Центральный парк в Бешенковичах помнит Петра I и Наполеона I

Актуально К 575-летию Бешенкович Общество

Напярэдадні 575-годдзя з дня першага ўпамінання Бешанковіч у гістарычных летапісах у цэнтральным парку райцэнтра вядуцца работы па добраўпарадкаванні, працягваецца рэканструкцыя будынка Бешанковіцкай дзіцячай школы маста- цтваў. У іх правядзенні задзейнічаны ПМК‑41, Бешанковіцкі камунальнік, прадпрыемства меліяра цыйных сістэм, раён газазабеспячэння. Работы ў парку вядуцца ў яго цэнтральнай частцы, а ўсяго на сённяшні дзень захаваліся тры асобныя фрагменты парку, якія ўваходзяць у склад ансамбля, што фарміраваўся з канца XVII да пачатку XIX стагоддзяў. Давайце разам узгадаем гiсторыю знакамiтага i дзiўнага аб’екта.

Парку ў Бешанковічах больш за 300 гадоў. Ён перажыў мноства гістарычных падзей, па яго алеях і сцяжынках у свой час гулялі рускі цар Пётр І, імператар Францыі Напалеон І, яго пераможца імператар Расійскай імперыі Аляксандр I, многія прадстаўнікі беларуска-літоўскіх магнацкіх родаў. Асобныя дрэвы парку памятаюць яшчэ і былых уладальнікаў мястэчка: Сапег, Агінскіх, Храптовічаў.

Кампазіцыя Бешанковіцкага парку фарміравалася ў два перыяды. Ранні — 2-я палова XVII — XVIII стагоддзяў, калі маёнтак у Бешанковічах ад Сапегаў перайшоў да князёў Агінскіх. У гэты час у Заходняй Еўропе асобага росквіту дасягнуў парк рэгулярнага (французскага) стылю. У 1775 годзе сядзіба перайшла ў валоданне графскага роду Храптовічаў, пры якіх у пачатку XIX стагоддзя парк перапланаваны ў пейзажны.

Планіроўка маёнтка вызначалася невыразнасцю сіметрычна-восевай кампазіцыі. Уязная дарога (зараз вул. Камуністычная) вяла да маёнтка з заходняга боку, уздоўж параднага фасада палаца. Уезд быў фіксаваны брамай. На поўнач ад уезду знаходзіліся домік садоўніка і вялікая, выцягнутая ўздоўж дарогі аранжэрэя. Асноўны акцэнт першай паркавай перспектывы складаў невялікі (дыяметрам 40 м) вадаём з востравам і маляўнічым домікам для лебедзяў. Форма вадаёма добра захавалася. У сувязі з пракладкай дарогі па вуліцы Камуністычнай узровень вады падняўся і затапіў востраў. Захаваліся таксама невысокія, каржакаватыя дубы, высаджаныя каля берага з боку ўезду, па тры ў групе. Акцэнтам далёкай перспектывы быў палац, змешчаны ад асноўнай восі ўглыб парку, ён праглядваўся скрозь разрэджаны дрэвастой дуба. Частка парку перад палацам была адкрытая, у пачатку XX стагоддзя тут рос вялікі жывапісны экземпляр лоха вузкалістнага. А вось газон не захаваўся. На яго месцы зараз праходзіць шашэйная дарога.

Цэнтральная ліпавая алея за палацам працягвалася таполевай. Яна ішла ўздоўж гая змешанага складу, а ва ўсходняй частцы парку, па краі сядзібы, пераходзіла ў бярозавую алею (зараз вуліца Абазоўскага), арыентаваную ў бок Заходняй Дзвіны.

Паўночная частка парку займала тэрыторыю, якая злёгку паніжалася да ракі. На ёй выразна выяўлены дзве тэрасы. На першай зараз знаходзяцца школьныя будынкі, музей і гаспадарчыя пабудовы, на другой — брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У сувязі з новай забудовай першапачатковая планіроўка страчана. Добра праглядаецца цэнтральная пешаходная сцяжынка ўздоўж асноўнай восі парку, якая перасякае тэрасы. Аснову насаджэнняў тэрас складаў дрэвастой разрэджанай дубравы. Дуб чарэшчаты дамінаваў і ў іншых частках парку. На другой тэрасе захаваліся некалькі яго экземпляраў узростам болей за 300 гадоў. Бытуе легенда, што пад адным з такіх дубоў у ліпені 1812 года французскі імператар Напалеон I Банапарт адпачываў і назіраў за пераправай свайго войска праз Заходнюю Дзвіну.

Паўночнай натуральнай мяжой сядзібы была рака. Адсюль, з высокага крутога берага, адкрывалася жывапісная панарама на зарэчныя далі. Калі-небудзь вясной вада выходзіла з берагоў і залівала поймавую дубраву.  Паўднёвая частка парку была прамавугольнай формы. Пярэднюю перспектыву ўтвараў паркавы партэр, на дальнім плане па асноўнай восі размяшчалася сажалка з альтанкай на супрацьлеглым беразе. Сажалка невялікая, лунападобнай формы, з выразным мысам і бетанаваным дном. Па словах старажылаў, рэгулярна перад чысткай ваду спускалі, адчынялі спецыяльную засаўку ў сцяне вадаёма і напаўнялі яго чыстай вадой. Гэта дазваляе выказаць здагадку аб адмысловай дрэнажнай сістэме ў парку. У сажалцы вырошчваліся рэдкія расліны, напрыклад, гарлачык розавы, гарлачык белы, белакрыльнік, эладэя канадская і іншыя. Дарэчы, наконт форм двух сажалак жыхары Бешанковіч выказваюць

некалькі версій. Адны сцвярджаюць, што круглы вадаём прызначаўся для дзённых прагулак, бо нагадваў сонца. А той, што ля стадыёна, — для начных прагулак (яго форма нагадвала луну). Іншыя лічаць, што сажалкі сімвалізуюць вока і сэрца арла. Можа, і ў вас, паважаныя чытачы, ёсць сваё меркаванне, чаму вадаёмы ў парку выглядаюць менавіта так? Тэлефануйце ў рэдакцыю, нам цікавы ваш пункт гледжання.

З усходняга боку паркавы партэр з вадаёмам абмяжоўвала ліпавая алея, з заходняга — конскакаштанавая алея, якая ўтварала цэнтральны баскет прамавугольнай формы. На захад ад ліпавай алеі знаходзіўся баскет з пладовым садам (знішчаны ў час будаўніцтва гарадскога стадыёна). У Бешанковіцкім парку раслі пузыраплоднік каліналістны, парэчка чорная, махровыя формы розы калючай.

Фасад палаца ўпрыгожваў вінаград. Параўнальна густая, разнастайная сетка алей вызначала своеасаблівасць складанага і працяглага прагулачнага шляху, выконвала дэкаратыўнае і структурна-гаспадарчае назначэнне вельмі вялікай сядзібы, якая ўключала ў сябе палац, парк, сады, агароды, гадавальнікі, гаспадарчыя службы.

Да цяперашняга часу парк значна перапланаваўся, набыў новыя кампазіцыйныя цэнтры. Але, па-ранейшаму, не страціла значэння яго цэнтральная гістарычная частка з палацам — помнікам архітэктуры 2-й паловы XVIII стагоддзя, пабудаванага ў стылі ранняга класіцызму на ўзор гарадскога асабняка. П-падобны ў плане будынак фарміруе цэнтральны двухпавярховы корпус, выцягнуты наперад і фланкіраваны аднапавярховымі флігелямі.

Рашэннем Віцебскага аблвыканкама №297 ад 16 ліпеня 1976года фрагменты парку ў г. п. Бешанковічы (у складзе ансамбля») узяты пад ахову дзяржавы. Пастановай Савета Міністраў БССР №32 ад 18лютага 1988года «Палацава-паркавы ансамбль» унесены ў спіс помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння Беларускай ССР.

У адпаведнасці з рашэннем Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны №71 ад 28 лютага 2002 года помнік архітэктуры «Ансамбль былога палаца Храптовічаў» быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У 1997 годзе Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль абвешчаны асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыяй мясцовага значэння. На сённяшні дзень — гэта батанічны помнік прыроды мясцовага значэння. Уласнікам (землекарыстальнікам) з’яўляецца ўнітарнае камунальнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Бешанковіцкі камунальнік».

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.

(Па матэрыялах раённага гісторыка-краязнаўчага музея).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *