Аляксандр Лукашэнка: жніво — гэта наш харчовы фронт, а на вайне перамагае той, хто лепш падрыхтаваны

Главное

Жніво для беларусаў — гэта харчовы фронт, а на вайне перамагае той, хто лепш падрыхтаваны. На гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Нараду па ўборачнай кампаніі кіраўнік дзяржавы праводзіць у выглядзе вялікай селектарнай нарады не ўпершыню. У такім фармаце відаць сітуацыю на месцах, усе поспехі і недахопы ў рэжыме рэальнага часу.

«Жніво — заўсёды пытанне нумар адзін. Па сутнасці, момант ісціны і фініш вялікай работы ўсяго аграпрамысловага комплексу на працягу сельскагаспадарчага года, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я вас запрасіў у такім складзе на селектарную нараду ў сувязі з тым, што, шчыра кажучы, у мяне ёсць апасенні расслаблення кадраў у сувязі з умовамі надвор’я. У Беларусі заўсёды бывае так: засушыць, а потым залье. Майце на ўвазе, так можа быць, а, хутчэй за ўсё, будзе і ў гэтым годзе. Пасля гэтай засухі можа быць вельмі сырое і дажджлівае надвор’е ў жніўні. І тады мы яшчэ недаатрымаем ураджай з-за сваёй неарганізаванасці ў сувязі з вільготным надвор’ем».

Для таго каб забяспечыць уласную харчовую бяспеку, каб на стале ў нас, як кажуць у народзе, быў «і хлеб, і да хлеба», каб перапрацоўшчыкі былі забяспечаны сыравінай, а жывёлагадоўля — кармамі, цяпер усім нам трэба максімальна арганізавацца. Жніво — гэта, калі хочаце, наш харчовы фронт. І ад гэтага фронту залежыць усё. На вайне як на вайне. Перамагае той, хто лепш падрыхтаваны, хто задзейнічаў усе рэсурсы і ваюе ад зары да зары. Як я часта кажу, лепш на гэтым фронце ваяваць, чым на гарачым. Сёння трэба сумленна адказаць на пытанне: дзе мы спраўляемся, а дзе недапрацоўваем. І тэрмінова ўсе недахопы выправіць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што рыхтавацца да ўборачнай кампаніі ў краіне пачалі з восені мінулага года. «Наведвалі рэгіёны, высвятлялі, якія ёсць праблемы, дзе патрэбны дапамога дзяржавы і маё прамое ўмяшанне. Усе вашы пажаданні па дапамозе вёсцы, па падтрымцы сельскагаспадарчага комплексу мною падтрыманы. Неабходныя рашэнні па выдзяленні бюджэтных крэдытаў на закупку мінеральных угнаенняў, гаруча-змазачных матэрыялаў, рамонт тэхнікі прыняты. Значыць, у мяне ёсць поўнае права патрабаваць, прычым максімальна жорстка, высокіх вынікаў і аддачы. Тым больш практыка мінулага года паказала, што нашым сельгасарганізацыям пад сілу збіраць добрыя ўраджаі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

 

Прэзідэнтам была пастаўлена задача замацавацца па ўраджаі на ўзроўні прыкладна 9,5-10 млн т збожжа ўсіх відаў. Але, па запэўненні спецыялістаў і ўрада, якія зноў адзначаюць пагодны фактар, колас у гэтым годзе лягчэйшы на 15 працэнтаў і прагназуемы валавы збор збожжа, уключаючы рапс, кукурузу, свірэпіцу і іншыя культуры, складзе крыху больш за 9 млн т. Гэта менш за ўзровень 2022 года.

«І гэта тое, што цяпер знаходзіцца на корані. Што трэба яшчэ без страт убраць і адправіць у сховішчы. Урад запэўнівае, што такой колькасці нам амаль хопіць для забеспячэння краіны харчовым і фуражным збожжам. Я ў гэтым абсалютна не сумняваюся. Дадаткова мною прынята рашэнне па закупцы збожжа ў Расіі. Цана пакуль блізкая да сабекошту нашага збожжа, чаму і прымалася рашэнне. Хацелася б пачуць, што зроблена ў гэтым плане. Паўтару сказанае ў Оршы: збожжа сёння як золатавалютныя рэзервы. Заўсёды спатрэбіцца і пастаянна расце ў цане. Прынамсі, такіх цэн на міжнародным рынку, як учора і сёння, не было і не будзе. Гэта дакладна. І калі ў нас ёсць свабодныя магутнасці, чаму б іх не запоўніць рэзервам збожжа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адказным за аграпрамысловы комплекс кіраўнік дзяржавы адрасаваў шэраг пытанняў па актуальнай тэматыцы: якая абстаноўка з уборкай на гэты момант і што, зыходзячы з гэтага, адбудзецца ў перспектыве, ці засталіся нявырашаныя пытанні, у тым ліку з гатоўнасцю збожжаўборачнай тэхнікі, у якім стане зернеачышчальна-сушыльныя комплексы?

«Неабходна задзейнічаць вытворчыя магутнасці камбінатаў хлебапрадуктаў, яны павінны арганізаваць прыёмку і дапрацоўку збожжа кругласутачна, — даручыў Прэзідэнт. — Калі будуць свабодныя сховішчы, іх трэба запоўніць танным набытым збожжам».

 

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў, каб дзяржзаказ на збожжа жалезна быў выкананы, і выказаў упэўненасць у тым, што так і будзе: «Гэта наш харчовы залаты запас».

Асобна кіраўнік дзяржавы спытаў пра забяспечанасць працоўнымі рэсурсамі. «Уборка збожжа — справа ўсенародная. Як дакладваюць, запланавана прыцягнуць дадаткова 3 тыс. механізатараў, як і ў мінулым годзе, — сказаў ён. — Ведаю, многія мужыкі, асабліва тыя, хто родам з вёскі, спецыяльна бяруць водпускі на ліпень і ўладкоўваюцца працаваць камбайнерамі, каб зарабіць добрыя дадатковыя грошы для сваіх сем’яў (хутка дзяцей у школу адпраўляць). Разам з прамысловымі прадпрыемствамі няхай губернатары прадставяць планы, адкуль і каго яны возьмуць. Не павінна быць ні недахопу ў спецадзенні, ні ў паўнацэннай гарачай ежы ў полі. Людзей трэба накарміць своечасова».

 

 

 

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на захаванне парадку і дысцыпліны. «МУС і МНС павінны забяспечыць абарону ад пажараў палёў і людзей, сачыць за тым, каб не загарэлася збожжаўборачная і зернесушыльная тэхніка», — адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўказаў на неабходнасць аказаць дапамогу тым, хто жыве на прыватных падворках, дзе каля 30 тыс. га засеяна збожжавымі культурамі. «Асаблівая ўвага — пажылым і адзінокім грамадзянам, вяскоўцам. Лішкі збожжа закупяць камбінаты хлебапрадуктаў», — сказаў ён.

Гаворачы аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перадавікі жніва — гэта сапраўдныя героі нашага часу: «Яны заслугоўваюць таго, каб імі ганарыліся і на іх раўнялася ўся краіна. Я бачу, гэта работа пачалася, трэба яе пашыраць і паглыбляць».

 

«Разлічвайце сілы і рэсурсы. Узровень арганізацыі работы і працоўнай дысцыпліны павінен быць узорным. Вы бачыце, што адбываецца вакол, — рэзюмаваў Прэзідэнт. — Часта вас прашу і вам нагадваю: галоўнае для таго, каб быў мір і спакой, — гэта эканоміка».-



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *