Урокі вайны ва Украіне, сітуацыя на граніцы і інсайды ад Першага. Дэталі паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Брэсцкую вобласць

Главное

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 кастрычніка зрабіў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў вучэбны аб’ект Міністэрства абароны «Вузел супраціўлення» на базе Кобрынскага ўмацаванага раёна, азнаёміўся з яго інжынерным абсталяваннем і магчымасцямі. Аб сваіх уражаннях і задумах ваенных Прэзідэнт расказаў журналістам. Кіраўнік дзяржавы падзяліўся з імі і іншымі інсайдамі: чаму з амерыканскага бюджэту выкраслілі дапамогу Украіне, як замест беларускага калію ў Клайпедзе аказаліся амерыканскія танкі і чаго чакаць ад парламенцкіх выбараў у Польшчы. Не абмінулі журналісты і беларускую тэматыку: ці паспрабуе Захад расхістаць Беларусь напярэдадні выбараў, што рабіць з нядбайнымі сем’ямі і як дапамагчы дзецям, чым будзе займацца Фонд Першага? Падрабязнасці ў нашым матэрыяле.

Па традыцыі выязное мерапрыемства ў кіраўніка дзяржавы, якой бы ні была яго тэма, пачынаецца з пытання губернатару аб ходзе сельскагаспадарчых работ. Вось і на гэты раз Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Юрыя Шулейкі, ці завершана ў Брэсцкай вобласці сяўба азімых.

«Мы пасеялі роўна на тыдзень раней, чым у мінулым годзе», — адзначыў кіраўнік рэгіёна. Крыху пазней Прэзідэнт прывядзе ў прыклад працу губернатара, але ў нечаканым кантэксце.

Як у Беларусі з’явіліся ўмацаваныя раёны?

Пачнём з невялікай перадгісторыі. Умацаваныя раёны сталі з’яўляцца ў Беларусі яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Першыя з іх пабудавалі яшчэ да ўз’яднання Беларусі — побач з Пінскам, Мінскам, Слуцкам і Мазыром. Але ў 1939 годзе Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР і сваю ролю яны не выканалі.

Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны дадатковыя ўмацаваныя раёны сталі з’яўляцца ў Беларусі на мяжы з Польшчай. Аднак своечасова завяршыць работы не паспелі, таму надоўга затрымаць праціўніка тут не ўдалося. Даўжэй за ўсё баі ішлі ў Пінску: на працягу трох тыдняў умацаваны раён стрымліваў націск войскаў фашысцкай Германіі.

Навошта Беларусі ўмацаваныя раёны сёння

У пачатку года Прэзідэнт паставіў задачу яшчэ раз прааналізаваць, як арганізавана абарона краіны. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы даручыў улічыць формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў ва Украіне. Як заявіў журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін, Узброеныя Сілы Беларусі ні ў якім разе не ігнаруюць тое, што адбываецца вакол, пастаянна вывучаюць хутказменлівую абстаноўку, абучаюць асабовы склад і ўкараняюць новаўвядзенні ў практыку.

«Мы прыйшлі да высновы, што неабходна ісці праз умацаваныя раёны, якія здольны вытрымліваць удары авіяцыі, артылерыйскія налёты. Асноўны прынцып, які закладваецца, — аўтаномнасць вядзення баявых дзеянняў, захаванне жыццяў людзей і ўтрыманне пазіцый», — растлумачыў Віктар Хрэнін.

Дзякуючы такім умацаваным раёнам Украіна на асобных напрамках змагла надоўга затрымаць расійскія войскі. І расіяне ў сваю чаргу дзякуючы ўзмоцненай абароне тэрыторый асудзілі на няўдачу распіяранае контрнаступленне праціўніка.

Што глядзеў Лукашэнка ў Брэсцкай вобласці?

Такі ўмацаваны раён (а дакладней, толькі адзін з яго складнікаў — вузел супраціўлення) і прадэманстравалі кіраўніку дзяржавы ў Брэсцкай вобласці. Як далажыў камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Уладзімір Белы, ваенна-палітычная абстаноўка вакол Беларусі застаецца напружанай і сведчыць аб тым, што прымяненне ваеннай сілы па-ранейшаму з’яўляецца адным з асноўных інструментаў, якім карыстаюцца для дасягнення палітычных і эканамічных мэт.

Паводле яго слоў, падзеі ва Украіне паказваюць, што на напрамках, дзе загадзя абсталяваны вузлы супраціўлення, абарона найбольш устойлівая і наступальныя групоўкі войскаў адчуваюць найбольшыя цяжкасці ў пераадоленні абароны праціўніка.

«Адным з падыходаў забеспячэння надзейнай абароны з’яўляецца стварэнне ўмацаваных раёнаў. Іх асноўнае прызначэнне — прыкрыццё найбольш важных у аператыўна-тактычных адносінах раёнаў і верагодных напрамкаў дзеянняў праціўніка з мэтай адбіцця наступлення перавышаючых сіл праціўніка і стварэння ўмоў для дзеянняў нашых войскаў», — падкрэсліў Уладзімір Белы.

Прэзідэнту паказалі месцы размяшчэння асабовага складу, камандна-назіральны пункт камандзіра роты, гаспадарчы блок. Кіраўнік дзяржавы таксама пазнаёміўся з пазіцыямі мотастралковага аддзялення. «Ніякай паказухі, мужыкі! Усё павінна быць рэальна. Нават калі будзеце ўпэўнены, што нам ваяваць не трэба. За паказуху, як за дзедаўшчыну, жалезабетонна спытаем. Я гэта як радавы, сяржант і афіцэр вынес з арміі. Таму гэтага не павінна быць. Усё рабіце сумленна», — агучыў свае патрабаванні беларускі лідар.

Аляксандру Лукашэнку таксама прадэманстравалі існуючыя на ўзбраенні і перспектыўныя сродкі для вядзення контрбатарэйнай барацьбы, сродкі сувязі. «Контрбатарэйная барацьба — пытанне пытанняў. Таму, зыходзячы з вайны ва Украіне, калі мы бачым, што чагосьці не хапае, вы павінны дакладна сказаць, што нам трэба гэта, гэта, гэта. Таму што без умення весці контрбатарэйную барацьбу на сучаснай вайне ваяваць немагчыма», — адзначыў Прэзідэнт.

Галоўнакамандуючы падкрэсліў асаблівую ролю беспілотнікаў рознага тыпу пры вядзенні баявых дзеянняў і неабходнасць абавязковага аснашчэння падраздзяленняў сучаснымі сродкамі сувязі. Затым яму паказалі комплексныя заняткі з узмоцненай мотастралковай ротай з выкарыстаннем элементаў вузла супраціўлення.

«Рыхтуемся абараняць, але павінны ўмець і атакаваць»

Убачанае Аляксандр Лукашэнка ацаніў пазітыўна, таму далей Міністэрства абароны будзе ісці па шляху арганізацыі такіх вучэбных ліній абароны па краіне.

«Асноўная задача (што патрабуе Прэзідэнт) — не дапусціць развязвання вайны на нашай тэрыторыі, забяспечыць мір, абарону нашай дзяржавы. Мы не проста аб гэтым гаворым, а на справе паказваем, што мы да гэтага рыхтуемся. Мы ніякія не агрэсары, як бы ні спрабавалі нашы заходнія суседзі спекуляваць на гэтым. Мы рыхтуемся абараняцца, абараняць сваю зямлю, і нікому ні кавалачка сваёй зямлі не аддадзім», — падкрэсліў Віктар Хрэнін.

Размаўляючы з журналістамі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзеянні беларускіх ваенных сканцэнтраваны на абароне, але ў той жа час яны павінны ўмець і атакаваць.

«Нам не трэба ўжо будзе на ўзроўні Прэзідэнта выстаўляць і прыводзіць у поўную баявую гатоўнасць нашы падраздзяленні. У нас будзе нямала такіх пунктаў. І мы ў мірны час адпрацуем усе мерапрыемствы для таго, каб загадзя ў выпадку атрымання сігналу аб тым, што суседзі нашы дрэнна сябе паводзяць, заняць гэтыя пункты. Будзем загадзя рыхтавацца да абароны сваёй Радзімы на напрамках верагодных атак на нашу дзяржаву», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Аб здольнасцях нанесці непапраўны ўрон

Зыходзячы са спецыфікі месца, дзе пабываў Прэзідэнт, і абстаноўкі (паблізу граніцы з Польшчай, якая нарошчвае ваенную прысутнасць), прадстаўнікі СМІ ў першую чаргу спыталі, як Беларусь рэагуе на змяненне абстаноўкі і ці гатова з ваеннага пункту гледжання да любога сцэнарыя развіцця падзей.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што беларускай арміяй цалкам засвоены вопыт сучаснай вайны. «Да сярэдзіны будучага года мы будзем мець усё ў поўным аб’ёме, што нам неабходна: сувязь, разведка, беспілотнікі, ударныя ў тым ліку, актыўная абарона», — сказаў ён.

У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь не нарошчвае сілы ля граніц Польшчы і краін Балтыі з мэтай атакі. «Але, абараняючыся, мы гэта будзем рабіць актыўна. Каб у любы момант перайсці ў наступленне, калі будзе неабходнасць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Мы не гаворым пра больш магутную зброю, якая сёння ў нас ёсць, для таго, каб паказаць сваю моц і нанесці праціўніку непапраўны ўрон (у выпадку нападзення на Беларусь. — Заўвага БЕЛТА). Мы не будзем купляць тысячы танкаў, але ў нас заўсёды ёсць магчымасць нанесці непапраўны ўрон. Гэта значыць, перш чым нападаць на Беларусь, ён падумае, што адказ будзе такі, што для іх непапраўны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Рух туды-сюды, або Расчараванне ад «контрнаступу»

Адно з пытанняў было пра магчымыя змяненні сітуацыі ва Украіне ў святле прыняцця часовага бюджэту ЗША, які не прадугледжвае прадаўжэнне фінансавай падтрымкі гэтай краіны. Ці можна лічыць гэта сігналам да таго, што канфлікт у хуткім часе вырашыцца, спыталі ў Прэзідэнта.

«Змест гэтага сігналу заключаецца ў тым, што «хлопцы, хутчэй, маштабней наступайце і пабольш туды моладзі кідайце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта ўжо нават не сігнал, а канкрэтнае дзеянне: забівайце пабольш украінцаў».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ўкраінскія ўзброеныя сілы ўвязлі ў сваім контрнаступленні. Фронт, лінія сутыкнення ў асноўным стаіць на месцы.

«Рух ёсць туды-сюды. За вышыні ваююць. Бывае, што ўкраінцы гэтыя вышыні захопліваюць з раніцы, вечарам іх расіяне выбіваюць. Таму вельмі складана гэты «контрнаступ» ажыццяўляўся. Першы этап праваліўся, цяпер яны рыхтуюць другі этап (абазначылі 4-8 тыдняў)», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што амерыканцы падштурхоўваюць і прыспешваюць украінцаў, таму што гэта вайна не дабаўляе аўтарытэту ўладам ЗША. «Тут трэба нейкая перамога. Амерыканцам трэба нешта пакласці на стол, каб выйграць. Таму прыспешваюць. Шукаюць новыя варыянты, аж да спынення падтрымкі Уладзіміра Зяленскага», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Дзе Зяленскі зрабіў правільна, дзе — не

У цяперашняй сітуацыі Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паводзіць сябе абсалютна правільна, патрабуючы дапамогі ад заходніх партнёраў, лічыць беларускі лідар. Ён адзначыў, што ў медыя склаўся вобраз Уладзіміра Зяленскага як папрашайкі. Маўляў, гэта несур’ёзна — Прэзідэнт Украіны толькі і робіць, што выпрошвае дапамогу ў іншых дзяржаў.

«Зяленскі паводзіць сябе абсалютна правільна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што канфлікт ва Украіне быў запланаваны загадзя. Украіну Злучаныя Штаты вызначылі ахвярай, паабяцаўшы ёй максімальную падтрымку. І ўкраінскія ўлады згадзіліся на гэту ролю.

«Бачым, што Зяленскі зрабіў няправільна: падставіў цэлую дзяржаву, багатую, моцную дзяржаву. Што далей адбываецца: ён да апошняга ўкраінца ваюе. А яны тое, што абяцалі, або нясвоечасова робяць, або не даюць тое, што абяцаюць. Зяленскі задае пытанне: «Як жа так?» І Захад (еўрапейцы асабліва) не выконвае дамоўленасці, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Таму Уладзімір Аляксандравіч ім гаворыць: «Чаму не робіце тое, што абяцалі?» Ён едзе і ад іх патрабуе. Правільна робіць? Правільна. Дамоўленасць была».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімір Зяленскі сёння разумее, што заходнія партнёры яго «кінулі».

Чаму свету катэгарычна патрэбны Еўрасаюз

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на адсутнасць адзінства паміж Еўрасаюзам і ЗША: «У Еўропы і Амерыкі, як бы яны ні дэманстравалі, што яны адзіныя, ніякага адзінства няма. Гэта я вам гавару дакладна, зыходзячы не толькі з майго аналізу, але і з тых кантактаў, якія ў мяне асабіста былі. І не толькі ў мяне — у нашых ваенных і дзяржбяспекі».

Як растлумачыў кіраўнік дзяржавы, Еўропа ваяваць не хоча, у яе інтарэсах, каб канфлікт ва Украіне не разрастаўся, бо вайна ідзе ў агульным доме. ЗША ж знаходзяцца далёка і могуць адседзецца за Атлантыкай. Адзіная нагрузка для іх заключаецца ў кругласутачнай рабоце доларавага станка. Інфляцыя ж перакладваецца на ўсе астатнія краіны, якія выкарыстоўваюць долар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён катэгарычна падтрымлівае існаванне Еўрапейскага саюза. Аб гэтым Прэзідэнт неаднаразова заяўляў і раней.

«ЗША, Еўрапейскі саюз, Кітай, індусы і расіяне — гэта апоры. Асабліва ЗША і Еўрапейскі саюз. Калі разваліцца Еўрапейскі саюз, будзе горача ўсім. Але вельмі спадзяюся, нутром чую, што Германія і ў цэлым Еўропа, Францыя таксама паварочваюцца ў наш бок. Калі будзе новая ўлада ў Польшчы (думаю, што яны не дурні, збоку паназіралі), яны ў гэтым напрамку разварот зробяць. А ўсё астатняе — гэта балбатня. Яны ж ужо гавораць: «Не было б Лукашэнкі, нам трэба было б яго прыдумаць». Аказваецца, Лукашэнка стаў у іх адным з камянёў спатыкнення, спрэчак, пунктаў перасячэння ў іх унутрыпалітычнай барацьбе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

За крок ад прымянення самай страшнай зброі

Прадаўжаючы размову аб канфлікце ва Украіне і ролі ЗША ў ім, Прэзідэнт звярнуў увагу, што амерыканцы выпрабоўваюць там тое, што ім трэба выпрабаваць. «І нават шалёныя еўрапейцы гавораць аб тым, што гэта самая танная вайна. Ужо больш за паўмільёна загінулых ва Украіне. Моладзь ваяваць не хоча, збегла. Цяпер ужо не толькі сваіх хапаюць, але і за межамі Украіны (у Польшчы і іншых краінах) хапаюць украінцаў і вязуць туды. Плюс наёмнікі. Вось такая вайна цяпер ва Украіне», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка зноў зрабіў акцэнт на неабходнасці спыніць гарачы канфлікт: «Чарговы раз кажу: трэба спыніцца, таму што будзе горш. Вы бачыце, што палякі ўжо гатовы прыхапіць захад Украіны. Расіяне па ўсіх ужо напрамках (я кожны дзень атрымліваю гэту інфармацыю) вядуць актыўную абарону. Яны ўжо атакуюць. Украінцам ваяваць няма чым. Нават калі ёсць, яны не могуць гэту моц стрымліваць. Таму цяпер трэба спыніцца. У адваротным выпадку ніхто на гэту тэму размаўляць праз некалькі месяцаў не будзе ні з украінцамі, ні з Захадам».

«У мяне складваецца такое ўражанне (зноў жа гавару: гэта маё меркаванне), што амерыканцы штурхаюць расіян да прымянення самай страшнай зброі. Гэта ўзбраенне Уладзіміра Зяленскага і яго арміі, аснашчэнне ракетамі далёкага радыуса дзеяння. Няхай нават на глыбіню 300 кіламетраў. Вы ўяўляеце: на глыбіню 300 кіламетраў магутныя ракеты будуць паражаць расійскую тэрыторыю. Вы што, думаеце, Прэзідэнт Расіі і ваенныя будуць на гэта спакойна глядзець?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Згадалі журналісты і нядаўняе з’яўленне амерыканскіх танкаў Abrams у порце літоўскай Клайпеды. А яшчэ пару гадоў таму літоўцы ганарыліся перавозкай беларускага калію і, між іншым, нядрэнна зараблялі на гэтым. Звычайныя літоўцы — рабочыя і бізнесмены. Але латвійскія ўлады палічылі за лепшае служыць інтарэсам сваіх спонсараў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нагнятанне і эскалацыя канфлікту з боку Захаду прывядзе да таго, што расіяне дастануць «чырвоную кнопку» і пакладуць на стол. «А яшчэ адна такая атака на глыбіню — і будзе адказ каласальны. У адваротным выпадку навошта гэта зброя?» — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

 

«Зноў, неразумныя, думаюць, што за акіянам адседзяцца. Яны проста ўцягнуць увесь свет у гэту цяжкую вайну», — заявіў беларускі лідар.

Міністр абароны рэгулярна дакладвае Прэзідэнту пра абстаноўку на беларускіх граніцах. Ваенныя кантралююць сітуацыю і робяць неабходныя крокі. «Мы проста рыхтуемся для таго, каб быць гатовымі (прабачце за таўталогію) адбіць любыя спробы, нават спробы нападзення на нашу тэрыторыю», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Аб праеўрапейскіх палітыках і халуях Вашынгтона

Адказваючы на пытанне аб выбарах, што маюць адбыцца ў хуткім часе ў Польшчы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нават калі да ўлады прыйдзе апазіцыя, то невядома, якую яны будуць праводзіць палітыку адносна Беларусі і Расіі.

«Надзея заўсёды ёсць. Гэтыя зразумела як сябе паводзяць і будуць паводзіць, а як будуць паводзіць тыя — надзея нейкая ёсць, што яны ўсё ж такі галаву ў рукі возьмуць і будуць працаваць на тое, каб наладзіць адносіны. Дарэчы, такой пазіцыі прытрымліваюцца і дыпламаты Польшчы, і ў тым ліку якія працуюць у нас. Яны, трэба аддаць ім належнае, малайцы, разумеюць, што адбываецца. Але таксама — рукі апусцілі, чакаюць выбараў і кажуць: «Калі новыя сілы прыйдуць да ўлады, то ёсць надзея, што будзе нейкая перазагрузка». На гэта можна спадзявацца. Але вы ж бачыце: мы ні на што не спадзяёмся, мы максімальна рыхтуемся да горшага варыянта. Рыхтуйся да горшага, будзе лепшае — добра», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, чым адрозніваюцца кіруючая ў Польшчы партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) і іх апаненты партыя «Грамадзянская платформа» Дональда Туска. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі — халуі Вашынгтона, якія знаходзяцца ў яго на кароткім павадку. Дональд Туск, наадварот, праеўрапейскі палітык. І ёсць надзея, што ён будзе дзейнічаць у інтарэсах Еўропы, а не ЗША.

«А гэтыя (цяперашнія ўлады Польшчы. — Заўвага БЕЛТА) — зразумела. Яны хочуць быць калі не пупам, то пупком усёй планеты. Яны ўзбройваюцца. Ужо ўсіх напружылі. Немцы ўжо ненавідзяць кіраўніцтва Польшчы. Вазьміце рэакцыю французаў. Дуда-Маравецкія заяўляюць, што яны «зменяць свет». Вар’яцтва! Гэта поўнасцю падкантрольныя халуі Вашынгтона. Яны загразлі ў гэтым. Зваротнай дарогі няма. Хоць (я іх ведаю даўно) яны могуць развярнуцца. Але, напэўна, амерыканцы не дурні — яны іх павязалі намертва, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А тое, што яны пачалі гэту валтузню з Украінай наконт збожжа, ужо зневажаюць адзін аднаго, гэта поўны правал Варшавы. Хоць бы памаўчалі. Тое, што яны накатваюць на Украіну, — гэта іх правал. У гэтай сітуацыі рот трэба зашыць і маўчаць, а яны пачынаюць ляпаць».

У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што хоць Дональд Туск і настроены па-праеўрапейску, ён не будзе праводзіць антыамерыканскую палітыку. «Але прынамсі, думаю, што бегчы, як гэта робяць апісаныя «пісаўцы», за амерыканцамі ён не будзе. Гэта ўсё ж такі еўрапейскі чалавек», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Існуючыя ж пытанні ў двухбаковых адносінах, напрыклад, праблему нелегальнай міграцыі, польскія ўлады выкарыстоўваюць выключна ў сваіх папулісцкіх мэтах у час перадвыбарнай гонкі. Прычым даходзіць да абсурду, заўважыў Прэзідэнт: тое ж пытанне аб зносе сцяны на граніцы з Беларуссю выносіцца на рэферэндум. А з мігрантамі польскі бок абыходзіцца самым бязлітасным чынам.

«Яны ж забіваюць іх і выкідваюць на нашу тэрыторыю. Вось такая ў іх «дзярмократыя», — канстатаваў беларускі лідар.

Аб беларускіх паляках і каранях губернатара-прабеларуса

Беларусы не хочуць, каб палякі лічылі іх чужымі людзьмі, ворагамі, падкрэсліў ён. «Мы не хочам, каб палякі лічылі нас чужымі людзьмі, ворагамі. Мы ніколі не ставілі сваёй мэтай нават не ваяваць — абвастраць з палякамі адносіны. Нам гэта не трэба. У нас 200-250 тысяч палякаў жыве. Праўда, нашых. Гэта «мае» палякі. Я заўсёды так падкрэсліваю: гэта палякі, але гэта «мае» палякі. І яны не хочуць у Польшчу ехаць, яны тут жывуць і будуць жыць. Яны праблем ніякіх не ствараюць», — заявіць Аляксандр Лукашэнка.

«Яны ў нас ва ўладзе, гэтыя палякі. У нас няма прынцыпу, што паляк — значыць, да ўлады блізка не падыходзь», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы жартам (ці не) заўважыў, што, магчыма, і ў губернатара Брэсцкай вобласці Юрыя Вітольдавіча Шулейкі польскія карані. «Губернатар на захадзе! Я ніколі пытанняў гэтых не задаваў, назначаючы яго на гэту пасаду. Таму што я ўпэўнены, што гэта прабеларус. І нават калі ў яго там карані (я, праўда, не ведаю, але дай Бог, каб у цябе карані там былі), гэта лідар разам з гродзенскім губернатарам у нашай краіне», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Я абсалютна інтэрнацыянальны чалавек. І я не хачу, каб палякі думалі, што Лукашэнка вораг Польшчы. Гэта ж так падаюць народу. А што такое Лукашэнка — гэта Прэзідэнт Беларусі. Значыць, і беларусы такія. Я вось гэтага не хачу. Я хачу, каб палякі ведалі, што тут адбываецца», — сказаў Прэзідэнт.

Менавіта з гэтай прычыны Беларусь увяла бязвізавы рэжым для сваіх заходніх суседзяў. А іх улады, наадварот, спрабуюць пераканаць сваё насельніцтва, што ў Беларусі іх чакае небяспека, маўляў, беларускія спецслужбы вярбуюць гасцей з Польшчы, Літвы і Латвіі. «Якое глупства! Безгаловыя. Яны ўжо нічога не могуць прыдумаць істотнага, каб з намі змагацца. Ніхто іх не хапае на граніцы і не вярбуе. Гэта было б глупства несусветнае. Не дай Бог я даведаўся б пра гэта. Яны перакрэслілі б усё, што мы робім па адкрытасці, адсутнасці віз», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Людзі разбяруцца ва ўсім. Не хачу ўмешвацца ў іх выбары, але хачу, каб палякі не думалі, што тут жывуць іх ворагі. Мы былі добрымі для іх суседзямі і будзем», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Не прымушаць, а прасіць і растлумачваць, або Галоўныя прынцыпы работы з выбаршчыкамі

Журналісты пацікавіліся падрыхтоўкай да будучай выбарчай кампаніі і папрасілі пракаменціраваць асобныя заявы пра нібыта прадвызначанасць вынікаў выбараў.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што дзяржава не ўтойвае свайго намеру ўплываць на выбарчы працэс, але толькі ў той частцы, якая датычыцца работы з людзьмі, растлумачэння выбаршчыкам, чаго на самай справе варты той ці іншы кандыдат, каб ніякія мярзотнікі не змаглі скарыстацца сітуацыяй. Да таго ж органы ўлады на месцах так ці інакш будуць задзейнічаны ў арганізацыі выбарчага працэсу, паколькі ЦВК не валодае дастатковай штатнай колькасцю супрацоўнікаў для гэтага.

Аднак Прэзідэнт выключыў якія-небудзь спробы націску на выбаршчыкаў: «Людзей трэба прасіць, ім трэба расказваць. І ў гэтым заключаецца роля кіраўнікоў палат парламента, губернатараў, усёй вертыкалі ўлады — данесці праўду да людзей».

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў важнасць забеспячэння пераемнасці ў парламенце. «Нам вопыт патрэбны. Нельга (так, каб. — Заўвага БЕЛТА) вось агулам усіх змялі, прыйшлі новыя і год-паўтара (я ж працаваў у парламенце) не будуць ведаць, у якія дзверы зайсці», — сказаў Прэзідэнт.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, ці ёсць верагоднасць таго, што пры ўмяшанні краін Захаду на маючых адбыцца выбарах паўторыцца што-небудзь з падзей 2020 года, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Не паўторыцца. Гэта немагчыма». У Беларусі ўжо не вераць у добрыя намеры калектыўнага Захаду, паколькі пасля таго, як у краіне ў 2020 годзе адбыліся дэмакратычныя выбары, ніхто на захадзе «дзякуй» не сказаў.

«Цяпер мы з імі гульні на полі дэмакратыі ладзіць не будзем. Мы будзем выключна падыходзіць са сваіх пазіцый. Таму што мы ўбачылі, што гэта за «дэмакратыя», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ўлічылі вопыт, атрыманы падчас выбарчай кампаніі 2020 года: «Мы ўжо гэтага наеліся, мы людзі вопытныя».

«Няхай нават не разлічваюць расхістаць Беларусь. Мы гэтага не дазволім. У тым ліку і таму, што ёсць вы, і за вас я нясу персанальную адказнасць. Я маю на ўвазе — прыхільнікі, якія зрабілі стаўку на Прэзідэнта, у тым ліку і сілавікі. Я за вас адказваю, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І я, і ўсе мы нікому не дазволім краіну расхістаць. Гэта ваша краіна. Тыя, хто расхіствае, ведаюць, да чаго гэта прывядзе».

Каб грошы дайшлі да дзяцей. У якой справе ўлада просіць дапамогі людзей

Кіраўніку дзяржавы таксама было зададзена пытанне наконт рэзананснай крымінальнай справы аб забойстве бацькамі іх трохгадовага сына і падрабязнасцей аб ладзе жыцця сям’і, што высветліліся ў ходзе расследавання і слухання ў судзе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў такіх сітуацыях, безумоўна, важна роля грамадства, якое не павінна быць абыякавым да таго, што адбываецца вакол, і своечасова рэагаваць, прымаць меры.

Падтрымка шматдзетных сем’яў з боку дзяржавы, паводле слоў Прэзідэнта, мае вялікае значэнне, таму што трэба паляпшаць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне. Але сістэму неабходна выбудаваць так, каб дапамога была адраснай — на дзяцей. І ў гэтым сэнсе трэба арганізаваць кантроль за мэтавым выкарыстаннем такой дапамогі.

«Каб грошы, якія дзяржава перадае дзецям, даходзілі да дзяцей. Якая гэта будзе сістэма, шчыра кажучы, я не ведаю. Гэта няпростая будзе работа, і сістэму гэту распрацаваць будзе складана. Але толькі ведаю, што без вас мы гэтага не зробім. У гэтым нам павінны дапамагчы людзі на месцах. Але гэта трэба рабіць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Улада, мы павінны выпрацаваць такую схему, сістэму паводзін, каб ведалі, што за сям’я. На месцах людзі ведаюць. Калі мы, атрымаўшы інфармацыю, убачылі б, што гэта алкашы і яны, атрымаўшы дапамогу, яе прап’юць, то мы ўжо самі кармілі б гэтых дзяцей, апраналі, у школу адпраўлялі і вучылі там», — дадаў Прэзідэнт.

Фонд Першага — гарантыя, што грошы не будуць раскрадзены

Адказваючы на пытанні журналістаў у час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць, Аляксандр Лукашэнка расказаў падрабязнасці пра створаны фонд Першага.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ідэя стварыць у краіне адзіны фонд пад патранатам Прэзідэнта была выказана ім даўно, а рэалізавана — адносна нядаўна. Перш за ўсё фонд Першага створаны для мэт дабрачыннасці — каб сабраць сродкі ў адным месцы і аказаць дапамогу тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу.

«Галоўнае, што мы зможам акумуляваць грошы тых, хто неабыякавы. І з майго боку — гарантыя таго, што гэтыя грошы раскрадзены не будуць», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Пакуль фонд не пачаў актыўную дзейнасць: на яго рахунку пакуль адсутнічаюць паступленні, яшчэ няма кіраўніка і гэтак далей.

«Я, можна сказаць, сваё імя туды аддаў — фонд Першага, каб мы маглі сабраць нейкія грошы і дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Гэта галоўная яго задача», — дадаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што пасля закрыцця шэрага фондаў і арганізацый, якія пад выглядам дабрачыннасці і іншай грамадскай дзейнасці спрабавалі ў 2020 годзе расхістаць абстаноўку ў краіне, аказалася цяжкім знайсці спосаб, каб паўдзельнічаць у дабрачыннасці. «Мы прыкрылі тут. І тыя, хто нам дапамагаў і хочуць дапамагчы, — юрыдычна не могуць. Тады я гавару: давайце пад эгідай Прэзідэнта створым гэты фонд, адкрыты абсалютна, каб людзі, якія ў гэты фонд уносяць сродкі, разумелі, куды ідуць гэтыя грошы», — сказаў беларускі лідар.-



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *