Начальник Бешенковичской инспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды С.А.Карась занесён на Доску почёта Минприроды

Актуально В трудовых коллективах

Ахова навакольнага асяроддзя для Сяргея Аляксандравіча Карася даўно з’яўляецца не проста працай, а сэнсам жыцця. Пасада начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя не абмяжоўваецца сценамі рабочага кабінета, наадварот, ім служыць… практычна ўся тэрыторыя Бешанковіччыны.

Увага спецыяліста патрэбна паўсюль: ад сустрэч са школьнікамі, азелянення прыдарожных палос, населеных пунктаў да навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання райцэнтра, вялікіх і малых вёсачак нашага краю. Напэўна, таму і вестка пра тое, што рашэннем калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь начальнік Бешанковіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С. А. Карась занесены на Дошку гонару міністэрства, застала яго знянацку. Як кажа сам Сяргей Аляксандравіч, да нейкіх вышынь у прафесійнай кар’еры ён не імкнуўся, проста працаваў, належным чынам стараўся выконваць свае службовыя абавязкі, а гонар і пашана знайшлі яго самі.

На Дошку гонару Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь С. А. Карась занесены ад Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адзін. Яго прозвішча значыцца ў спісе лепшых работнікаў сістэмы міністэрства, якія ўнеслі значны ўклад у справу аховы навакольнага асяроддзя, забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, дасягнутыя высокія вынікі ў працоўнай дзейнасці ў 2020 годзе. І гэта не адзіная яго сёлетняя ўзнагарода — за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку і правядзенне грамадска-палітычных мерапрыемстваў на цырымоніі ўшанавання лепшых людзей года, якая праходзіла ў Віцебску, С. А. Карасю ўручана Падзяка старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.

Працаваць заўсёды лягчэй, калі ёсць каманда аднадумцаў. Галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Т. С. Гры-гор’ева — правая рука і першы памочнік свайго кіраўніка. У інспекцыі Таццяна Сяргееўна ўжо больш як два дзесяцігоддзі. Амаль дваццаць гадоў спецыялісты
працуюць разам. Іх тандэм нацэлены на агульны поспех, вынікі якога відавочныя: за шматгадовую добрасумленную працу, паспяховае і ўзорнае выкананне сваіх
службовых абавязкаў Т. С. Грыгор’ева адзначана Падзякай старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Ёсць у службы і памочнікі з ліку грамадскіх эколагаў. Такіх на Бешанковіччыне пяць чалавек. Пра Вольгу Васільеўну Аўчыннікаву добра ведаюць не толькі
ў вобласці, але і ў рэспубліцы. У 2018 год- зе жанчына па выніках дзейнасці заняла другое месца ў краіне, летась стала трэцяй у абласным этапе конкурсу на лепшага грамадскага эколага. Ахова навакольнага асяроддзя — гэта цэлая сістэма грамадскіх і дзяржаўных мер, накіраваных на гарманічнае суіснаванне прыроды і чалавека. Такія меры могуць быць як міжнароднымі, адміністрацыйна-прававымі, эканамічнымі, так і тэхналагічнымі, асветніцкімі, накіраванымі таксама на ўзнаўленне і захаванне прыродных рэсурсаў, што вельмі важна не толькі для сённяшняга, але і для наступных пакаленняў. Працаваць сістэмна, робячы акцэнт на прафілактыку і навядзенне парадку на зямлі, і стараюцца бешанковіцкія эколагі. За апошнія 3–4 гады ў раёне стала менш фіксавацца адміністрацыйных правапарушэнняў у галіне захавання прыродаахоўнага заканадаўства.

З дзецьмі праводзіцца прафілактычная работа ў час урокаў, ладзяцца сустрэчы школьнікаў са спецыялістамі інспекцыі, конкурсы малюнкаў на прыродаахоўную тэматыку. Сітуацыя на тэрыторыі раёна аналізуецца ў час рэйдавых праверак па недапушчэнні і спыненні парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, якія
здзяйсняюцца ў тым ліку сумесна са спецыялістамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага аддзела ўнутраных спраў, санітарнай, іншых за-
цікаўленых службаў. Пастаянна сочаць эколагі за захаваннем правілаў эксплуатацыі палігона цвёрдых бытавых адходаў, які таксама патрабуе кантролю з боку спецыялістаў, за рухам смеццявозаў. З прыходам вясны актывізавалася работа па навядзенні парадку на зямлі, недапушчэнні выпадкаў выпальвання сухой
расліннасці, у выніку чаго, апрача шкоды, нанесенай прыродзе, у Чашніцкім раёне ўжо сёлета загінула пажылая жанчына.

Захоўваць прыродныя багацці, берагчы іх, як зрэнку вока, жыць у гармоніі з прыродай стараецца невялічкі калектыў раённай інспекцыі і заклікае рабіць так усіх жыхароў нашага раёна.

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *