Іван Ціхан ІІ Гульні краін СНД — гэта поўнасцю самадастатковыя спаборніцтвы

Актуально

Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на ІІ Гульнях краін СНД завяршыліся 8 жніўня. Нашы юныя лёгкаатлеты прынеслі ў скарбонку зборнай Беларусі больш за 30 медалёў рознай пробы, а многія з іх яшчэ і ўстанавілі асабістыя рэкорды. Спаборніцтвы праводзіліся на дзвюх спартыўных арэнах сталіцы — стадыёне «Дынама» і РЦАП па лёгкай атлетыцы. На першай лакацыі ў заключны дзень пабываў і карэспандэнт БЕЛТА і да пачатку спаборніцтваў паразмаўляў са старшынёй Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іванам Ціханам.

«Я лічу, што ўсе дзеці ў той ці іншай ступені адораныя. Задача старэйшага пакалення — разгледзець і развіць гэты талент, даць моладзі магчымасць для самарэалізацыі. У спартыўнай сферы Беларусі працуюць спецыялісты, якія могуць гэта зрабіць», — упэўнены Іван Ціхан.

 

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі лічыць, што падзеі такога маштабу, як Гульні краін СНД, даюць юным беларускім спартсменам магчымасць прадэманстраваць свой талент. Яны паказваюць таксама вынікі работы нашых трэнераў. «90 працэнтаў нашых юных лёгкаатлетаў устанавілі на гэтых спаборніцтвах асабістыя рэкорды. Для многіх — гэта першы вопыт міжнароднага старту. І па эмоцыях спартсменаў відаць, што яны стараюцца і працуюць на самыя высокія вынікі. Акрамя таго, для нашых дзяцей такія спаборніцтвы — гэта яшчэ і магчымасць сустрэцца з равеснікамі, аднадумцамі», — адзначыў ён.

 

Акрамя таго, дадаў Іван Ціхан, у нейкай ступені на Гульнях прысутнічае і адукацыйны аспект: «Дзеці не проста ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. Многія з іх звяртаюцца з просьбай арганізаваць наведванне памятных для беларусаў мясцін, такіх, як «Хатынь». Такім чынам, яны могуць дакрануцца да нашай агульнай гісторыі, да таго, што нас звязвае».

 

 

На думку Івана Ціхана, спартыўная інфраструктура ў Беларусі адпавядае ўсім сусветным стандартам, што дае магчымасць праводзіць на беларускіх спартыўных арэнах спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню. «У нас праводзіліся ІІ Еўрапейскія гульні, іншыя спаборніцтвы. А адпраўляць дзяцей на спаборніцтвы ў краіны, дзе прапагандуюцца нетрадыцыйныя каштоўнасці, не зусім бяспечна. Акрамя таго, лёгкая атлетыка — аб’ектыўны від спорту, дзе рэзультат вымяраецца ў метрах і секундах, і мы можам параўнаць яго з рэзультатамі спартсменаў з іншых краін», — падкрэсліў ён.

 

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі лічыць, што ІІ Гульні краін СНД не трэба разглядаць як альтэрнатыву міжнародным стартам. «Гэта поўнасцю самадастатковыя спаборніцтвы. Сюды прыязджаюць цудоўныя каманды, моцныя спартсмены. Усе яны любяць лёгкую атлетыку і дастойна выступаюць на нашых арэнах», — рэзюмаваў ён.

 

Андрэй ВАРАПАЙ,



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *