Бешенковичская детская районная библиотека признана лучшей в области

Актуально Важное

На выніковым пасяджэнні калегіі ўпраўлення культуры аблвыканкама, якое праходзіла ў Оршы, падвялі вынікі працы за мінулы год, вызначылі задачы на бягучы і ўзнагародзілі лепшых у сферы культуры. Сярод іх філіял “Бешанковіцкая дзіцячая раённая бібліятэка”
ДУК ”Бешанковіцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма“, якому прысуджана прэмія Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта “За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі “Лепшая дзіцячая бібліятэка”. Заслужаную ўзнагароду ва ўрачыстай
абстаноўцы ўручылі загадчыцы бібліятэкай Н. М. Карнаковай.

Н. М. Карнакова, бібліятэкар чытальнай залы Н. М. Галавешка і бібліятэкар абанемента Л. А. Любачка абслугоўваюць 1610 чытачоў, сярод якіх дзеці дашкольнага ўзросту і іх бацькі, школьнікі, выхавальнікі дзіцячых садкоў, настаўнікі, а таксама дзеці, якія прыязджаюць на канікулы да родных. Летась карыстальнікі наведвалі бібліятэку 14164 разы, дакументавыдача склала 28111 адзінак. Кніжны фонд бібліятэкі налічвае 20498 экземпляраў кніг і перыядычных выданняў. У 2020 годзе ён папоўніўся на 697 экземпляраў, сюды прыходзіць 26 найменняў беларускай і расійскай перыёдыкі.

Ключавым звяном пры арганізацыі работы бібліятэкі з’яўляецца яе цеснае супрацоўніцтва са школамі райцэнтра, дзіцячымі садкамі, сацыяльным прытулкам, раённым Цэнтрам дзяцей і моладзі, школай мастацтваў. У мінулым годзе тут прайшлі 89 масавых мерапрыемстваў, аформлена 19 бібліятэчных выстаў. Іх наведалі больш як 2790 чалавек.

— Пачынаючы з 2013 года, — расказвае Н. М. Карнакова, — мы працуем па праекце ”Чарадзейная скарбонка“, мэта якога — далучэнне чытачоў да гістарычнай спадчыны Беларусі. У час мерапрыемстваў знаёмім дзяцей з гісторыяй роднага краю, з каштоўнасцямі беларускай літаратуры і фальклору, з асноўнымі відамі мастацтва, музыкі, паэзіі і літаратуры. Сярод найбольш цікавых — гістарычны экскурс да Года малой радзімы ”Аб той зямлі, дзе ты нарадзіўся“, слайд-шоу ”Каменны летапіс краіны“, віртуальнае падарожжа ”Жамчужына беларускага Паазер’я — Бярэзінскі біясферны запаведнік“, літаратурны відэа-партрэт ”Уладзімір Ліпскі і яго вясёлая азбука“ да 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка і іншыя.

Мудры храм душы

З 2011 года ў бібліятэцы працуе клуб юных кнігалюбаў ”Крынічка“. У 2020 годзе тут праведзены літаратурная гульня ”Казак мудрыя ўрокі“, краязнаўчы ўрок ”У свеце запаветнай прыроды“, гадзіна творчасці ”Са звычайнай бумагі майструем, як магі“, віртуальнае падарожжа ”Бібліятэка — мудры храм душы“.

Тэма малой радзімы была адной з асноўных тэм года. У бібліятэцы аформлена пастаянна дзеючая кніжна-ілюстраваная выстава ”Тут Радзімы маёй пачатак“. Кніжна-прадметная выстава-прагляд ”Традыцыйныя рамёствы майго краю“ пазнаёміла наведвальнікаў з тэматычнымі кнігамі і вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Бешанковіцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Віртуальнае слайд-шоу ”Каменны летапіс краіны“ — з цікавымі звесткамі пра старажытную архітэктуру, помнікі якой захаваліся да нашага часу і сталі жамчужынамі рэспублікі.

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі была аформлена кніжна-ілюстратыўная выстава-памяць ”Слаўнай Перамозе прысвячаецца“. Выставу дапоўніў рэкамендацыйны спіс ”Прастрэленыя памяццю старонкі“. Для аматараў фільмаў на ваенную тэму быў арганізаваны відэасалон ваеннага кіно ”Што такое вайна?“. Разнастайнасцю форм вызначыліся мерапрыемствы па распаўсюджванні здаровага ладу жыцця. Кожны год бібліятэка прымае актыўны ўдзел у акцыі ”Адзіны дзень бяспекі“.

Дапамаглі новыя формы работы

Мінулы год быў няпростым для ўстаноў культуры. Распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі ўнесла свае карэктывы і ў работу бібліятэк. Выканаць даведзеныя паказчыкі, не парваць сувязяў з чытачамі ў многім, па словах бібліятэкараў, ім дапамаглі новыя формы работы, у тым ліку ў сетцы Інтэрнэт.

— Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы культуры,— кажа дырэктар ДУК ”Бешанковіцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма“ Т.М. Курмель,— дазваляе ра-
біць гэта. У дзіцячай раённай бібліятэцы, якая знаходзіцца ў будынку цэнтральнай раённай бібліятэкі і займае тры пакоі агульнай плошчай больш як 128 квадратных метраў, створаны камфортныя ўмовы для знаходжання чытачоў і работы персаналу. Памяшканне абсталявана бібліятэчнай мэбляй, маецца мультымедыйны цэнтр (3 камп’ютары, мультымедыйная ўстаноўка, інтэрактыўная дошка, каляровая і чорна-белая шматфункцыянальныя прылады, ламінатар), які працуе ў чытальнай зале, а таксама два аўтаматызаваныя рабочыя месцы для карыстальнікаў і выхад у Інтэрнэт. Бібліятэка тэлефаназаваная, мае электрон-
ную пошту і старонкі ў сацыяльных сетках: ”VK“ і ”OK“.

Працаваць і ў віртуальнай прасторы мы навучыліся хутка. Інфармацыя пра мерапрыемствы, прэзентацыі, віртуальныя агляды літаратуры ”У дзіцячых кніжак юбілей“, для сямейнага чытання, літаратурны мікс ”Стракатыя старонкі дзяцінства“ дапамаглі наладзіць больш даверлівыя і цёплыя адносіны з дзецьмі і падлет-
камі. У час летніх канікул для тых , хто любіць чытаць, але не ведае, што выбраць, быў арганізаваны бібліятэчны квілт ”Класная кніга“. Правядзенне вершакаруселі ”Якога колеру лета?“ суправаджалася чытаннем вершаў услых. Літаратурная альтанка ”З дзіцячай кнігай я сябрую“ пазнаёміла з навінкамі літаратуры.

Юбілеі пісьменнікаў былі прадстаўлены такімі мерапрыемствамі, як літаратурна-экалагічнае знаёмства да 100-годдзя з дня нараджэння М. Сладкова ”Лес, поўны цудаў“, літаратурная гульня ”Чароўныя казкі братоў Грым“ (да 235-годдзя Я. Грыма), літаратурная гадзіна ”Па слядах лягушкі-падарожніцы“ (да 165-годдзя В. Гаршына), літаратурна-гульнявая праграма да 205-годдзя П. Яршова ”Тайна старой казкі“. На працягу года працаваў відэасалон ”Літаратурная казка“.

Вось і ў дзень нашай сустрэчы бібліятэкары рэалізоўвалі ў жыццё новую задуму: 5 сакавіка адзначалася 125-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы. Каб пазнаёміць юных чытачоў з творчасцю народнага пісьменніка Беларусі, тут чыталі ўслых і запісвалі на відэа яго байкі…

Вольная прастора для дзяцей Ніна Мікалаеўна Галавешка, якая адпрацавала ў бібліятэцы больш за чатыры дзесяцігоддзі, адзначае, што за гэты час формы
і метады работы з дзецьмі змяніліся, але мэта засталася ранейшай — папулярызацыя кнігі і чытання. Для тых, хто любіць майстраваць сваімі рукамі, тут праходзілі майстар-класы па стварэнні кніжнай закладкі, вырабаў з гліны. На свежым паветры праводзіліся PR-акцыі ”З кнігай на лаўцы“, ”Часопісны па-
надворак“, ажыццяўляўся бібліятэчны дэсант у дзіцячы сад ”Кніга — сябру, кніга — малышу“. Працягвала сваю работу доўгатэрміновая акцыя ”Разумны чамаданчык“. Напоўнены пазнавальнымі кніжкамі, ён пабываў у дзіцячых садках і школах. Летняя акцыя ”Кніжны джэм“ прызначалася для тых, хто не
ведае, якую кнігу прачытаць наступнай.

Для паляпшэння якасці абслугоўвання чытачоў бібліятэка аказвае платныя паслугі. Буклеты, арыгінальныя блакноты, размалёўкі для дзяцей, закладкі, календары, іншыя вырабы ў “Лаўцы прыемных дробязяў”, а таксама прэзентацыю бібліятэкі на своеасаблівым стэндзе-справаздачы “У кантакце з кнігай” ма-
глі бачыць усе ўдзельнікі калегіі, а то і пераняць вопыт: у 2020 годзе Бешанковіцкая дзіцячая раённая бібліятэка выканала план платных паслуг на 100,1%
(ці 1741 рубель).

Цікавасць да чытання ў дзяцей стымулюе і аформленая ў бібліятэцы дошка гонару ”Галерэя ганаровых чытачоў“, на якой размешчаны фотаздымкі лепшых
чытачоў года.

— У тым, што раённая дзіцячая бібліятэка атрымала перамогу, з’яўляецца вольнай прасторай для дзяцей, дзе яны самі выбіраюць, што ім рабіць, дзе кожнага ча-
каюць і кожнаму заўсёды рады, заслуга ўсяго калектыву, — упэўнена Т. М. Курмель. — Нашы бібліятэкары ў вогуле вялікія малайцы: летась лепшай сельскай
бібліятэкай на Віцебшчыне назвалі Вярхоўскую, сёлета — раённую дзіцячую. А гэта не толькі званні, але і грашовыя прэміі, якія ідуць на ўмацаванне матэрыяль-
на-тэхнічнай базы ўстаноў культуры. Летась, напрыклад, для Вярхоўскай сельскай бібліятэкі за грошы ад прэміі (30 базавых велічынь) мы набылі ноўтбук і акустычную сістэму. Раённая дзіцячая бібліятэка атрымала прэмію ў памеры 40 базавых велічынь. Гэтыя грошы плануем выкарыстаць для набыцця шасціколер-
нага прынтара для друку і сучасных стэндаў. Віншуем калектыў з перамогай! Будзем спадзявацца, што яна не апошняя!

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *