«Зара» мая — жыццё маё…»: искренней строкой о работе и районной газете рассказывает Лариса Павловская

Они живут рядом

Знаёмства з газетай — гэта як знаёмства з новым чалавекам. Які ён? Пра што думае, якіх прынцыпаў прытрымліваецца? Што лічыць важным у жыцці? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукала і я, калі прыйшла на працу ў Бешанковіцкую раённую газету «Зара» ў чэрвені 2002 года. Менавіта тады мужа перавялі па службе ў мясцовы раённы ваенны камісарыят ваенным камісарам. Следам за ім у прыгожы гарпасёлак на маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны пераехала і наша сям’я.

Калектыў рэдакцыі «Зары», фота пачатку 2000-х гадоў.

Рэдагаваў раёнку тады Рыгор Дзмітрыевіч Галкоўскі. Мяне прызначылі адказным сакратаром. Тамара Паўлаўна Семчанка незадоўга да гэтага пайшла на заслужаны адпачынак. Яе пасаду мне і прапанавалі, улічваючы папярэдні вопыт работы ў Чашніцкай раённай газеце «Чырвоны прамень».

Калектыў творчых супрацоўнікаў у Бешанковічах у тыя гады складаўся толькі з мужчын. І я, маладая жанчына. Не схлушу, калі скажу, што часам было нялёгка давесці нейкі асабісты пункт гледжання на тое ці іншае пытанне, але паступова мы знайшлі агульную мову і нават пасябравалі. Інакш і быць не магло: мы рабілі агульную справу, пеставалі адно дзіця пад назвай «Зара».

Не ведаю, як хто, а я газету заўсёды ўспрымала як жывую істоту, якая патрабавала да сябе штодзённай увагі, клопату і пяшчоты ад людзей, што планавалі, вярсталі, рэдагавалі кожны яе нумар. Так здарылася, што Рыгор Дзмітрыевіч заўчасна пайшоў з жыцця, пайшоў вельмі хутка. І мне дасталася спадчына ў выглядзе рэдактарскай пасады.

Пачатак двухтысячных гадоў быў нялёгкім для калектыву супрацоўнікаў рэдакцыі. З-за недахопу грашовых сродкаў затрымлівалася выплата заработнай платы, жадала быць лепшай і матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. Напрыклад, выпуск газеты ўжо быў пераведзены на настольна-выдавецкі комплекс, нумары для друку перадаваліся ў Віцебскую абласную друкарню па каналах сувязі, а неабходны для гэтага камп’ютар не працаваў. Газету на ўстройстве памяці даводзілася дастаўляць у абласны цэнтр на старэнькім аўтамабілі…

Але гэта толькі пад ляжачы камень вада не цячэ. Паступова вырашылі свае праблемы і мы. З дапамогай сваіх заснавальнікаў — раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, пры рэжыме строгай эканоміі бюджэтных і ўласных грашовых сродкаў набылі новыя выдавецкія комплексы, неабходную аргтэхніку, правялі лакальную сетку, сваімі сіламі абнавілі шпалеры на сценах, пафарбавалі вокны, дзверы, падлогу. На вокнах у кабінетах з’явіліся жалюзі, купілі лічбавыя фотаапараты, новенькі аўтамабіль «УАЗ». За ім мы з вадзіцелем Леанідам Мікалаевічам Семянідам ездзілі аж у Магілёў.

Творчыя супрацоўнікі — загадчык сельгасаддзела, а затым адказны сакратар Анатоль Вячаслававіч Крачкоўскі, загадчык аддзела пісьмаў Эдуард Мікалаевіч Земляны, фотакарэспандэнт Леанід Мікалаевіч Акулёнак, вадзіцель Віктар Віктаравіч Кавалёў, кур’еры-прыбіральшчыцы Галіна Анатольеўна Хмызава, Дзіяна Дзмітрыеўна Талсташова і іншыя члены нашага невялічкага калектыву не толькі выконвалі свае непасрэдныя службовыя абавязкі, але і па першай просьбе дапамагалі з добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі (чаго толькі каштавала ўборка велізарных пнёў пад вокнамі рэдакцыі!), выязджалі ў сельгаспрадпрыемствы на дапамогу ва ўборцы ўраджаю, падглядалі адміністрацыйны будынак, бо такой рабочай адзінкі ў штатным раскладзе не было прадугледжана. Так што мужчыны ў рэдакцыі — гэта вунь як цудоўна!

Апрача газеты, наш калектыў выпускаў у эфір і праграму «Бешанковіцкае раённае радыёвяшчанне», якую вяла і рыхтавала Любоў Дзмітрыеўна Грыгаровіч. Пазней на яе месца была прызначана Анжэла Рыгораўна Людына, якая зараз працуе ў Мінску. А яшчэ пры Бешанковіцкай рэдакцыі з 2002 года дзейнічала свая друкарня. Калі газета стала выдавацца ў Віцебску, маленькі калектыў друкароў з шасці чалавек, што раней адносіўся да Чашніцкай узбуйненай друкарні, узяла пад сваё крыло газета. Так людзі на нейкі час захавалі свае рабочыя месцы, а раён не страціў рэдкую на той час вытворчасць. Дарэчы, такіх рэдакцый, дзе ў складзе адной установы дзейнічалі б газета, радыё і друкарня, у вобласці было не так ужо і многа. У 2012-м, напрыклад, усяго дзве. У нас і ў Лепелі.

Шматгранная дзейнасць установы патрабавала штодзённай увагі, поўнай аддачы не толькі ад мяне, як кіраўніка, але і кожнага супрацоўніка. Да майго прыходу на пасаду без дзяржаўнай рэгістрацыі выходзіла ў эфір праграма раённага радыёвяшчання, без ліцэнзіі ажыццяўлялася паліграфічная дзейнасць, па друкарні і рэдакцыі давялося практычна з нуля распрацоўваць неабходны пакет дакументаў. Дзякуй майстру Веры Сцяпанаўне Судак, якая мела спецыяльнасць паліграфіста, падказвала, дапамагала, а потым, калі ад высокага друку перайшлі на рызаграфічны, правялі мадэрнізацыю вытворчасці, а за ёй і вымушанае скарачэнне штатаў, сама асвоіла камп’ютар, стала за рызограф, каб выконваць заказы на выраб бланачнай і часопіснай прадукцыі.

Паліграфісты «Зары» ў складзе В. С. Судак, М. Д. Галкоўскага, Н. М. Мамойкі, К. І. Аксюты, Л. М. Карбоўскай, Г. Д. Аленікавай і тады, калі друкавалі «Зару», і пазней, калі выраблялі бланачную прадукцыю, працавалі годна, без зрываў, выконвалі ўвесь цыкл работ па размотцы, рэзцы паперы, друкаванні, з’яўляліся сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. Ім не трэба было ­тлумачыць. Людзі добра ведалі свае абавязкі, выконвалі іх як след. Пазней на дапамогу Судак прыйшла моладзь. Друкарскай справе Вера Сцяпанаўна навучыла Вольгу Аскеру, Ксенію Мінёнак і не толькі іх.

Якой павінна быць раённая газета, калі вакол столькі іншых выданняў? Як захаваць і пашырыць чытацкую аўдыторыю? Гэтыя пытанні пастаянна хвалявалі наш калектыў. Захоўваючы лепшыя традыцыі «Зары», накопленыя вопытам папярэдніх пакаленняў бешанковіцкіх журналістаў, мы імкнуліся цікава і змястоўна падаваць інфармацыю з месцаў, асвятляць палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае і культурнае жыццё рэгіёна. У практыку работы ўвялі перспектыўнае і бягучае планаванне нумароў з улікам найважнейшых дзяржаўных праграм, грамадска-палітычных задач і мерапрыемстваў, штотыднёвыя планёркі, калектыўнае абмеркаванне выпускаў газеты.

Як роднаму і блізкаму чалавеку, з дня ў дзень мы выбіралі для газеты тэматыку, клапоціліся, каб «Зара» мела прывабны знешні выгляд, была цікавай як па змесце, так і па ўнутраным напаўненні. Нешта падавалася зрабіць добра, недзе, магчыма, атрымлівалася не зусім так, як таго хацелася б. Бо на ўсё ёсць свае прычыны. Але тое, што газету на Прыдзвінні любілі і любяць, бясспрэчна.

Каб павялічыць інфармацыйную насычанасць выдання, тэматычны і жанравы дыяпазон, яго аб’ём быў павялічаны спачатку да 10 палос у тыдзень, а з 2008 года — да 12. «Зара» набыла свой паўнавартасны сайт, яе сталі прадаваць у кіёсках «Белсаюздруку». У студзені 2009 года рашэннем раённага выканаўчага камітэта пятнічныя нумары газеты былі пераведзены на каляровы друк, што дазволіла палепшыць таксама ­якасць афармлення, дызайна і паліграфічнага выканання раёнкі, яе эстэтычны выгляд. Над гэтай няпростай задачай вынікова працавалі аператары электроннага набору і вёрсткі Вольга Сяргееўна Вілюга, Наталля Іванаўна Іўчанка, Наталля Міхайлаўна Берасцень. За парадкам у бухгалтарскай дакументацыі ўсе гэтыя гады сачыла Таццяна Васільеўна Шчука. Як вынік, тыраж газеты падвышаўся больш за 2600 экземпляраў, а доля «Зары» ў агульным аб’ёме падпіскі па раёне складала амаль 18%.

Намаганні калектыву не заставаліся незаўважанымі. У тым ліку і неаднаразовыя ўдзелы бешанковіцкіх журналістаў у абласных творчых конкурсах, дзе мы не раз перамагалі ў спаборніцтвах па асвятленні пытанняў прававой, экалагічнай тэматыкі. У 2007 годзе калектыў газеты за высокі прафесійны ўзровень, аб’ектыўнае і ўсебаковае асвятленне падзей грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага жыцця Бешанковіцкага раёна быў узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Узнагароджваліся разнастайнымі граматамі, падзякамі і дыпломамі таксама не раз кіраўніцтва, работнікі, ветэраны рэдакцыі.

Вопыт і маладосць павінны ісці побач. Так было заўсёды. Сёння ўжо і не падлічыць, колькі людзей на працягу больш як дзевяці дзесяцігоддзяў працавала ў «Зары». Спецыялістаў, якія стваралі газету, рабілі ўсё для таго, каб бешанкавічане маглі рэгулярна даведвацца свежыя навіны з жыцця раёна, быць у курсе ўсіх падзей, што адбываюцца на Прыдзвінні. Мне пашчасціла ведаць былога рэдактара «Зары» Уладзіміра Арцёмавіча Ганковіча, ён быў у нас частым госцем, карэктара Віктара Піліпавіча Семяніду, што аддаў журналістыцы ў «Зары» 31 год свайго жыцця. Пазнаёміцца з рэдактарам Міхаілам Несцеравічам Прыгожым, былым адказным сакратаром — намеснікам галоўнага рэдактара Тамарай Паўлаўнай Семчанка, яна адпрацавала ў раёнцы амаль чатыры дзесяцігоддзі. Таленавітыя, разумныя, самадастатковыя людзі. Частка іх душы таксама ёсць на старонках архіўных падшывак газеты, а прыдзвінцы старэйшага пакалення па-ранейшаму звязваюць іх прозвішчы з раёнкай.

Дзейнасць рэдакцыйнага калектыву ніколі не абмяжоўвалася рамкамі рабочага дня. Мы жылі газетай, тады як чытачы бачылі толькі канчатковы прадукт нашай працы — яе чарговы нумар. У час шматлікіх святаў, юбілеяў, мерапрыемстваў, арганізаваных па лініі прафсаюзнага камітэта ці творчага саюза журналістаў, ветэранаў Зою Францаўну Петрушэўскую, Еўдакію Захараўну Казак, Лідзію Іванаўну Берасцень і іншых заўсёды ўспаміналі добрым словам, дасылалі ім да святаў паштоўкі і віншаванні, пры магчымасці ўручалі падарункі.

Нямала часу забірала і праца з маладымі спецыялістамі. За больш як дзесяцігоддзе маёй рэдактарскай дзейнасці свае першыя крокі на журналісцкай ніве ў «Зары» зрабілі Анжэла Людына, Святлана Варошка, Алена Шыёнак (цяпер Марозава), Юлія Дубро, Марына Белавус (цяпер Пясецкая), Павел Чуйко, Марыя Усава. Амаль усе яны засталіся ў прафесіі. Юля, напрыклад, працуе на тэлебачанні, Павел, які прыйшоў у газету літаральна са школьнай парты, стаў фотакарэспандэнтам. На сваёй малой радзіме працуе галоўным рэдактарам Святлана Варошка, Алена Марозава перайшла на працу ў лясгас, Марына Пясецкая ўзначальвае сектар культуры ў райвыканкаме.

Дарэчы, выпускнікі Бешанковіцкага раёна амаль штогод выбіралі прафесіі, звязаныя з журналісцкай, выдавецкай справай. Гэта ў тым ліку і плён той актыўнай прафарыентацыйнай работы, якая вялася са школьнікамі. Творчыя рэкамендацыі атрымлівалі лепшыя з лепшых юных карэспандэнтаў: Міхаіл Маціеўскі, Вікторыя Апанасёнак, Кацярына Керэмша і іншыя.

Так, газета не жыве адным днём. Змястоўныя цікавыя матэрыялы помняцца, як і незлічоныя цікавыя сустрэчы, архівы захоўваюць нумары рознага часу. А што важней за ўсё — памяць людзей. Дзякуй за яе бешанкавічанам, вашу ўвагу і павагу асабіста я адчуваю пастаянна, пры кожнай нашай сустрэчы.

Шчыра віншую сваіх сённяшніх калег і ветэранаў рэдакцыі з прафесійным святам! Даўгалецця вам, маладосці душы, удзячных чытачоў і толькі добрых навінаў! Поспехаў, мудрасці і квітнення!

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ, галоўны рэдактар «Зары» ў 2003-2013 г.г.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *