Знаете, что из национальных блюд предлагают в Бешенковичах? - Зара Бешенковичи
Close
Курс валют: $ 2.8328 | € 3.3368 | ₽100 3.7438 | 
 Погода в Бешенковичах: 7 °Cпасмурно

Знаете, что из национальных блюд предлагают в Бешенковичах?

Рэспубліканскі праект «Кожная пятніца – роднае, сваё» рэалізуецца ў нашай краіне. А ці ведаеце вы, што з нацыянальных страў прапануюць у Бешанковічах? Зазірнулі ў кафэ «Манга», паглядзець, што з «роднага» можна тут паспрабаваць.

photo_2026-02-27_14-22-34

«Манга» размяшчаецца ў цэнтры Бешанковіч, на працягу дзесяцігоддзя з традыцыйных страў тут аддаюць перавагу бульбяному духмянаму супу з пампушкамі, патэльні з бульбай і яйкам (а цяпер яшчэ і з хатнімі каўбаскамі), палескай салаце. Гэтыя стравы ў меню ледзь не з самага першага дня дзейнасці кафэ, толькі штосьці падавалася да стала ў розных варыяцыях. Напрыклад, патэльня раней была з грудзінкай. А яшчэ ёсць навiнкi – верашчака па-шляхецку ў гаршчочку і печаныя яблычкі з тварагом і мёдам.

«Мы ў «Манга» вельмі любім беларускую кухню, яна смачная, сялянская, шчырая. Для праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё» мы выбралі стравы, што найлепш перадаюць дух нашай краіны, – расказала дырэктар ПВГУП «Рэум» Вікторыя Каваленка. – Гэта і знакамітая верашчака, і простая, але такая любімая, смажаніна на патэльні. Сервіруем стол так, каб было прыгожа і сучасна, каб маладыя людзі таксама хацелі спрабаваць тое, што елі іх продкі».

«Бульбяны суп з пампушкамі»

Лёгкі, але сытны. Празрысты булён, сакавітая гародніна і тое, без чаго страву не ўявіць – гарачыя пампушкі, шчодра нацёртыя часныком і прысыпаныя кропам. Пальчыкі абліжаш! Суп, які грэе сэрца!

«Верашчака па-шляхецку ў гаршчочку»

Старадаўняя страва, што вяртае нас у часы шляхецкіх застолляў. Смачная, багатая падліва з каўбаскамі і мясам, з галушкамі, томленая ў печы. Падаецца ў сапраўдным гліняным чыгунку, каб захаваць цяпло і водар. Адчыняеш вечка – і адразу паплыў дух беларускай кухні. Ідэальна есці драўлянай лыжкай.

«Сялянская патэльня: бульба, яйка і хатнія каўбаскі»

Гарачая патэльня, якая аж скварчыць! Смажаная бульбачка з хрумсткай скарыначкай, сакавітыя хатнія каўбаскі і сонечны яечны жаўток. Усё так і падаецца на патэльні, каб госці адчулі сябе на сапраўднай вясковай кухні. Проста, шчыра і вельмі смачна. Страва для настрою!

«Палеская салата: дары лесу і поля»

Прапануе «Манга» і салату з характарам Палесся. Сытная і шчодрая страва сабрала найлепшыя традыцыі: сакавітае мяса, духмяныя салёныя грыбы, хрумсткія агуркі і свежую зеляніну. Не проста закуска, а паўнавартасная страва, запраўленая любоўю да роднага краю.

«Печаныя яблычкі з тварагом і мёдам»

Дэсерт, які навявае дзіцячыя ўспаміны і мае смак беларускага саду. Салодкія печаныя яблыкі, напоўненыя хатнім тварагом, палітыя духмяным мёдам. Смак натуральны, далікатны. Выдатнае завяршэнне трапезы, а яшчэ – ідэя для перакусу.

* * *

Прадукты кафэ выкарыстаўвае нашы, натуральныя, смачныя. Трэба адзначыць, што беларускія стравы тут можна паспытаць не толькі ў пятніцу, некаторыя з іх уваходзяць у комплексны абед і на працягу тыдня.

photo_2026-02-27_14-26-54

!«Сярод нашых гасцей ёсць тыя, хто робіць заказ традыцыйных страў і на вячэру», – адзначае кухар Валянціна Міхайлаўна. Вопытная працаўніца (шчыруе ў кафэ амаль 8 гадоў) ведае густ землякоў. Увогуле ж сваёй прафесіі прысвяціла ўсё жыццё. Добры кухар удасканальвае сваё майстэрства няспынна, расце, робіць новыя адкрыцці. «Працаваць трэба з душой, да кожнай стравы – з любоўю і клопатам. Асабліва люблю нашы, беларускія, бо гэта сэрцу самае блізкае – роднае, сваё!» – кажа Валянціна Міхайлаўна і запрашае: – Прыходзьце абавязкова! Смачна есці!»

Марыя САНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top