В Бешенковичском районе прошли праздники деревень

Актуально Год малой родины Общество

У канцы ліпеня на Бешанковіччыне адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных вялікім і малым вёскам, іх жыхарам. Святы сваіх родных куточкаў адзначылі жыхары населеных пунктаў Промыслы, Гародна, Вяжышча, а таксама вуліцы Школьнай аграгарадка Ржаўка. Радасць урачыстасці з прыдзвінцамі падзяліла і старшыня раённага выканаўчага камітэта Галіна Уладзіміраўна Унуковіч. Дарэчы, людзі не ўпусцілі магчымасці, каб задаць кіраўніку раёна пытанні, якія іх турбуюць. Але пра ўсё па парадку.

«Весялосць у кожны дом»
Так называлася свята вёскі Промыслы, якая славіцца сваімі традыцыямі, гісторыяй, працоўнымі дасягненнямі жыхароў.
Культурная праграма, якую падрыхтавалі артысты Бачэйкаўскага сельскага Дома культуры, ладзілася на ўлонні маляўнічай прыроды, тут і адбылося ўшанаванне жыхароў вёскі, якія пакінулі добры след на гэтай зямлі. Гэта Мікалай Іванавіч Краско – ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь, юбіляр Канстанцін Канстанцінавіч Навацкі, старэйшына вёскі Ульяна Арцёмаўна Навацкая і іншыя. Успомнілі і беларускага пісьменніка Барыса Паўлавіча Беляжэнку, які нарадзіўся і вырас у Промыслах.

Шмат цёплых слоў давялося пачуць віноўнікам урачыстасці ад старшыні Бачэйкаўскага сельвыканкама Г. В. Шчука, дырэктара ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс” Н. В. Краўцовай, старшыні прафсаюзнага камітэта Бешанковіцкага ПМС Г. А. Патоцкай і, безумоўна, старшыні райвыканкама Г. У. Унуковіч, якая не абышла ўвагай ніводнага жыхара вёскі. Дарэчы, скардзіцца вяскоўцам практычна няма на што. Літаральна ў канцы ліпеня ў іх з’явілася новая дарога, чым яны вельмі задаволены. Засталося толькі вырашыць пытанні з сухімі дрэвамі ўздоўж дарогі і плацінай баброў, што прыводзіць да падтаплення земляў.

Добрыя гаспадары жывуць у Гародне
Цікавую і насычаную культурную праграмму для жыхароў вёскі Гародна падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Астровенскага СДК і настаўнікі Астровенскай школы мастацтваў.

Гэта вёсачка пачала будавацца ў 1939 годзе, калі сяляне навакольных хутароў сталі з’язджацца ў адно месца жыхарства, каб стварыць калгас, які спачатку меў назву “Чырвонафлоцец”, а затым стаў калгасам імя Сталіна…
Зразумела, што на свяце вёскі заходзіла размова аб тым, якія добрыя гаспадары жывуць у Гародне. Адзначылі старэйшую жыхарку вёскі Альбіну Іванаўну Новікаву, удзельніка афганскай вайны Аляксандра Мікалаевіча Галаўнёва, уладальнікаў самай прыгожай і добраўпарадкаванай сядзібы Аляксандра Іванавіча і Валянціну Аляксееўну Пажарыцкіх. Пахвалілі таксама сядзібы Таісіі Мікалаеўны Сінкевіч і Валянціны Іванаўны Пятровай.

Расчуленыя вяскоўцы дзякавалі арганізатарам свята за такую ўвагу да іх, за добры канцэрт. А Галіна Уладзіміраўна Унуковіч у сваю чаргу пацікавілася, што хвалюе жыхароў. Пытанні, вядома, знайшліся, і старшыня райвыканкама ўзяла іх на заўвагу.

Няма прыгажэй вуліцы маёй
…Душэўна было і ў аграгарадку Ржаўка, дзе ладзілася свята вуліцы Школьнай. На мерапрыемства завіталі таксама старшыня Верхнякрывінскага сельвыканкама Э. Э. Турчыновіч і дырэктар ЗАТ “ААБ-Агра Наватар”
А. А. Піскуноў.

Падчас свята вядучыя пералічылі імёны дзясяткаў людзей, якія працуюць у мясцовым сельгаспрадпрыемстве і славяць малую радзіму сваімі дасягненнямі. Нямала ўвагі было нададзена і шматдзетным сем’ям (дарэчы, іх на гэтай вуліцы аж тры), настаўнікам… Добрае слова знайшлося пра кожнага жыхара. Расказы гарманічна перапляталіся з музычнымі нумарамі, танцамі, конкурсамі, якія падрыхтавалі для вяскоўцаў самадзейныя артысты Задарожскага Дома культуры і Ржаўскага сельскага клуба.

Несумненна, самым прыемным момантам было ўручэнне заслужаных узнагарод. Дом №12, дзе жыве сям’я Сяргея Сяргеевіча і Юліі Аляксандраўны Адамовічаў, прызнаны домам узорнага парадку. А іх сын Раман адзначаны, як самы маленькі жыхар вуліцы Школьнай, яму споўнілася ўсяго чатыры месяцы.

“Ты самая родная ў свеце”
Калі працаваць, дык рупліва, калі адпачываць, дык нязменна з размахам. Менавіта так вяжышчанцы і святкавалі Дзень вёскі.
Ліліся ракой вершы, песні і прыпеўкі пра роднае сяло і яго слаўных працаўнікоў. Самадзейныя артысты дарылі сваю творчасць малой радзіме, самым блізкім і любімым людзям. Дзякавалі пажылым за цяжкую працу, якой тыя прысвяцілі ўсё жыццё, настаўлялі маладых, віншавалі юбіляраў. І артысты, і жыхары, і госці свята пускаліся ў скокі, словам, весяліліся ад душы.

А якія ж цудоўныя былі выставы! “Матуліна хустка” — ад сям’і Любові Грыгаровіч, а “Смачны куток” і “Карагод кветак” жыхары рыхтавалі ўсе разам. Самымі-самымі аказаліся пірагі Н. С. Міхайлавай і кветкі старэйшыны С. Э. Марціновіч. Карціны са скуры і разьба па дрэве – справа ўмелых рук І. Г. Самарынай і П. В. Полазава. Прыз за лепшую сядзібу старшыня Соржыцкага сельвыканкама А. З. Шахорская ўручыла Т. У. Скуратавай, за развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі была адзначана і дэпутат Вяжышчанскай выбарчай акругі №1 Т. В. Пятрашка. Не абышлі ўвагай таксама шматдзетных бацькоў, якіх у вёсцы нямала, гэта сем’і Паўла і Кацярыны Полазавых, Аляксандра і Валянціны Віткоўскіх, Мікалая і Ганны Паўлавых, Юрыя і Алены Драздовых.

…Нашы вёсачкі часам не ўбачыш на карце, але кожная з іх столькі значыць для жыхароў. Спакон веку яны тут працуюць, спраўляюць вяселлі, гадуюць дзетак. А калі нават і давядзецца павандраваць, то ўсё роўна вяртаюцца дадому, як, напрыклад, Валянціна Пятроўна Кавалеўская, бо тут жыве памяць, тут роднае карэнне. “Ты самая родная ў свеце” – невыпадкова ж і свята мела такую назву. Усёй душой вяскоўцы перажываюць за лёс сваёй малой радзімы. Ім хочацца, каб ферму захавалі, каб вёска жыла, а людзям і далей было дзе працаваць, узгадваць слаўнае мінулае, годную сучаснасць і верыць у будучыню, яшчэ больш шчаслівую, якую будаваць ужо новым пакаленням вяжышчанцаў.

Алена МАРОЗАВА, Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *