Аляксандр Лукашэнка: у СНД надышоў час сур’ёзнай кансалідацыі

Главное

Надышоў час сур’ёзнай кансалідацыі ў рамках СНД. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Бішкеку на саміце Садружнасці Незалежных Дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыкладаў паспяховай работы ў СНД дастаткова. Гэта таксама пацвярджаецца насычаным парадкам дня саміту, які ўключае ў тым ліку шэраг важнейшых сумесных заяў. «Яны пацвярджаюць наяўнасць у краін агульных падыходаў да такіх актуальных пытанняў, як свабода веравызнання, недапушчальнасць дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, гарманізацыя сістэм дзяржаўнага кіравання ў сферы лічбавых тэхналогій», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт асабліва адзначыў важнасць выхаду на прыняцце заявы аб міждзяржаўных адносінах у шматпалярным свеце: «Яна ў цэлым адлюстроўвае наша агульнае бачанне асноў светапарадку, за выключэннем абзаца, у якім прапаноўвалася выказаць заклапочанасць наконт палітызацыі дзейнасці міжнародных судоў. Але нават такая мяккая фармулёўка была падтрымана не ўсімі. Навошта нам гэтыя міжнародныя суды? Тым больш у нашых адносінах. Тым больш, мы разумеем, асабліва цяпер, для чаго гэта робіцца».

«Відаць, кагосьці гэта проста пакуль не закранула. Калі-небудзь захочаце і вы дапамагчы дзецям, падарыць ім крыху дзяцінства, выратаваць ад бамбёжак і ўзрываў, а вас за гэта аб’явяць у міжнародны вышук», — заўважыў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што ва ўмовах хутказменлівай сітуацыі, запыту на больш справядлівае светаўладкаванне як ніколі запатрабаваны аб’яднанні, якія шукаюць шляхі пашырэння і ўмацавання супрацоўніцтва, мірнага суіснавання, прававых гарантый развіцця і ўстаранення дыскрымінацыі па прыкмеце веравызнання або ўзроўні даходаў. «Наша Садружнасць якраз і з’яўляецца адным з такіх аб’яднанняў, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Чаму мы не ўсе яго цэнім? У нас жа назапашаны велізарны вопыт канструктыўнай работы, які цікавы за межамі СНД. Да яго прыглядаюцца іншыя інтэграцыйныя аб’яднанні. А ў многіх яно як бяльмо на воку».-0-

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *