На минувшей неделе на заслуженный отдых проводили заместителя председателя Бешенковичского райисполкома С.М.Овчинникова

Актуально Важное Общество

Пятніца 6 лістапада стала апошнім працоўным днём для намесніка старшыні райвыканкама С. М. Аўчыннікава. Урачыста праводзіць Сяргея Міхайлавіча на заслужаны адпачынак прыйшлі яго калегі, кіраўнікі падведамных прадпрыемстваў і арганізацый.

На плячыма гэтага чалавека велізарны прафесійны і жыццёвы вопыт, галоўныя рысы яго характару – мэтанакіраванасць і справядлівасць. Сяргей Міхайлавіч ніколі не адступае ад пастаўленых мэт, заўсёды стараецца знайсці выхад з любых сітуацый, даць мудрыя парады, дапамагчы. Фактычна ўсё сваё жыццё ён прысвяціў будаўніцтву, працуючы на розных пасадах. І заўсёды быў цвёрды ў сваіх рашэннях, як і належыць сапраўднаму кіраўніку, за гэта і карыстаецца вялікім аўтарытэтам.

Працоўны шлях С. М. Аўчыннікава пачаўся ў далёкім 1980 годзе, пасля заканчэння Наваполацкага політэхнічнага інстытута. Атрыманыя ў вну веды, а таксама здабываемы з гадамі вопыт дазволілі Сяргею Міхайлавічу хутка падымацца ўверх па службовай лесвіцы. Працаваў у міжкалгаснай перасоўнай механізаванай калоне №18 у Бешанковічах, ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва, камунальнай службе раёна, у будаўнічых арганізацыях Віцебска, апошнія 12 гадоў з’яўляўся намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта.

Быў у жыцці і Афганістан… Мабыць, той стрыжань крэпасці, непарушныя маральныя прынцыпы, урокі стойкасці, якія падаваў яму лёс, і сталі асновай яго характару.
Увод у эксплуатацыю жылля, мэтавы паказчык па энергазберажэнні, інвестыцыі ў асноўны капітал па курыруемых прадпрыемствах, выкананне сацыяльных стандартаў у раёне – гэтыя і многія іншыя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Бешанковіччыны кантраляваў С. М. Аўчыннікаў. Вялікую ўвагу надаваў пытанням бяспекі дарожнага руху, прадухілення надзвычайных сітуацый, добраўпарадкавання і навядзення парадку ў населеных пунктах рэгіёна, рамонту жыллёвага фонду, будаўніцтву дарог… Але, мабыць, толькі Сяргей Міхайлавіч і яго каманда ведалі, чаго каштавала з’яўленне на свет таго ці іншага аб’екта. Даводзілася пераконваць, даказваць, часам і ісці насуперак нават высокаму меркаванню…

Знаходзячыся на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама, С. М. Аўчыннікаў ахвотна дзяліўся сваім багатым прафесійным вопытам з кіраўнікамі і спецыялістамі прадпрыемстваў рэгіёна, аказваў садзейнічанне іх ініцыятывам у пошуку новых дзелавых кантактаў, часта ў вырашэнні пытанняў браў увесь груз адказнасці на сябе. Гэтыя якасці не засталіся не заўважанымі. Граматы і падзякі, якіх у гэты дзень быў удастоены Сяргей Міхайлавіч, – таму пацвярджэнне. Уручаючы свайму намесніку заслужаныя ўзнагароды, кіраўнік раёна Г. У. Унуковіч ад імя раённага выканаўчага камітэта і ад сябе асабіста шчыра падзякавала Сяргею Міхайлавічу за шматгадовую добрасумленную працу на карысць Бешанковіччыны, адзначыўшы, што ёй было прыемна працаваць з ім у адной камандзе. Галіна Уладзіміраўна выказала надзею, што нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак іх сувязі не перарвуцца, бо граматны ўзважаны савет чалавека, які жыў і хварэў сваёй справай, можа не раз спатрэбіцца яго былым калегам. Апошнія ж, у сваю чаргу, не скупіліся на віншаванні. Знайсці сябе ў новым статусе, захоўваць бадзёрасць духу і моцнае здароўе на доўгія гады – гэтыя пажаданні, а таксама падарункі і букеты кветак дапоўнілі ўрачыстасць моманту.

У адказным слове С. М. Аўчыннікаў падзякаваў усім за віншаванні, якія прагучалі ў яго адрас. «Дзякуй вам за сумесную працу, – адзначыў Сяргей Міхайлавіч. – Усе гэтыя гады я стараўся быць справядлівым, рабіць усё, што мог, каб наш раён развіваўся, прыгажэў, каб з’яўляліся новыя будынкі, а людзі, якія тут жывуць, адчувалі сябе камфортна. Я хачу папрасіць прабачэння ў тых, каго мімаволі пакрыўдзіў, у тых, чые надзеі не апраўдаў… Усім жадаю дабрабыту і далейшых поспехаў у працы!»

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *