Шаноўныя жыхары і госці Бешанковіцкага раёна, вернікі каталіцкай канфесіі! Прыміце шчырыя віншаванні са светлым святам Вялікадня!

Актуально

Без духоўнасці немагчыма жыццё асобнага чалавека і развіццё ўсёй краіны. Велікодныя ўрачыстасці звяртаюць нас да шматвяковых традыцый, духоўна-культурнай спадчыны хрысціянства, якія і сёння з’яўляюцца асновай яднання нашага грамадства. Свята Хрыстовага Уваскрэсення прыносіць упэўненасць у тым, што ўсе цяжкасці могуць быць пераадолены сілай веры, праўды і добрымі справамі. Яно заклікае шанаваць каштоўны дар жыцця, захоўваць свет ва ўласнай душы, у коле блізкіх і сяброў, у сваёй краіне, любіць людзей, быць спагадлівымі і клапатлівымі.

Няхай вялікае светлае свята Уваскрэсення Хрыстовага напоўніць вас чыстымі думкамі і прынясе пачуццё радасці і абнаўлення, натхненне на добрыя справы і новыя пачынанні, падорыць цяпло і добры настрой, умацуе духоўныя і маральныя асновы. Шчыра жадаем вам моцнага здароўя, поспехаў, шчасця і дабрабыту!

Галіна УНУКОВІЧ, старшыня раённага выканаўчага камітэта.

Генадзь ШВЕДАЎ, старшыня раённага Савета дэпутатаў.

 

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

Напружанасць у міжлюдcкіх адносінах нярэдка абуджае пытанне светапогляду чалавека. Хто я, навошта жыву, які сэнс у тым, што адбываецца са мной і навокал, што мяне чакае ў будучым? Сярод гэтых пытанняў важнае месца займае пытанне існавання Найвышэйшай Сілы, Бога, у Якім чалавек нават інстынктыўна шукае паратунку і дапамогі ў вырашэнні тых ці іншых праблемаў.

Мы зноў з вялікай павагай, радасцю і надзеяй услухоўваемся ў словы Велікоднай Літургіі, якая абвяшчае перамогу Хрыста над грахом і смерцю. «Спакой вам!» (Лк 24,36). Гэтыя словы, якімі Уваскрослы Збаўца прывітаў у Велікодную Раніцу сваіх вучняў, Ён скіроўвае сёння таксама да нас! Да тых, хто яшчэ, магчыма, блукае ў цемры, але мае вялікае прагненне жыць у Божым святле, жыць у праўдзе, у свабодзе Божых дзяцей. Да тых, каго напаткалі хвароба, выгнанне, разлад у адносінах з бліжнімі, жыццёвая параза. Спакой вам!» Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае Імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага» (Лк 24,46-48).

Так, мы сведкі гэтага, калі моцна трымаемся Хрыстовага Крыжа, калі не дазваляем нянавісці завалодаць нашым сэрцам, але прабачаем, як і Бог прабачае нам правіны нашыя. Калі шукаем праўду і паводле праўды імкнёмся жыць. Калі з вуснаў нашых не выходзіць ніякая нядобрая мова, а ў намерах і ўчынках нашых няма падману. Тады разам з Хрыстом мы становімся пераможцамі смерці і ўжо цяпер уваскрасаем з граху.

Няхай Той, Хто вытрываў у выпрабаваннях і, прабачаючы людскі грэх, уваскрос з памерлых, прынясе кожнай вашай сям’і, усёй нашай Краіне і сучаснаму свету ласку прымірэння, згоды, спынення войнаў і супакою!

Хрыстос Уваскрос!

Сапраўды Уваскрос!

Са звароту да каталікоў біскупа Віцебскага Алега Буткевіча,

ксяндза Аляксандра Півавара, пробашча парафіі Святых Пятра і Паўла.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *