Свята мёду, прыгажосці і здароўя прайшло 8 верасня ў раённым Доме культуры

2017 год - Год науки

Свята мёду, прыгажосці і здароўя, якое прайшло 8 верасня ў раённым Доме культуры, стала значнай падзеяй у культурным жыцці Бешанковіччыны. Такога роду мерапрыемствы – добрая традыцыя ў многіх раёнах вобласці, і нашы пчаляры вырашылі ўзяць з іх прыклад. На жаль, свята мела меншы поспех, чым таго чакалі арганізатары, але гэта ні ў якім разе не адбілася на агульным настроі яго ўдзельнікаў.

Пра карысныя якасці мёду вядома практычна кожнаму, чалавек спрадвеку выкарыстоўвае яго ў самых разнастайных мэтах. Гэта не проста салодкае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі з нектара, а найкаштоўнейшы дар прыроды, у склад якога ўваходзіць больш за 500 кампанентаў, неабходных чалавеку.

Пчолы з’явіліся на зямлі прыкладна 80 мільёнаў гадоў таму. Нават першабытныя людзі ведалі, што такое мёд, і разнастайнымі спосабамі імкнуліся яго здабываць, руйнуючы гнёзды і забіраючы ў дзікіх пчол ўсе іх запасы мёду. У цяперашні час працэс атрымання мёду якасна змяніўся, шмат з’явілася ўдасканаленага інвентара, абсталявання, якія значна палягчаюць і паляпшаюць працу пчаляроў.

Асабліва вялікая роля пчол у павышэнні ўраджаю сельскагаспадарчых культур.

– У нашым раёне шмат культур, якія патрабуюць перакрыжаванага апылення, забяспечыць якое могуць толькі меданосныя пчолы, – кажа старшыня раённай арганізацыі пчаляроў Міхаіл Піскуноў. – Толькі вось нашы сельгасвытворцы не спяшаюцца выкарыстоўваць працу пчол. Сёння ні адна гаспадарка раёна не мае пчальнікоў. Затраты ж на гэтыя мэты безумоўна змогуць акупіцца больш высокімі ўраджаямі і ў той жа час паслужаць новым імпульсам развіцця пчалярства на Прыдзвінні.

Аб праблемных пытаннях і перспектывах пчалярства ў раёне ў сваім прывітальным слове казаў і пчаляр-прадпрымальнік Пётр Галыня. Ён таксама прапанаваў гасцям свята паўдзельнічаць у віктарыне, кожны правільны адказ на пытанні якой заахвочваўся слоічкам мёду.

У рамках мерапрыемства быў арганізаваны і мядовы кірмаш, дзе пчаляры Міхаіл і Дзмітрый Піскуновы, Пётр Галыня, Аляксандр Скрабец і Віктар Протас прадставілі сваю прадукцыю. Асартымент мог выклікаць здзіўленне нават у самых заўзятых аматараў мёду.

Яркасць святу надала насычаная забаўляльная праграма, падрыхтоўку і правядзенне якой ўзялі на сябе работнікі РДК. Увогуле, усім было цікава, весела і… смачна.

Арганізатары спадзяюцца, што гэтае свята пакахаецца прыдзвінцам і стане больш наведваемым ў наступны раз.

На здымку: на мядовым кірмашы быў прадстаўлены шырокі асартымент мёду.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *