Жительница Бешенкович Софья Овчинникова — в числе победителей республиканского конкурса, посвящённого Году народного единства

Образование

 

Вучаніца 10 класа ДУА «Сярэдняя школа №2 г. п. Бешанковічы імя М. М. Ткачэнкі» Соф’я Аўчыннікава названа ў ліку пераможцаў рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году народнага адзінства, і ўзнагароджана дыпломам 2 ступені ў намінацыі «Творы народных майстроў».

Конкурс, які Нацыянальная акадэмія навук Рэспублікі Беларусь праводзіла ўпершыню, быў накіраваны на ўмацаванне кансалідацыі беларускага грамадства і нацыянальнага адзінства, фарміраванне пачуцця гонару за гераічнае мінулае, падтрымку таленавітых творчых людзей, папулярызацыю гісторыі і культуры Беларусі і стаў яркай падзеяй мінулага года. Да ўдзелу ў ім прымаліся творчыя работы, напісаныя грамадзянамі нашай краіны індывідуальна або ў суаўтарстве, якія раней не прадстаўляліся на конкурсы і не публікаваліся. Усяго было прадстаўлена больш за 1500 твораў розных жанраў: песні, вершы, апавяданні, эсэ, проза, літаратурныя нарысы, навуковыя даследаванні, творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фатаграфіі, відэаролікі, а таксама кароткаметражныя фільмы па арыгінальных сцэнарыях. І з усёй гэтай вялікай колькасці работ журы адбірала найлепшыя творы па 7 намінацыях. Сярод іх вылучылі і даследаванне нашай юнай зямлячкі.

— Як прыйшла ідэя прыняць удзел у такім сур’ёзным конкурсе? — пытаюся ў Соф’і.

— Зрабіць гэта мне прапанавала мая настаўніца гісторыі Алена Міхайлаўна Гладкова, — расказвала дзесяцікласніца. — Даследаванне па традыцыйнай цаццы-свістульцы — тэма для мяне блізкая і цікавая. Ёй займаецца мая маці Алеся Іванаўна, якая працуе загадчыкам філіяла «Бешанковіцкі раённы Дом рамёстваў» раённага Цэнтра культуры, з’яўляецца майстрам па кераміцы і роспісу па шкле, членам клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў пры раённым Доме рамёстваў, а таксама членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Менавіта яна аднавіла амаль згублены від мясцовай народнай творчасці — «Бешанковіцкую свістульку», таму і была маім «навуковым кіраўніком», дапамагла з пошукам патрэбнай літаратуры, дзялілася ведамі.

— Ці верылася ў перамогу, калі накіроўвалі матэрыялы на конкурс такога высокага ўзроўню?

— Хацелася, канешне, каб маю працу заўважылі, але не думала, што займу другое месца. Часу на даследаванне затрачана шмат. Першая прэзентацыя была яшчэ ў школе, пасля дапрацоўкі работу накіравалі на рэспубліканскі конкурс — і вось яна, перамога…

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу творчых работ, прысвечанага Году народнага адзінства, праходзіла ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Запрашэнне на яго атрымала і Соф’я, але паехаць з-за хваробы не атрымалася. Дыплом, падарункі ад арганізатараў (дзве кнігі — выданні НАН Беларусі, медаль, флэшку, каляндар, кубак, аловак, ручку з блакнотам) у Бешанковічы даслалі па пошце. Пасылка прыйшла якраз напярэдадні навагодніх святаў і зрабіла іх яшчэ больш урачыстымі і запамінальнымі. Амаль адначасова ў сям’ю Аўчыннікавых прыйшла і вестка аб прысваенні А лесі Іванаўне ганаровага звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь». Свята атрымалася трайным.

— Я вельмі ганаруся сваёй матуляй, — кажа Соф’я, — вялікі дзякуй ёй за дапамогу і маральную падтрымку, а таксама Алене Міхайлаўне, сяброўцы Яніне, якія верылі ў мяне, былі побач, натхнялі на перамогу. Цяпер у мяне ёсць падстава ганарыцца сабой. Сваім равеснікам хачу параіць не баяцца брацца за нешта новае, быць удзельнікамі мерапрыемстваў нават самага высокага ўзроўню, верыць у сябе — і ў вас абавязкова ўсё атрымаецца. ездарма кажуць, што дарогу можа асіліць толькі той, хто ідзе.
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *