Как прошёл отчётный концерт Бешенковичских творческих коллективов?

Актуально

Канцэртная праграма з такой назвай прайшла 27 кастрычніка ў Бешанковіцкім раённым цэнтры культуры. Творчы экзамен перад атэстацыйнай камісіяй, у складзе якой былі спецыялісты Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, трымалі 11 творчых калектываў Прыдзвіння, што носяць званне «народны» і «ўзорны». Усяго такіх у нашым раёне 13.

Народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Бараболя» і народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Скарбонка» былі першымі, хто прадстаўляў вынікі сваёй дзейнасці. Іх выставы размясціліся ў фае РЦК, тут жа была і выстава творчых работ народнага клуба «Ветэран» раённага цэнтра культуры. Канцэртныя выступленні лепшых мастацкіх калектываў прайшлі на галоўнай сцэне раёна. Убачыць іх маглі ўсе жадаючыя.

Пацверджанне звання — справа вельмі адказная, творчы экзамен праходзіць раз у тры гады. Гасцям прапанавалі праграму, якая складалася з некалькіх нумароў кожнага калектыву на розную тэматыку, у тым ліку прысвечаную малой радзіме, Беларусі, Году гістарычнай памяці. Справаздачны канцэрт стаў россыпам талентаў зямлі бешанковіцкай, бо артыстамі ў большай ступені былі простыя людзі з ліку жыхароў раёна, навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў, якія не маюць спецыяльнай адукацыі, але прыходзяць ва ўстановы культуры, займаюцца творчасцю і атрымліваюць ад гэтага задавальненне, а затым радуюць нас канцэртнымі нумарамі, сваёй шчырасцю і кранальнасцю.

Як, напрыклад, юныя ўдзельнікі канцэртнай праграмы — узорны аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Елізаветы Баранавай, народны аркестр народных інструментаў, якім кіруе Алена Ядрэўская, народны ансамбль «Вакаліз» (кіраўнік — Наталля Кандрацьева), узорны ансамбль віяланчэлістаў «Кантабіле» (кіраўнік — Таццяна Красікава), народны ансамбль народнай песні «Ульяначка» (кіраўнік — Людміла Цюлькова).

Можна толькі пазайздросціць актыўнасці, рознабаковасці талентаў удзельнікаў народнага клуба «Ветэран», кіраўніком якога з’яўляецца Любоў Грыгаровіч, народнага фальклорнага калектыву «Крыніца», Ульскага народнага хору — аднаго са старэйшых народных калектываў раёна, а таксама народнага хору раённага цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Святланы Сташэвіч.

Бешанковіцкія калектывы са званнем «народны» і «ўзорны» добра вядомыя не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі. Іх выступленні ўпрыгожылі нямала канцэртных пляцовак. Таму і на справаздачным канцэрце яны былі паспяховымі, годнымі, атрымалі станоўчую ­адзнаку спецыялістаў. Нашы зорачкі пацвердзілі высокі выканаўчы ўзровень, падарылі гледачам сапраўднае свята.

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *