Труженики КСПУП «ПолитотделецАгро» живут заботами о будущем урожае

Актуально В трудовых коллективах Заботы сельские

Яшчэ нядаўна на бешанковіцкіх палетках гучала песня жніва. Азірнуцца не паспелі, як надышла восень. Для вяскоўцаў яна — перыяд не менш напружаны, чым лета, бо ў гэты час ствараецца задзел пад будучы ўраджай.

Сёлета азімы клін раёна складзе 15000 гектараў. Па дадзеных на 16 верасня, пасеялі 7430 га, ці 49,5% плошчаў. Падрыхтоўку да восеньскай пасяўной КСВУП «ПалітаддзелецАгра», напрыклад, пачало яшчэ ў жніўні. Рупліўцы на 100% выканалі план па сяўбе азімых рапсу і свірэпіцы (па 300 га кожнай культуры). Цяпер — чарга збожжавых, пшаніцай гатунку «Ядвіся» заправілі 363 га. У суботу пачалi засыпаць у бункер пасяўнога агрэгата і зярняткі азімага ячменю гатунку «Ізацэл» (пасеялі 90 га). План па сяўбе азіміны выкананы на 34% (453 га з 1350).

Справа сейбіта даручана Сяргею Мікалаевічу Гусакову. За дзень 26 га — норма для механізатара, але наш перадавік выконвае па 30-35 га. На дапамогу яму накіраваны Яўген Віктаравіч Апатаў, раней заняты на падрыхтоўцы глебы ў звяне разам з Сяргеем Пятровічам Марозавым, Уладзімірам Пятровічам Марозавым, Дзмітрыем Іванавічам Міклушам, Аляксеем Аляксандравічам Аўчыннікавым. Падвозіць насенне Мікалай Пятровіч Надзёжка. На ўнясенні мінеральных угнаенняў задзейнічаны Юрый Іванавіч Валевіч.

Кожнаму з іх вядома, што складнікаў высокага ўраджаю шмат, вылучыць галоўны тут немагчыма. Гэта і захаванне тэхналогіі, і адказнае стаўленне да працы, і якаснае насенне. Вядома, у любой справе ёсць складанасці, але людзі разумеюць: што пасееш — тое і пажнеш. У КСВУП «ПалітаддзелецАгра» ўмеюць працаваць, спалучаючы хуткасць з якасцю. Пакуль поле не ахіне начны змрок і не перашкодзяць дажджы, змена доўжыцца. Менавіта так закладваецца аснова будучых багатых намалотаў. Шчыруюць сейбіты, а з зямлі-матухны ўжо прабіваюцца ўзыходы. З хваляваннем назіраюць за імі ў гаспадарцы — шлях да новага ўраджаю пачаўся сёння, восенню адыходзячага сельскагаспадарчага года. Першыя і самыя значныя крокі зроблены.
 Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *