
У гаспадарках раёна актыўна ідзе пасяўная. Плённай працы спрыяюць загадзя падрыхтаваная тэхніка, створаныя запасы насення, паліва і баявы настрой працаўнікоў. На днях мы зазірнулі да рупліўцаў ЗАТ «ААБ-Агра Наватар».
На полі ля Вяжышча поўным ходам ішла сяўба яравой пшаніцы, далей, у бок Соржыцы, ва ўрочышчы – падрыхтоўка глебы. Наватарскія сейбіты – Дзмітрый Сокалаў і Уладзімір Жыгуноў. Да іх планаваў далучыцца яшчэ і Алег Кузьмін, які на той момант займаўся ўзворваннем. Такую адказную справу, як падрыхтоўка глебы, даручылі Аляксею Караліну, Алегу Шынкевічу і Руслану Валатко. Культывацыя – задача Аляксандра Радкевіча і Аляксандра Спірыдзёнка.

На падкормцы задзейнічаны Віктар Тырсаў, Іван Янекін. Арганіку на палеткі ўносяць Дзмітрый Міленка і Аляксандр Міленка, Алясандр Мазур. На пагрузчыку – Мікалай Мічтоў. З веданнем справы на дастаўцы і загрузцы насення шчыруюць Аляксандр Сінякоў і Аляксандр Нізаўцоў. Хімпрополка пасеваў – фронт работ Васіля Праснякова, ваду падвозіць Валерый Кавалеўскі.

Поспех веснавой кампаніі найперш вызначаюць добрая арганізацыя работ на палетках і прафесійнае майстэрства аграрыяў. У нашых землякоў усё гэта ёсць. Кожны з іх ведае, што ад яго залежыць, наколькі хутка, арганізавана пройдзе пасяўная.
Сёлета яравы клін у гаспадарцы складае 1490 га. Настрой у механізатараў выдатны. Рабочы час бяжыць неўпрыкметку, бо шчыруюць яны з усіх сіл, прыкладаюць нямала старання, каб веснавыя палявыя работы прайшлі ў самыя аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Гэта ж адзін са складнікаў добрага ўраджаю.





