Человек года Витебщины-2015: награды нашли своих придвинских героев

Общество

Урачыстая цырымонія ўшанавання ўладальнікаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» па выніках 2015 года, якая адбылася ў мінулую пятніцу ў канцэртнай зале «Віцебск», стала чарговай яркай старонкай у гісторыі Віцебскай вобласці і кожнага яе рэгіёна. Культурны цэнтр у гэты дзень не толькі прымаў віноўнікаў урачыстасці і шматлікіх гасцей, але і прыемна здзіўляў багаццем прадукцыі айчыннай вытворчасці, што была прадстаўлена на выставе-дэгустацыі ад вытворцаў Віцебшчыны.


Дарэчы, ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны» прысвойваецца з 2009 года з мэтай заахвочвання за заслугі ў садзейнічанні рэалізацыі сацыяльнай і эканамічнай палітыкі дзяржавы і органаў мясцовага кіравання, ажыццяўленні мер па забеспячэнні законнасці і правапарадку, за дасягненні ў галіне навукі, адукацыі і культуры, актыўную грамадскую дзейнасць. Штогод 100 лепшых людзей паўночнага рэгіёна краіны атрымліваюць дыпломы лаўрэатаў, нагрудныя знакі і грашовую прэмію. Білборды з іх фотаздымкамі на працягу года ўпрыгожваюць населеныя пункты вобласці.


Свята ў гонар людзей з вялікай літары і ў гэты раз атрымалася насычаным на незабыўныя эмоцыі і ўражанні. Лаўрэаты звання «Чалавек года Віцебшчыны-2015» з хваляваннем падымаліся на сцэну і прымалі заслужаныя ўзнагароды з рук старшыні аблвыканкама М. М. Шарснёва і словы ўдзячнасці за вытворчую працу. Віншуючы герояў свята, Мікалай Мікалаевіч спыніўся на дасягненнях мінулага года і задачах, якія трэба будзе вырашыць ў бягучым.


«У Віцебскай вобласці ва ўсіх сферах дзейнасці шмат моцных спецыялістаў, мудрых людзей. У нас вялікія рэзервы, рэгіён валодае значным патэнцыялам у эканоміцы», – канстатаваў губернатар. Гаворачы аб аграпрамысловым комплексе, М. М. Шарснёў падкрэсліў, што ён знаходзіцца на важным пераломным этапе, калі далейшы лёс сельгаспрадпрыемстваў будзе вырашаць выхад на самаакупную працу. З прыцэлам на будучыню ствараюцца буйныя інтэграваныя фарміраванні на базе Віцебскага мясакамбіната, Глыбоцкага камбікормавага завода, Аршанскага і Полацкага камбінатаў хлебапрадуктаў, Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі.


– Летась аграрыі сабралі 1 мільён 372 тысячы тон збожжа. Гэта лепшы вынік у гісторыі вобласці за апошнія 40 гадоў. Упершыню сярэдняя ўраджайнасць на Віцебшчыне дасягнула 36,6 цэнтнера з гектара. У гэтым годзе мы павінны выйсці на 40. Гэта ўжо летась змаглі зрабіць 5 раёнаў вобласці (Верхнядзвінскі, Дубровенскі, Пастаўскі, Аршанскі і Бешанковіцкі), – адзначыў Мікалай Мікалаевіч.


Стаіць задача захоўваць і нарошчваць патэнцыял малога і сярэдняга бізнесу, ствараць новыя працоўныя месцы, асабліва ў невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці. У кожным раёне, горадзе павінен быць сфарміраваны пакет прапаноў па перспектыўных відах прадпрымальніцкай дзейнасці, зацверджана праграма стварэння невялікіх прыватных прадпрыемстваў. Плануецца, што ў 2016 годзе ў вобласці створаць не менш за 200 прадпрыемстваў. Асаблівая ўвага будзе надавацца культуры працы, вытворчасці.


– У сучасных умовах, калі нестабільнасць глабальнай эканамічнай сістэмы негатыўна адбіваецца на эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі, Беларусь шукае новыя шляхі для забеспячэння ўстойлівага развіцця. У абноўленай Дырэктыве №3 «Аб прыярытэтных кірунках ўмацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы» вызначаны задачы на бліжэйшую перспектыву: павышэнне ролі навуковай супольнасці ў вырашэнні важных дзяржаўных задач, рост экспартнага патэнцыялу, дыверсіфікацыя экспарту, кардынальнае змяненне якасці кіравання прамысловым комплексам, – падкрэсліў Мікалай Шарснёў.


Губернатар адзначыў, што за кожнай падзеяй, дасягненнем у жыцці рэгіёна стаяць людзі, якія сваёй працай пішуць гісторыю роднага краю. «Вас адрознівае ўменне думаць наватарскі, спалучаць вопыт і майстэрства з імкненнем пастаянна ўдасканальвацца ў прафесіі. Ваш прыклад паказвае, які вялікі патэнцыял людзей у кожнай сферы і наколькі значныя рэзервы для яго развіцця. Прыміце глыбокую падзяку за добрасумленную, самаадданую працу і ініцыятыву. Ваш вопыт – аснова для росту, новых смелых планаў і праектаў», – сказаў, звяртаючыся да лаўрэатаў, старшыня аблвыканкама.


Адказныя і працавітыя людзі – галоўны набытак і багацце Бешанковіччыны. Пра гэта сведчыць тое, што са ста лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» па выніках работы ў мінулым годзе чатыры – прадстаўнікі нашага раёна. Заслужанае права зрабіць невялікі, але слаўны шлях да месца свайго ўзнагароджвання атрымалі трактарыст КСВУП «ПалітаддзелецАгра» Сяргей Мікалаевіч Гусакоў, машыніст аднакаўшовага экскаватара камунальнага ўнітарнага прадпрыемства меліяратыўных сістем «Бешанковіцкае ПМС» Леанід Аляксандравіч Снітко, галоўны ўрач установы аховы здароўя «Бешанковіцкая цэнтральная раённая бальніца» Аляксандр Валянцінавіч Керэмша, дырэктар УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» Ігар Георгіевіч Слівец.


Пра кожнага з нашых землякоў, хто падняўся на сцэну канцэртнай залы «Віцебск», каб атрымаць прэстыжную ўзнагароду, можна сказаць нямала добрых слоў. Думаю, у карэспандэнтаў «Зары» знойдуцца для гэтага эпітэты і параўнанні ў найвышэйшай ступені, а інтэрв’ю і замалёўкі пра людзей з вялікай літары, якія праслаўляюць родную зямлю, упрыгожаць ужо бліжэйшыя нумары раённага друкаванага выдання.


Завяршальным жа акордам урачыстасці стаў вялікі святочны канцэрт, які даставіў нямала прыемных эмоцый гледачам. Была прадэманстравана шматгадовая работа па рэгістрацыі ўнікальных народных строяў усіх раёнаў віцебскага Паазер’я. Удзел у дэфіле рэгіянальных народных касцюмаў прынялі і нашы землякі. Касцюм, выраблены майстрамі раённага Дома рамёстваў, прэзентавала майстар-метадыст па кераміцы Алеся Іванаўна Аўчыннікава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *