У Бешанковіцкім раёне стартавала сяўба. Першымі свае трактары на палеткі вывелі рупліўцы КСВУП «ПалітаддзелецАгра».

У чаканні спрыяльнага для палявых работ надвор’я аграрыі ўсебакова рыхтаваліся да пасяўнога сезона, прадумвалі кожную дробязь арганізацыйных момантаў. Таму, калі глеба дазволіла, тут жа выйшлі ў поле.
Галоўны палітаддзельскі сейбіт – Алег Марціновіч. Падрыхтоўка глебы – задача Васіля Стахаевіча і Максіма Саўчанкі. Ворывам займаюцца Аляксандр Марціновіч і Аляксандр Сімака. Усе ў справе далёка не навічкі – вопытныя. На момант нашага візіту ў гаспадарку на рахунку працаўнікоў было ўжо 35 га аўса.
«У мінулым годзе пры падтрымцы дзяржавы набылі пасяўны агрэгат, а таксама два – для падрыхтоўкі глебы і «МТЗ-3522», яшчэ адзін такі трактар – сёлета, – расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатоль Сарока. – У нас усё ёсць для таго, каб хутка падрыхтаваць глебу і якасна правесці сяўбу. Галоўнае – каб надвор’е не падводзіла. Аднак стаўку робім на столькі на тэхніку, колькі на працаўнікоў. У напружаную пару адказнай сельскагаспадарчай кампаніі яны гатовы недаспаць, недаадпачыць. Рупліўцы, чыя праца мае непасрэднае дачыненне да кожнага з нас, да харчовай бяспекі і эканамічнай стабільнасці краіны ў цэлым».
Работы наперадзе чакаецца шмат. Плануецца пасеяць 1519 га яравых культур, яравым рапсам заправіць 150 га. Азімых збожжавых пасеяна 1221 га, азімага рапсу – 490 га. Несумненна, у гаспадарцы задзейнічаюць усе сілы і рэсурсы, каб справіцца з работай у аптымальныя агранамічныя тэрміны.
Марыя САНЬКО.




