Аляксандр Лукашэнка выступае за сумяшчэнне інтэграцыйных намаганняў у фармаце ЕАЭС — ШАС — БРІКС

Главное

Беларусь выступае за сумяшчэнне інтэграцыйных намаганняў у фармаце ЕАЭС — ШАС — БРІКС. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў у сваім выступленні ў Маскве на II Еўразійскім эканамічным форуме, гаворачы аб міжнародным пазіцыянаванні саюза, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт падкрэсліў, што з моманту здабыцця незалежнасці Беларусь заўсёды была ў авангардзе інтэграцыйных працэсаў. Адзін з прыярытэтаў для краіны і ўсяго ЕАЭС — умацаванне рэгіянальных і транскантынентальных альянсаў.

«Гэта новыя цэнтры сілы шматпалярнага свету, які фарміруецца, гатовыя адстойваць свае інтарэсы і ўласныя шляхі развіцця, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Цэнтр сусветнай эканомікі неабарачальна зрушваецца ў бок краін, што сталі на шлях развіцця. Гэта зразумела. Там перш за ўсё будзе развіццё. Гэта краіны Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Блізкага Усходу. Гэтыя дзяржавы больш не жадаюць быць сыравіннымі прыдаткамі, крыніцамі таннай рабочай сілы. Яны хочуць, і цалкам заслужана, паўнацэнна ўдзельнічаць у міжнародным падзеле працы. І дабіваюцца дастойнай аплаты за сваю працу. Гэта ўсе разумеюць. Расія, напэўна, раней за ўсіх гэта зразумела. Пачала актыўныя кантакты з афрыканскімі дзяржавамі, мы таксама спрабуем супрацоўнічаць з імі. Усе рвануліся ў Афрыку».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, як Захад і ЗША адрэагавалі на рух Расіі. «МЗС Расіі і іншыя, хто мае дачыненне да палітыкі, ведаюць, як амерыканцы спрабуюць затармазіць гэты працэс, не пусціць Расію ў Афрыку. Але і вы добра разумееце і ведаеце, што Кітай ужо там. Ідзе барацьба за гэтыя краіны. Таму адтуль, там будучы полюс нашага развіцця, вельмі актыўны. Але гэта не значыць, што мы развівацца не будзем», — заўважыў ён.

«На наш погляд, сумяшчэнне інтэграцыйных намаганняў у фармаце нашага Еўразійскага саюза, ШАС і БРІКС будзе садзейнічаць стварэнню буйнейшай кааліцыі дзяржаў, калі мы, як у народзе кажуць, не прашлёпаем, калі мы не праспім», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў БРІКС паступіла шмат заяў ад краін, якія жадаюць уступіць у гэта аб’яднанне. Тое ж самае адбываецца ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што трэба актыўней дзейнічаць у развіцці інтэграцыйных працэсаў, не дапускаць тармажэння ў апаратах гэтых структур: «Сёння момант такі, што трэба не ісці, а бегчы. Хутчэй трэба жадаючых, шчыра скажу, падбіраць пад сябе. І тады, калі б БРІКС разгарнулася, ШАС разгарнулася…»

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на вялікі ўжо накоплены як эканамічны патэнцыял, так і ў плане насельніцтва ў краінах, якія ўваходзяць у названыя аб’яднанні. «Калі б гэтыя арганізацыі дзейнічалі хутчэй, зусім іншая палітыка была б у ААН. Мы яе ўсё часцей крытыкуем. Але, на жаль, замясціць ААН сёння няма чым. Можна крытыкаваць, але ўзамен нічога няма. Дык не дзеля замены, а дзеля таго, каб паглядзець, што будзе далей, нам трэба хутчэй ісці ў гэтым плане. Не столькі нам — Беларусі, а ім — вялікім дзяржавам БРІКС і ШАС. Упусцім час — мы яго ніколі не нагонім. Той, хто цяпер хутчэй бяжыць, той будзе ў авангардзе на працягу пары дзясяткаў гадоў. Таму трэба сумясціць інтэграцыйныя намаганні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *