.

Перадавікі жніва ёсць таксама ў ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». Гэта вадзіцелі «МАЗаў» Аляксандр Уладзіміравіч Аксюта і Андрэй Іванавіч Страмко. Віншаванні знайшлі сваіх адрасатаў на збожжасушыльным комплексе, дзе хлопцы якраз выгружалі чарговыя тоны. Падчас нашага візіту яны ўжо перавезлі ад камбайнаў 3221 і 1839 тон адпаведна.

Сціпла і стрымана прымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна вядзераўцы: камбайнер Аляксей Ігаравіч Дзенісенка (намалаціў 1000,2 т) і вадзіцель Уладзімір Іванавіч Семянькоў (перавёз 2204,5 т). Механізатары, аднак, не хавалі свайго хвалявання. З дня ў дзень, з года ў год ва ўмелых руках кіпіць справа. Хто, як не яны, варты пашаны? Вялікі гонар паціснуць мазольныя рукі, якім любая праца па сілах, таму і кажуць пра іх – залатыя. Няйначай, як сама родная зямля робіць працаўнікоў моцнымі.

Віншаванні, словы падзякі, узнагароды – усё гэта заняло некалькі хвілін, бо час не чакае, зноў паклікала ніва, і бешанковіцкія аграрыі рушылі насустрач новым працоўным здзяйсненням.Дарэчы, зусім няшмат аддзяляла ад перамогі экіпаж камбайнераў ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». Уладзімір Валер’евіч Пяхота і Іван Юр’евіч Гайдукоў сваю першую тысячу намалацілі ўжо ўвечары таго дня. Гонар і хвала іх працавітым рукам!


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *