Парадак на зямлі – адказнасць кожнага з нас. Дзень Савета ў Верхнякрывінскім сельсавеце

Актуально Важное Год малой родины Общество

У мінулы аўторак гасцей з Бешанковіч – прадстаўнікоў улады і актыву раёна – сустракалі жыхары Верхнякрывінскага сельсавета, дзе прайшоў традыцыйны Дзень Савета.

     Наш пункт прызначэння – аг. Верхняе Крывіна. Накіраваліся туды разам з загадчыкам сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Ж. С. Кіцар і галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т. В. Бажадомавай. На сустрэчу сабралася нямала жыхароў. Людзі дзяліліся сапраўды набалелым. Жыхарка вуліцы Цэнтральнай Т. А. Селіванава расказала пра праблемы з ацяпленнем: «Мы засяліліся ў кватэру ў 1983 годзе і за гэты час акрамя як касметычнага, іншага рамонту не было. Дах працякае, хоць там і замянілі шыфер». «Хочацца жыць не толькі ў бяспечнай краіне, але і ў бяспечнай кватэры. У нашым жа 8-кватэрным доме не бывае свету, няма вады, ацяпленне пячное, у падвале стаіць вада. Дом разбураецца…», – скардзіліся А. А. Туманава і М. І. Кухто, жыхаркі дома №2 вул. Цэнтральнай.

     Ж. В. Зянькову цікавіла магчымасць правядзення газавага ацяплення індывідуальна, у адну кватэру.

     З дарожным пытаннем да членаў рабочай групы звярнулася Н. Я. Гарбачова. Занепакоенасць жанчыны выклікаў стан дарогі з аграгарадка ў Ранчыцы, зарослыя кустамі абочыны. «Няма дзіцячай пляцоўкі. Малым недзе гуляць, збіраюцца на дарозе, а гэта ж небяспечна. Мы згодны дапамагчы абсталяваць яе, толькі давайце збяромся і агульнымі намаганнямі вырашым праблему. Гэта ж нашы дзеці!» – заклікаў А. А. Салаўёў, яшчэ адзін мясцовы жыхар…

     Справаздачу аб выніках працы з насельніцтвам кіраўнікі груп зрабілі ў Верхнякрывінскім сельскім Доме культуры. Першым слова трымаў старшыня Верхнякрывінскага сельвыканкама Э. Э. Турчыновіч, які далажыў пра стан спраў на тэрыторыі сельсавета і асноўныя напрамкі дзейнасці: добраўпарадкаванне населеных пунктаў, развіццё падсобнай гаспадаркі жыхароў і многае іншае.

     Што ж, аднак, хвалюе сёння землякоў? На адсутнасць пад’езду да грамадзянскіх могілак скардзіліся ў вёсцы Крывое Сяло, а дзесьці тэрыторыя вакол могілак увогуле зарасла быльнікам. У аг. Ржаўка прапанавалі ўсталяваць дадатковыя смеццевыя кантэйнеры. У Дабрыгорах узніклі складанасці з набыццём медыцынскіх прэпаратаў і выпіскай рэцэптаў. Жыхары іншых населеных пунктаў прасілі выдаліць аварыйныя дрэвы, аднавіць асвятленне, убраць звалку ля могілак, дапамагчы ў барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага. Былі таксама пытанні па саманарыхтоўцы дроў, абмалоце прысядзібных участкаў, зносе састарэлых дамоў і іншыя. Аднак больш за ўсё звароты грамадзян датычыліся ямачнага рамонту і  грэйдзіравання дарог, навядзення парадку на зямлі…

     Але ж Дзень Савета для таго і патрэбны, каб выслухаць праблемы і дапамагчы ў іх вырашэнні. Некаторыя пытанні вырашацца без цяжкасцей. Напрыклад, з месцам для абсталявання дзіцячай пляцоўкі ў аг. Верхняе Крывіна вызначыліся адразу, нават прапанавалі, што на ёй змясціць. Дапамогуць і астатнім. Добраўпарадкаванне – надзённая тэма, бо кожнаму чалавеку прыемна, калі вакол пануе чысціня і парадак. Чыстыя вуліцы і дамы, месцы пахаванняў, тэрыторыі сацыяльных устаноў – візітная картка нашага раёна. І зацікаўленым у гэтым павінен быць кожны грамадзянін. На гэтым падчас падвядзення вынікаў мерапрыемства зрабіла акцэнт старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч. Шмат хто з жыхароў самі імкнуцца надаць сваім домаўладанням і прысядзібнай тэрыторыі прыгожы выгляд: высаджваюць кветкі, усталёўваюць малыя архітэктурныя формы. І асноўная задача ўлады – дапамагчы ім, падтрымліваць іх ініцыятыву і актыўнасць.

     Галоўная задача такіх Дзён Савета – узаемадзейнічаць з насельніцтвам так, каб не дапусціць спажывецкага стаўлення да зямлі. Навядзенне парадку на ёй – гэта, перш за ўсё, адказнасць кожнага з нас. Верхнякрывінскі сельсавет у плане добраўпарадкавання падвергнуўся крытыцы, таксама, як і работа дэпутацкага копруса. Мы робім сваё жыццё больш камфортным і ўтульным. Калі гэта работа будзе весціся сумеснымі намаганнямі, яна дасць прыкметны і стабільны вынік, ад якога наўпрост залежыць якасць жыцця.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *