Фёдор Шаирка — один из редакторов Бешенковичской районной газеты «Сталинец»

В трудовых коллективах К сведению

Фёдара Нічыпаравіча Шаірку зацвердзілі рэдактарам Бешанковіцкай раённай газеты «Сталінец» у ліпені 1937 года.

Актыўным рабкорам ён стаў у пачатку 30-х гадоў, яшчэ калі быў рабочым Віцебскага ігольнага завода. Рэдагаваў насценную газету, выступаў на старонках «Віцебскага пралетарыя». Актыўнага рабкора накіравалі на вучобу ў Мінск, у Камуністычны інстытут журналістыкі, а пасля заканчэння вучобы ў 1936 годзе назначылі памочнікам рэдактара нашай раёнкі, праз год зацвердзілі рэдактарам, дзе ён і працаваў да пераводу ў 1939-м у Гарадок.

Газета таго часу пад яго кіраўніцтвам праводзіла вялікую работу па арганізацыйна-гаспадарчым умацаванні калгасаў, павышэнні баявітасці партыйных і камсамольскіх арганізацый, патрыятычным выхаванні мас. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Фёдар Нічыпаравіч уступіў у партызанскі атрад. У хуткім часе яго назначылі камісарам атрада, які пазней уліўся ў партызанскую брыгаду пад камандаваннем Аляксея Данукалава.

Ведаючы сілу друкаванага слова, камісар Шаірка распаўсюджваў сярод партызан і насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, партызанскі друк. Сціплы, прынцыповы, душэўны з людзьмі, ён аказваў дапамогу сем’ям абаронцаў Радзімы. Прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы і правядзенні баявых аперацый. Пры яго актыўным удзеле ажыццяўляліся аперацыі па разгроме паліцэйскіх участкаў у Лёзненскім раёне, іншых варожых гарнізонах.

«Атрад, у якім працуе т. Шаірка, — гаворыцца ва ўзнагародным лісце па прадстаўленні старшага палітрука, намесніка камандзіра атрада №2 па палітчастцы партызанскай брыгады Данукалава да ўрадавых узнагарод, — адзін з лепшых у брыгадзе, мае шмат слаўных подзвігаў у барацьбе з немцамі. Таварыш Шаірка добры арганізатар, смелы ў баі, адданы нашай Радзіме, карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод партызан і насельніцтва, добра кіруе баявымі аперацыямі атрада. 31 ліпеня 1942 года пры разгроме нямецкага гарнізона ў вёсцы Шапурава з групай партызан перакрыў падыход немцам з боку Суража, знішчылі 21 ворага. Кіраваў ён і аперацыяй па разгроме Унаўскай валуправы, забіў бургамістра і паліцая. 25 верасня з групай партызан разграмілі паліцэйскія ўправы ў вёсках Пнева, Міхайлінава, Паленаўка, Цітова, Бескава, ачысціўшы іх ад паліцаяў…».

Фёдар Нічыпаравіч не дажыў да Перамогі. Незадоўга да вызвалення Віцебшчыны ён загінуў. Прамое пападанне бомбы з фашысцкага самалёта ў размяшчэнне народных мсціўцаў абарвала жыццё некалькіх партызан, сярод якіх быў і камісар.

За актыўны ўдзел у партызанскай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Ф. Н. Шаірка ўзнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі.

Ларыса ПАДЖАРАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *