Быстрее! Выше! Сильнее! Чем запомнилась «Бешенковичская лыжня-2022»?

Важное Здоровье Спорт

Эстафеты, індывідуальныя лыжныя гонкі і іншыя выпрабаванні на трываласць, духмяная гарбата, гарачыя бліны, вясёлыя песні, размовы ля вогнішча… Такім запомнілася раённае спартыўна-мастацкае свята «Бешанковіцкая лыжня‑2022», што сабрала ў мінулую суботу ў парку Ткачэнкі каля 200 аматараў здаровага ладу жыцця.

Падчас урачыстага адкрыцця мерапрыемства яго гасцей віталі старшыня райвыканкама Галіна Унуковіч, старшыня райсавета дэпутатаў Г. М. Шведаў, а таксама намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Т. І. Ждановіч і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў С. В. Бабаед (менавіта гэтыя арганізацыі выступілі ў якасці спонсараў мерапрыемства, падрыхтаванага ФСК «Дзвіна»). Віншаванні і пажаданні цудоўнага настрою былі адрасаваны ўдзельнікам спаборніцтваў і ўсім, хто прыйшоў падтрымаць спартсменаў. У праграме свята прымалі ўдзел кіраўнікі райвыканкама, раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, каманды прадпрыемстваў і арганізацый раёна, усе жадаючыя.

Рыхтаваліся сур’ёзна і заўзята. Пакуль суддзі рэгістравалі прыбыўшых, тыя, хто прыехаў раней, ваўсю разміналіся, спрабавалі трасу. Ні лёгкі мароз, ні снег, які ўзняўся знянацку, не перашкодзілі баявому духу, ён панаваў на працягу ўсяго мерапрыемства.

Барацьба была ўпартай. Сярод прадпрыемстваў і арганізацый раёна дыстанцыю ў 1 км лепш за ўсіх пераадолелі прадстаўнікі ДЛГУ «Бешанковіцкі лясгас», другое месца ўзяў калектыў СШ №2 г.п. Бешанковічы імя М. М. Ткачэнкі, трэцяе заваяваў райвыканкам. У эстафеце сярод аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама першае месца – у аддзела па адукацыі, другое заняла каманда ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, трэцяе – упраўлення справамі. Лепшымі ў сваім забегу прызнаны лыжнікі Ульскага, Астровенскага і Бешанковіцкага сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Пасля эстафет настаў час масавых гонак, у якіх прымалі ўдзел усе, хто жадаў выпрабаваць сябе. Пераможцы індывідуальных гонак – Вячаслаў Петухоў, Антон Целепнеў, Сяргей Ткачонак, а таксама Крысціна Маскаленка, Вольга Фіешка, Святлана Дзядкова.

Узнагароду атрымаў і самы юны ўдзельнік спаборніцтваў – вучань СШ №1 райцэнтра Андрэй Дзямешка. Самымі меткімі ў дартсе былі Мікалай Тоўпенец, Галіна Унуковіч, Уладзімір Кухто.

Не сумавалі і балельшчыкі. Кожны змог тут знайсці справу па душы. Працаваў гандаль, прысмакамі частавалі Бешанковіцкі філіял аблспажыўтаварыства, раённы гісторыка-краязнаўчы музей (заклікаў да самавара і прапаноўваў прыгатаваную на вогнішчы юшку), Свячанскі сельскі клуб (аматарскае аб’яднанне «Прырода і здароўе») і Дом фальклору, весялілі гасцей культработнікі.

 

Было чым заняцца на свяце аматарам сілавых практыкаванняў, для іх прапанавалі армрэстлінг, гіравы спорт і перацягванне каната. У ліку самых моцных гіравікоў – Юрый Цапота, Яўген Гарох, Сяргей Лісічонак. У армрэстлінгу не было роўных Аляксандру Ерашову, Івану Талстому і Яўгену Гароху. Каманда КУБП «Бешанковіцкая ПМК‑41» узяла Кубак пераможцы ў перацягванні каната, якое і завяршыла святочную праграму. Зімовае свята атрымалася на высокім узроўні і было па-сапраўднаму цёплым!

Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *