Финишная прямая: в Бешенковичском районе завершается уборка «царицы полей»

Важное Заботы сельские

З ранняй вясны і да позняй восені шчыруюць вясковыя рупліўцы. Асноўныя сезонныя работы завершаны. Надыходзіць час падвесці вынікі ўсяго сельскагаспадарчага года. Сёлета парадавала «царыца палёў»: месцамі кукуруза дасягае тры метры, бывае, кормаўборачныя камбайны хаваюцца ў ёй па самую кабіну, і толькі «МТЗ» з прычэпамі, куды загружаецца зялёная маса, выдаюць уборачны працэс.

Па дадзеных на 3 лістапада, бешанковіцкія аграрыі ўбралі 2738 га, ці 95,7%, нарыхтавалі 51956 тон кукурузы на сілас, які пасля стане натуральным, карысным дадаткам да асноўнага корму буйных рагатых жывёл. Сярэдняя ўраджайнасць — 189,8 ц/га.

У аўторак завіталі да свіцінцаў, што ўбралі 351 га кукурузы з 400 запланаваных. Тут была адна з самых высокіх у раёне ўраджайнасць збожжавых — 30,6 ц/га (другое месца, пасля СФГ «Тэра Ностра») і зараз ­самая-самая «царыца палёў» — 271 ц/га.

Аднак галоўнае багацце, ­лічыць дырэктар гаспадаркі Людміла Пятроўна Мамойка, — людзі, што шчыруюць, не шкадуючы ўласнага часу. Спрытна манеўрыруе на «КВК‑800» Віктар Уладзіміравіч Прошчанка. Сялянская жылка адчуваецца ў ім ва ўсім: як па-гаспадарску чысціць «КВК», з веданнем справы аглядае здробненую кукурузную масу. На адвозцы на «МТЗ‑1523» працуе Віктар Мікалаевіч Дарожка, разам з ім Дзяніс Пятровіч Шлык і Мікалай Васільевіч Дзяцел, абодва на «МТЗ‑1221». Калектыў цудоўны, зладжаны, у працы разумеюць ­адзін аднаго без слоў. А як інакш, калі людзі выраслі на зямлі і засталіся даглядаць яе. Ідучы на «свой хлеб», адны ­з’язджаюць у пошуках лепшай долі, а хтосьці застаецца, каб ствараць яе тут, сваімі працавітымі рукамі. Як, напрыклад, Дзяніс Пятровіч Шлык. Дырэктар гаспадаркі хваліла механізатара. Родам з вёскі Луг, у гэтай сферы ён ужо 7 гадоў, зарэкамендаваў сябе як адказны працаўнік. Дарэчы, аператарам машыннага даення ў «Свіціна-ВМК» шчыруе і жонка — Валянціна Міхайлаўна. Сельгаспрадпрыемства выдзеліла маладой сям’і дом у Вярхоўі. Толькі жыві ды працуй. Што яны і робяць. Нядаўна нарадзілася дзіця. Несумненна, маладыя бацькі навучаць яго такой моцнай любові да зямлі, што перайшла ў спадчыну і ім.

Свіцінцы справядліва лічаць, што першае правіла сакрэту шчасця — забяспечыць дабрабыт. Лістапад жа — час падвядзення вынікаў і пачатак падрыхтоўкі да новага сезона. Аграрыі раёна робяць усё, каб засекі былі поўныя.

Марыя САНЬКО.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *