В Бешенковичском районе проходит месячник обеспечения безопасных условий работы в зимний период

Важное Общество

З 16 студзеня па 22 лютага ў Бешанковіцкім раёне праходзіць месячнік забеспячэння бяспечных умоў працы ў зімовы перыяд. Адпаведнае распараджэнне №15р падпісана старшынёй раённага выканаўчага камітэта Г. У. Унуковіч.

  Згодна з дакументам, у раёне будзе праведзены маніторынг па пытаннях прадухілення неспрыяльнага ўздзеяння мікраклімату на працоўных месцах, ажыццёўлены мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне прадукцыйнасці працы, працаздольнасці. Абследаванні прадпрыемстваў і арганізацый у мэтах выяўлення і ліквідацыі парушэнняў патрабаванняў бяспекі пры выкананні работ у зімовы перыяд будзе праводзіць спецыяльная мабільная група райвыканкама.
  Кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання ўсіх формаў уласнасці пад персанальную адказнасць даручана арганізаваць своечасовае выкананне работ па ачыстцы дахаў, карнізаў будынкаў і збудаванняў ад снегу і лёду, забяспечыць правядзенне супрацьгалалёдных мерапрыемстваў (своечасова пасыпаць тэрыторыі арганізацый пяском ці іншымі супрацьслізготнымі сродкамі, расчышчаць дарогі, тратуары, праезды і праходы ад снегу і лёду). Небяспечныя зоны магчымага падзення снегу, наледзі і ледзяшоў павінны быць агароджаны.
  Для работнікаў шэрагу прафесій, якія па родзе сваёй працоўнай дзейнасці вымушаны працаваць на адкрытым паветры ў неспрыяльных метэаралагічных умовах (будаўнікі, дарожныя рабочыя і г. д.), наймальнікам неабходна забяспечыць бяспечныя ўмовы працы, прадугледзець дадатковыя перапынкі ў працы для абагравання і адпачынку, выдаваць сродкі абароны для працы ва ўмовах нізкіх тэмператур паветра.
  Асаблівую ўвагу варта надаць і агляду вентыляцыйных сістэм і цеплавых завес, выкананню неабходных відаў і аб’ёмаў работ па ацяпленні, уцяпленні і асвятленні вытворчых будынкаў, рамонце аконных рам, уцяпленні дзвярных і аконных праёмаў, варот гаражоў. У выпадку выяўлення аб’ектаў, якія знаходзяцца ў аварыйным стане або ўяўляюць небяспеку для навакольных, неабходна абмежаваць доступ да іх і прыняць меры па зносе такіх аб’ектаў ва ўстаноўленым парадку.
Прадстаўнікам кантрольна-наглядных органаў даручана актывізаваць работу па спыненні фактаў парушэння заканадаўства аб ахове працы, надаць увагу выкананню патрабаванняў Дырэктывы №1 у частцы распіцця спіртных напіткаў у працоўных калектывах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *