В ЗАО «АСБ-Агро Новатор» сев кукурузы в самом разгаре

Актуально Заботы сельские

Сёлетняя вясна экзаменуе аграрыяў на трываласць. Упэўненымі крокамі, хоць і не так хутка, як хацелася б, рухаецца пасяўная. Працаўнікі вёскі імкнуцца не збаўляць тэмпаў веснавых палявых работ, бо кожны ведае, што сяўбу трэба правесці адказна, каб быць з ураджаем. Заклалі ў глебу яравыя збожжавыя, зернебабовыя, цяпер увага засяроджана на кукурузе.

У ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». напрыклад, царыца палёў зойме самую вялікую ў раёне плошчу — 1200 га (200 з іх  адведзена   на зерне),  405 га  ўжо пасеялі.  Збожжавымі  і зернебабовымі заправілі 2200 га, 300 га плануюць заняць просам. Палівам забяспечаны, праўда, бывае, падводзіць тэхніка. Аднак і з ёю праблемы вырашаюцца. Сяброўскае плячо падстаўляе «Тэра Ностра», выручае глебаапрацоўчым і пасяўным агрэгатамі. Паралельна ідзе ўнясенне арганікі, хімпраполка
азімых і іншыя віды работ.

Стаўку наватарцы, улічыўшы сюрпрызы нябеснай канцылярыі, зрабілі на гібрыдныя гатункі кукурузы — «Палескі», «Аутэнс» і «Півіха». Магутны «МТЗ-3522» з «Pronto» Руслана Васільевіча Валатко заўсёды на перадавой сяўбы. На момант нашага візіту на рахунку галоўнага сейбіта гаспадаркі было больш за 200 га кукурузы. Механізатар ён вопытны, хоць у «Наватары» толькі чатыры гады, але ж амаль чвэрць стагоддзя ў дадзенай сферы шчыруе, усімі відамі палявых работ авалодаў дасканала. Любоў да зямлі ідзе ад бацькі, які таксама працаваў на трактары і часта браў сына з сабой, пакатацца і навучыць нялёгкай вясковай працы. Пасля школы Руслан Васільевіч і сам сеў за штурвал «МТЗ».

– Даўно такой вясны не было, звычайна ў гэты час мы ўжо дасяваем апошнія гектары,— перажывае працаўнік.— Сёлета, як і кожны год, закладваючы залатыя зярняты ў глебу, таксама будзем спадзявацца на добрыя вынікі. Што было ў нашых сілах, мы зрабілі. Гэты факт крыху супакойвае.

…Зелянеюць на палетках сельгаспрадпрыемства травы, квітнеюць, насычаюць паветра сваім непаўторным водарам. У працаўніка на тое, каб палюбавацца прыгажосцю — некалькі імгненняў, пакуль напоўняць бункер пасяўнога агрэгата. Гэтую рамантыку вясковага жыцця мужчына, як і ўсе яго калегі, у каго душа баліць за ўраджай, ні ў якім разе ніколі не памяняе на гарадскую мітусню.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *