Белорусские женщины сказали своё слово

Актуально Важное

Душэўна, шчыра, на разрыў… Так можна ахарактарызаваць атмасферу, якая панавала ў «Мінск-Арэне» ў мінулы чацвер, 17 верасня. Сюды з’ехаліся прадстаўніцы прыгожага полу з усіх куткоў нашай краіны, каб прыняць удзел у агульнарэспубліканскім жаночым форуме «За Беларусь!». Актыўныя, мэтанакіраваныя, неабыякавыя да лёсу Радзімы жанчыны сабраліся разам, каб абараніць свой выбар і выказаць агульную для ўсіх пазіцыю: «Мы – за мір, спакой і стабільнасць!».

Мы, беларусы, чвэрць стагоддзя будавалі, стваралі нашу краіну, у якой сёння ёсць усе ўмовы для развіцця кожнага з нас. Мы не маем права страціць Беларусь, за намі стаяць нашы дзеці, ад нас залежыць, якой будзе іх будучыня. І цяпер, калі над роднай зямлёй згушчаюцца цёмныя хмары, згуртаванне жанчын – стваральніц, захавальніц сямейнага ачага, маці – як ніколі важна. Моцныя, прыгожыя, разумныя, незалежныя, беларускі сказалі сваё слова. Яно напаўняла сэрцы ўсіх прысутных у зале любоўю і гонарам за Радзіму. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца – у рэйтынгу аховы здароўя Беларусь абышла ўсе краіны СНД, паспяхова развіваецца наша сістэма адукацыі, займаючы годнае месца ў міжнароднай адукацыйнай прасторы, паступальна рухаецца наперад сельская гаспадарка, прамысловасць, з кожным годам прыгажэюць нашы гарады … Але, на жаль, праз прызму тэлеграм-каналаў зразумець гэта даволі складана. Падняўшыся на сцэну «Мінск-Арэны», намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан з горыччу прызнала, што баіцца за маладое пакаленне: «Мы, жанчыны, не можам заставацца абыякавымі да таго, што адбываецца сёння з нашымі дзецьмі. Іх уцягваюць у гэтыя страшныя, вар’яцкія тэлеграм-квэсты, тым самым распальваючы самую страшную вайну – вайну па перакананні…» Галоўнае цяпер – не дапусціць, каб моладзь станавілася марыянеткай у чужых руках.

З просьбай захоўваць веру і любоў да Бога, Радзімы, родных і блізкіх да удзельніц форуму звярнулася настаяцельніца Гродзенскага Свята-Раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ігумення Гаўрыіла. «Усіх вас Творца ўзнагародзіў вышэйшым дарам мацярынства. Вам пара ўспомніць пра сваё праўдзівае прызначэнне – быць добрымі, пяшчотнымі і любячымі маці і жонкамі». Нездарма кажуць, матчына любоў творыць цуды.

Гаварылі на форуме і пра каштоўнасць дзяржаўнай сімволікі. Чэмпіёнка свету па сучасным пяцібор’і Анастасія Пракапенка, напрыклад, упэўненая, што няма нічога даражэй за свой гімн і сцяг: «Я ўдзячная бацькам і дзядам, якія будавалі нашу краіну. Яны абралі гэты сцяг – сімвал нашай краіны, перамогі. У ім заключаецца ўсё».
Не аднойчы са сцэны гучалі заклікі працаваць не пакладаючы рук. Толькі ў гэтым залог стабільнасці і будучага росквіту краіны. Як і ў адзінстве народа. Адна за адной беларускія жанчыны падыходзілі да «адкрытага мікрафона», адзначаючы важнасць грамадзянскай згоды. Пройдзеныя ў розныя гады выпрабаванні раз за разам даказвалі, што перамагаць, ісці да новых вяршыняў можна толькі разам, унутраны ж разлад – гэта непазбежны тормаз у развіцці краіны. «Цяпер самы час паглядзець адзін аднаму ў вочы і зразумець, што мы аднолькава любім сваю краіну. І каб яна была моцнай, яна павінна заставацца адзінай» – гэтая думка, якая прагучала з вуснаў педагога з Полацка, у чарговы раз выклікала гучныя авацыі залы, а ў след з гонарам прагучала: «За Беларусь!».

Усё, што адбывалася ў «Мінск-Арэне», цяжка перадаць словамі. Гэтым днём упісана яркая старонка ў гісторыі новай Беларусі. Пра гэта заявіў Прэзідэнт краіны А. Р. Лукашэнка, з’яўленне якога стала нечаканасцю для ўсіх. Аляксандр Рыгоравіч, нягледзячы на занятасць (час форуму супаў з першым этапам сумесных з Расіяй ваенных вучэнняў «Славянскае братэрства – 2020», за арганізацыю якіх асабіста адказвае кіраўнік беларускай дзяржавы), усё ж не мог прапусціць такую значную падзею і не павітаць лепшых дзяўчат і жанчын краіны. Дарэчы, Прэзідэнт прыняў рашэнне другі этап вучэнняў правесці ў гонар беларускіх жанчын. Аляксандр Рыгоравіч шчыра падзякаваў усім прысутным за падтрымку і распавёў, што адбываецца ў краіне і вакол яе, хто спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі. «Мы разумеем, што ў іх арсенале засталося зусім няшмат прыёмаў, перш чым развязаць гарачую вайну. Таму мы вымушаныя адвесці войскі з вуліц, як я ўжо казаў, палову арміі паставіць пад ружжо і зачыніць дзяржаўную мяжу з Захаду, перш за ўсё з Літвой і Польшчай. Мы вымушаныя ўзмацніць дзяржаўную мяжу, на вялікі жаль, з нашай брацкай Украінай», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да ўдзельніц форуму з просьбай: «Вы вернецеся дадому. Скажыце ў кожнай вёсачцы, у горадзе, вялікім і малым, скажыце людзям пра тое, што адбываецца на самой справе. Сёння пытанне Беларусі, Расіі і, можа, усёй Еўропы, не толькі Усходняй, вырашаецца тут. Нельга давесці да гарачай вайны», – падкрэсліў беларускі лідар.
За дзень да форуму падчас сустрэчы з палітычным актывам краіны Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што разам мы вернем у Беларусь спакойны рытм жыцця і працягнем будаваць нашу незалежную будучыню. А пры падтрымцы такой колькасці прадстаўніц, як высветлілася, далёка не слабага полу, гэтая ўпэўненасць, пагадзіцеся, становіцца больш пераканаўчай.

Святлана ВАРОШКА.
Фота БелТА і аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *